Прыбыццё «Сэн-Мішэля». Паводзіны Ланэка. Нельга, вядома, сказаць, што яны двухсэнсоўныя. Але ж адчувалася ў іх і нейкая няўпэўненасць. Тое самае можна было сказаць і пра Дэлькура. Дый пра ўсіх астатніх, хто быў тады ў порце!
Напрыклад, наводзяць на падазрэнні паводзіны Вялікага Луі. Ён не адправіўся на шхуне ў Кан, а пайшоў начаваць у драг. І было ясна, што быў ён там не адзін.
А крыху пазней стала вядома, што перад тым, як увайсці ў порт, «Сэн-Мішэль» згубіў шлюпку. У канцы пірса быў знойдзены прадмет, дужа незвычайны для гэтага месца: асадка з залатым пяром.
Пірс быў драўляны і стаяў на палях. У канцы яго, каля зялёнага сігнальнага агню, у мора спускалася жалезная лесвіца. Там і знайшлі лодку.
Значыць, на «Сэн-Мішэлі», калі той прыбыў у порт, быў пасажыр, якому важна было, каб у Вістрэаме яго не заўважалі. Ён прычаліў да берага ў шлюпцы, а потым яна паплыла па цячэнні. На верхніх прыступках лесвіцы, калі ён нахіліўся, каб выбрацца на пірс, з яго кішэні выпала асадка з залатым пяром.
Пасажыр схаваўся на адной дразе, куды і прыйшоў да яго потым Луі.
Дакладнасць гэтай лагічнай пабудовы была амаль матэматычная. Растлумачыць гэтыя факты неяк інакш было немагчыма.
Выснова: у Вістрэаме хаваецца незнаёмы. Прыбыў ён сюды не проста так: у яго была пэўная мэта. І быў ён з таго кола людзей, у якім карыстаюцца асадкамі з залатым пяром!
Гэта не марак! І не просты бадзяга! Раз чалавек меў такую асадку, значыцца, і вопратка ў яго была адпаведная. Такога чалавека ў гэтых мясцінах назавуць, вядома, панам.
А зімою ў Вістрэаме такую асобу не могуць не прыкмеціць. Удзень ён драгу пакінуць не мог. Тады, можа, ноччу выберацца дзеля справы, якая яго сюды прывяла?..
Не ў лепшым гуморы згадзіўся Мэгрэ з неабходнасцю сачыць гэтай ноччу за драгаю: гэта ж занятак для вышукніка-пачаткоўца. Гадзінамі трэба будзе сядзець пад дажджом і напружліва ўзірацца ў вычварныя абрысы гэтай драгі.
І прамучыўся ён гэтую ноч марна, нікога не падпільнаваў. А на світанку злаваўся, што не можа прыняць гарачую ванну. Глядзеў на свой ложак і думаў, ці варта класціся на колькі гадзін.
Гаспадар прынёс каву.
— Вы спаць не збіраецеся?
— Пакуль не ведаю. Маглі б вы зрабіць ласку занесці на пошту тэлеграму?
Гэта быў загад інспектару Люка, з якім камісар звычайна вёў разам справу, прыехаць у Вістрэам. Мэгрэ не хацелася зноў правесці ўсю ноч на нагах.
Праз расчыненае акно былі добра бачныя порт, Жарысаў дом, пясчаныя водмелі бухты.
Пакуль Мэгрэ пісаў тэкст тэлеграмы, гаспадар стаяў каля акна і пазіраў на вуліцу. Не надаючы значэння сваім словам, ён сказаў:
— А вунь і капітанава служанка выйшла прагуляцца…
Камісар узняў галаву і ўбачыў Жулі, якая, зачыніўшы брамку, хутка пайшла да пляжа.
— Што ў тым баку?
— Пра што гэта вы?
— Куды яна можа пайсці? Там ёсць дамы?
— Ніякіх дамоў там няма. Проста бераг, на які ніколі не ходзяць, бо там хвалярэз і ямы з цінаю.
— А ёсць якая-небудзь дарога ці хоць сцежка?
— Не! Ад самага вытоку Орны ўздоўж берага адны балоты… Не, забыўся!.. У балотах ёсць буданы для палявання на качак…
Нахмурыўшы лоб, Мэгрэ выйшаў з гатэля. Ён хутка прайшоў праз мост, і, калі выйшаў на бераг, паміж ім і Жулі было толькі нейкіх дзвесце метраў.
Бераг — суцэльная пустка. Адны чайкі з крыкамі лёталі ў тумане. Справа былі дзюны, і камісар зайшоў за іх, каб заставацца нябачным.
Паветра дыхала прахалодаю. Мора было неспакойнае. Белы яго краёчак накатваўся і накатваўся, разбіваючыся, на бераг. Шапацелі раструшчаныя ракавіны.
Жулі не прагульвалася. Яна ішла хутка, захінаючыся ў чорнае паліто. Пасля смерці Жарыса яна не паспела яшчэ справіць сабе жалобную адзежу і насіла ўсё чорнае ці проста цёмнае, што толькі знайшла ў сябе: шарсцяныя панчохі, капялюш з паламанымі палямі, паліто, якое даўно ўжо выйшла з моды…
Ногі яе гразлі ў пяску, і таму паходка была вельмі няроўная. Двойчы яна азіралася, але не прыкмеціла Мэгрэ, які ішоў, хаваючыся за дзюнамі.
Нарэшце, прыкладна за кіламетр ад Вістрэама, яна павярнула направа — і зрабіла гэта так раптоўна, што камісар ледзь не выдаў сябе.
Але ішла яна не да будана, як падумаў спачатку Мэгрэ, а да невялікай будыніны, што самотна ўзвышалася сярод пяску і асакі.
Тварам да мора, метраў за пяць ад таго месца, да якога ў прыліў даходзіла вада, стаяла капліца. Адзін яе мур быў цалкам зруйнаваны. Пабудавана яна была, пэўна, яшчэ некалькі стагоддзяў назад.
Скляпенне было паўкруглае. Пралом у муры даваў магчымасць вызначыць таўшчыню іншых муроў: каля метра кладкі.
Читать дальше