І звольніўся «па ўласнаму жаданню».
Жывая крытыка,
Агонь сатыры ў нас
Заўсёды на ўзбраенні!
Але бываюць іншы раз
Яшчэ здарэнні,
Калі, і не маргнуўшы вокам,
На крытыку адказваюць паклёпам.
У нейкага Хамы ці Мікалая
Жучачка была малая,
Ды хітрае такой пароды:
Як побач гаспадар, дык зроду
І да двара
Нікога не падпусціць —
Асцерагайцеся, бо ўкусіць!
Стараннасці яе тады мяжы няма —
Маўляў, тут хлеб свой ем я нездарма.
Калі ж няма гаспадара,
Дык можна выцягнуць усё з таго двара,
Бо Жучкі нібы і няма, здаецца:
Не гаўкне і не абзавецца.
Ды Жучка што!
А вось работнік іншы,
Калі начальства тут — такі ўжо ўвішны!
Калі ж начальства побач не сядзіць —
Ён на рабоце спіць.
Для ўтульнасці і для парадку
Бабру ўцяпліць
Спатрэбілася хатку,
Бо дыхала асенняй слотай неба.
Знайшоў і дрэва ён,
якое трэба.
Але каб дрэва тое спілаваць,
Дазвол патрэбна ад Мядзведзя
Атрымаць.
(Мядзведзь загадваў
Лесанарыхтоўчым трэстам.)
— Так, так,—
Мядзведзь сказаў,— урэшце,
Не супраць я,
Ды толькі вось на месцы
Патрэбна дрэва тое нам агледзець...
І па загаду
Усё таго ж Мядзведзя
За справу Крот узяўся.
Дзён некалькі пад дрэвам ён капаўся,
Усё агледзеў ён,
не прапусціў нічога.
Прыйшоў да заключэння ён такога:
— Няхай Бабёр спілуе дрэва тое,
Бо ўсё карэнне у яго сухое.
— Яно, магчыма, так,—
Мядзведзь зазначыў,—
Ды трэба ўсё ж пабачыць,
Які у дрэва ствол, якая крона,
Каб нам ні ў чым не прагадаць.
Ствол дрэва будзе
Дзяцел аглядаць,
А крону хай абследуе Варона...
Пакуль камісія птушыная пацела,
Дык дрэва тое спарахнела.
Вядро з Вяроўкаю пасябравалі:
Нібы галубка з голубам, паціху буркавалі.
Ім падпяваў музыка-калаўрот.
Жылі Вядро з Вяроўкай
Без турбот і без прыгод.
Але парушана была аднойчы згода.
Вядро заўважыла:
— Пабыць хачу свабодным
Я хоць раз,
Бо звязаны з табою мы ўвесь час,
А гэта не дае мне ходу.
Сказала так і зачапілася за выступ зруба.
Вяроўка кліча: — Чуеш, не дурэй,
Хадзі сюды хутчэй!
Ці ж я табе не люба?
Мы ж так з табой дружылі,—
І як пацягне! Колькі мела сілы.
Вядро ж ні з месца.
Вяроўка тузанула яшчэ раз
І на сярэдзіне парвалася сама якраз —
Вядро ў прадонне паляцела.
— Ратуйце! —
Толькі закрычаць паспела.
Вядро, вядома, ўратавалі,
Калі канцы Вяроўкі той звязалі.
Цяпер жа і Вядру той вузел замінае —
Чапляецца за калаўрот, ваду ўсю разлівае.
Вось так і з дружбаю:
Калі яна парвецца,
Дык як ні звязвай — вузел застанецца.
На наваселлі у Казы пасля застолля
Зайгралі музыканты кракавяк.
І кожны тут і так, і сяк
Сваё умельства паказаць стараўся.
Не змог на месцы ўседзець і Вяпрук,
У круг і ён прабраўся.
Але,
Як танцаваць не танцаваў ніколі,
То і не ўмеў,
А толькі грук ды грук.
Вунь Козка аж замэкала ад болю —
Бо капыткі ёй адтаптаў Вяпрук.
Таго штурхнуў, таго зваліў зусім...
Перашкаджаў ён танцаваць усім.
Але ў няўмельстве не хацеў прызнацца.
А каб хоць неяк апраўдацца,
Пачаў ён так;
— Не толькі кракавяк
Танцую я, яй-богу,
З дзяцінства польку,
Танга, менуэт...
Віною тут — няроўная падлога.
(А там жа быў, як шкло, паркет.)
Ёсць бракаробы, што, калі дапусцяць брак,
Апраўдваюцца так:
Ні ў чым я тут не вінаваты:
Падвёў мяне станок пракляты.
Ката прабралі за грашкі
(Ён злізваў з малака вяршкі)
І папярэдзілі сурова,
Што застанецца ў хаце пры адной умове:
Калі больш шкодзіць ён не будзе...
Паклаў тут лапкі Кот на грудзі:
— Шаноўныя мае гаспадары!
Памылкі прызнаю!
Грашыў, чаго таіць, вядома,
Тады, як не было вас дома.
Але вось з гэтай самае пары
Я ні смятаны і ні хлеба
Ніколі не крану, дальбог!..
Крану — пярун няхай ударыць з неба!
Не праганяйце толькі за парог!..
Кату паверылі. Ката пашкадавалі.
Яго спачатку нат не пазнавалі:
На відным месцы
Пакладуць ці мяса, ці сырок —
Пры людзях Кот
І не зірне ў той бок.
І так дзён пяць праходзіць...
На шосты дзень Кот зноў нашкодзіў.
І зноў гаспадары
Ката прабрал!...
А лепш, каб гэткіх вось Катоў
Ля устаноў
Не прыгравалі,
А прэч іх гналі.
Читать дальше