Цэзар
Мы выстаім. Напагатове будзьце.
Мяркую, не адразу нападуць.
Ён лепшых воінаў на флот адправіў.
Больш вытрымкі — і перамога наша.
Выходзяць .
СЦЭНА 12
На ўзгорках каля Александрыі.
Уваходзяць Антоній і Скар.
Антоній
Збліжаюцца варожы флот і наш.
Пад той сасною ўсё як на далоні.
Пайду я, гляну і назад вярнуся.
Выходзіць .
Скар
Гавораць, ластаўкі зляпілі гнёзды
На суднах Клеапатры. Знак трывожны.
Аўгуры як вады набралі ў рот,
Асцерагаюцца бяду прадказваць.
Антоній то храбрыцца, то сумуе,
То спадзяецца аднавіць былое,
То скардзіцца на лёс.
Здалёку шум марской бітвы.
Вяртаецца Антоній .
Антоній
Прапала ўсё!
Прададзены я подлай егіпцянкай.
Флот здаўся ворагу. Хто б мог паверыць!
Угору шапкі кідаюць і п'юць,
Як даўнія сябры пасля разлукі.
О тройчы нізкадушнае стварэнне,
Мне здрадзіла, купляеш навічка!
Дык ведай, чарадзейка, абвяшчаю
Табе адной вайну, табе адной.
( Скару )
Распусціш войска. А мая задача —
Адпомсціць ведзьме, і тады канец.
Распусціш войска. I ратуйся сам.
Скар выходзіць .
Мне больш не бачыць узыходу сонца!
З Фартунай разлучаецца Антоній:
Бывай навек. Няўжо так павялося?
Прыхільнікі мае, што, як сабакі,
За мною бегалі, хвастом вілялі,
Якім ніколі я не адмаўляў,
Цяпер панеслі роем свой нектар
На кветку Цэзара. А той, хто быў
За іх вышэй, ім не патрэбны болей,
Стаіць адзін, як абадраны дуб.
Ілжывая егіпецкая шлюха!..
Ты сілай чар маё ўхапіла сэрца
1 мной і маім войскам кіравала.
Твае пяшчоты, пацалунак твой
Былі вянцом усіх маіх жаданняў,
I ты, цыганскі вырадак, мяне
Нахабна падманула, абыграла,
Пазбавіўшы ўсяго.— Эрос, сюды!
Уваходзіць Клеапатра .
Што гэта? Ява? Сон? Згінь, ведзьма, згінь!
Клеапатра
Чаму разгневаўся так, уладар мой,
Ты на любоў сваю?
Антоній
Прэч! Згінь, пачвара!
А то я па заслугах адплачу
I Цэзараў трыумф ушчэнт спаганю.
А трэба было б выставіць цябе
На здзек і рогат азвярэлай чэрні,
Каб ты плялася ўслед за калясніцай,
Паскудная, абмазаная ў бруд,
Якім запляміла ўвесь пол жаночы,
Каб разявакі, заплаціўшы грош,
Глядзелі на цябе, як на страшыдла;
I каб Актавія, цябе спаткаўшы,
Ўсадзіла кіпці ў твой агідны твар.
Клеапатра выходзіць .
Жыць хоча, сцерва. Жыць, вядома, лепей.
Але не ўсім. Каб я забіў цябе,
Я б тысячы уратаваў ад смерці.—
Эрос, Эрос! — На мне сарочка Неса [44] На мне сарочка Неса! — Паводле міфа, кентаўр Нес, насмерць паранены Геркулесам за спробу ўкрасці яго жонку, паміраючы, даў ёй сарочку, прамочаную атрутай, якая нібыта магла аднаўляць мужаву вернасць. Геркулес, надзеўшы яе, спярша ашалеў і, схапіўшы за нагу Лікаса, жончынага пасланца, шпурнуў яго ў Эгейскае мора, пасля чаго сканаў у вялікіх мучэннях. Сарочка Неса — сімвал непазбежнага ліха.
!
О Геркулес, пазыч сваю мне лютасць!
Хачу Лікаса я шпурнуць на месяц,
Хачу дубінай цяжкаю тваёй
Раструшчыць найдарожшае на свеце.
Смерць ведзьме! Прадала мяне сапліўцу.
Бач, маладзенькі ўпадабаўся! Змова!
Ёй суджана памерці.— Гэй, Эрос!
Выходзіць .
СЦЭНА 13
Александрыя. Палац Клеапатры.
Уваходзяць Клеапатра, Харміяна, Ірада і Мардзіян .
Клеапатра
Хутчэй дапамажыце! Ён бушуе
Мацней, чым Тэламон [45] Тэламон, што страціў шчыт.— Тут маецца на ўвазе сын саламінскага цара Тэламона, які ад роспачы звар'яцеў, калі зброя забітага Ахіла дасталася не яму, а Адысею.
, што страціў шчыт.
Ён ашалеў, як Фесалійскі дзік [46] Фесалійскі дзік — міфічнае страшыдла, забітае Мелеаграм.
.
Xарміяна
А ты бяжы ў грабніцу і схавайся,
Замкніся ў склепе царскім і сядзі.
Антонію мы скажам — ты памерла.
Лягчэй душы ад цела адарвацца,
Чым страціць сваю сілу ўладару.
Клеапатра
Прытулак мой — грабніца. Мардзіян,
Скажы Антонію, што Клеапатра
Пакончыла з сабой і перад сконам
Прамовіла ў апошні раз: «Антоній!»
Старайся словам і яго расчуліць,
А потым вернешся і мне раскажаш,
Як успрыняў ён смерць маю. Ідзі! —
А мы ў грабніцу ўсе. Хутчэй!
Выходзяць .
СЦЭНА 14
Там жа. Іншы пакой.
Читать дальше