Але ўжо ў самым пачатку паходу чырвоным следапытам давялося крыху затрымацца: пайшлі дапамагаць калгаснікам зграбаць сена.
Таню і Міхася пакінулі дзяжурыць па лагеру, далі заданне прыгатаваць вячэру.
Пакуль Таня, стоячы на каленях, поркалася ля патухлага кастра, Міхась бестурботна махнуў на ўсё рукой і заваліўся спаць у будане з яловых галін. Пераканаўшыся, што адной ёй касцёр не распаліць, Таня падышла да будана і з сілай пацягнула Міхася за ногі. Праціраючы вочы, Міхась вылез са свайго сховішча.
— Ну, што ты ад мяне хочаш?.. І хвіліны не дала паспаць!
— Добрая хвіліна — дзве гадзіны ўжо спіш. Ідзі лепш касцёр распалі. Хутка ўсе прыйдуць, а вячэра яшчэ не гатова.
— Падумаеш, вячэра. Паспеем…
Міхась зноў сабраўся лезці ў будан, але Таня, заўважыўшы, што ў яго разарвана калашына, гучна рассмяялася.
— Дзе ты ўмудрыўся штаны парваць?
— Ды гэта ж ты парвала, калі за ногі мяне цягнула. Ну, заяц, пачакай! — І Міхась пагнаўся за Таняй. Але дагнаць жвавую дзяўчынку не так проста. Міхась зноў вярнуўся да будана.
— Разарвала, дык цяпер зашывай! — сказаў ён, калі Таня падышла бліжэй.
— Падумаеш, напалохаў! І зашыю.
— Ды ты, мамчына дачка, ніколі іголкі ў руках не трымала!
— А цяпер вось вазьму і зашыю.
— Паглядзім, — Міхась схаваўся ў будане, выйшаў адтуль у трусах, працягваючы штаны Тані: — На, зашывай.
— А ты хутчэй касцёр распалі, нам жа трэба вячэру гатаваць. Інакш што нашы будуць есці?
Міхась сеў да кастра і пачаў чыркаць запалкамі. Сапсаваўшы апошнюю з іх, ён вырашыў: «Пайду, знайду крэмень і выкрасаю агонь. Як людзі ў старажытнасці рабілі».
А Таня дастала іголку і ніткі, узяла ў рукі штаны і задумалася: «Сапраўды, як гэта зашываюць?» Нарэшце склала разарваныя палавінкі і пачала няўмела шыць. Шво ў яе атрымлівалася грубае, тоўстае.
Міхась тым часам знайшоў два каменьчыкі, вярнуўся да кастра і ўзяўся высякаць іскру.
Гледзячы, як няўмела ён гэта робіць, Таня засмяялася.
— Відаць, мы з табой аднолькавыя ўмельцы.
— Я мужчына, і шыць для мяне неабавязкова.
— Але ж ты і агонь выкрасаць не ўмееш.
— А мне і не трэба рабіць гэта крэменем… У наша дваццатае стагоддзе для гэтага ёсць запалкі.
— Тады распалі запалкамі,— пакпіла з яго Таня. — Хто ж табе перашкаджае?
— Добра, давай штаны, пайду на рэчку, можа, сустрэну каго-небудзь, папрашу запалкі.
Міхась надзеў штаны, але Таня зашыла калашыну так вузка, што нага ледзь праціснулася ў яе.
Зрабіўшы некалькі крокаў, Міхась прысеў, і калашына зноў распаўзлася.
— Бачыш, якая ты швачка!
— А ў наша дваццатае стагоддзе, — іранічна заўважыла Таня, — неабавязкова ўмець шыць самой, для гэтага ёсць швейныя майстэрні.
— Майстэрні ёсць, але як жа я ў такіх штанах пайду па запалкі?
— Ты пасядзі тут, я сама схаджу.
— Давядзецца, — цяжка ўздыхаючы, згадзіўся Міхась. — А што ты будзеш варыць на вячэру?
— Давай зварым такі суп, як учора Валя Казлова зварыла. Якраз сёння раніцой Несцер Фёдаравіч шчупака спаймаў… Ён там у вадзе навязаны. Бульба ёсць, цыбуля таксама ёсць, морква… А што яшчэ трэба?
— Патрэбны соль, перац, гарчыца.
— Ведаеш ты столькі, колькі і я. Эх ты! Гарчыцу ж падаюць на стол да гатовых страў, а не кладуць у гаршчок. Давай бярыся за бульбу, а я запалкі пайду шукаць і па ваду збегаю.
Гледзячы, як Міхась наразае бульбу кружочкамі, потым ачышчае кожны кружочак паасобку, Таня са здзіўленнем спыталася:
— А навошта ж ты яе кружочкамі наразаеш?
— У Валі Казловай таксама бульба была нарэзана кружочкамі.
— Дык яе ж потым так наразаюць. Эх ты!
— А можа, у мяне свой метад, — абіраючы бульбу па-свойму, адказаў Міхась.
— Ой, навошта я толькі засталася дзяжурыць, лепш пайшла б зграбаць сена!..
— Ты ж баялася ногі пакалоць.
— А чаму ты не пайшоў сена вазіць?
— Баяўся, каб жаба мяне не ўбрыкнула, — усміхнуўся Міхась.
— А я ведаю, чаму. Баяўся, што ўбачаць, які ты няўмека.
— Ха-ха-ха! Вось дык сказала.
— А я раней думала, што ты і сапраўды ўсё ведаеш і ўсё ўмееш. А цяпер пераканалася, што…
— Што ты да мяне прычапілася?.. Умееш, не ўмееш… Ідзі лепш па запалкі.
Калі Таня, узяўшы чайнік, пабегла да ракі, Міхась задумаўся: «Але ж сёе-тое я ведаю. Вось, напрыклад, ведаю, што на сасну, елку, наогул на мяккія пароды дрэў трэба, каб адбой у пілы быў вялікі, а на дуб і іншыя цвёрдыя пароды — меншы, тады пілаваць лягчэй… А вось як зварыць юшку? Колькі бульбы для гэтага трэба?»
У гэты час пачуўся крык: «Ой, ратуйце!» Міхась кінуў свой занятак і памчаўся да ракі. Там ён убачыў незнаёмага хлопчыка, які вёў пад руку Таню.
Читать дальше