К а ц я р ы н к а. I мне таксама хочацца. Сып, Мацейка!
М а ц е й к а. Давай, Кацярынка! (Мацейка скача «таўкачыкі», а Кацярынка толькі памагае прыпяваць.)
Шах-мах, таўкачыкі!
Шах-мах, асіновы!
А работы Максімовы!
Сем год валяліся,
Пакуль к ступе дабраліся,
Шах-мах, таўкачыкі!.. і г. д.
То ў ніт, то пад ніт,
То у бердачка, –
Прыбівай, прыбівай,
Маё сэрдачка!
Не сядзі ля мяне
Ды не братайся;
За ручанькі не трымай
Ды не радуйся!
К а ц я р ы н к а (разахвочаная) . А цяпер – «цыганку», Мацейка!
М а ц е й к а. Сып «цыганку», Кацярынка!
К а ц я р ы н к а. Лаві! (Надзявае шапку Мацееву і скача «цыганку». Мацей даганяе.)
Я – цыганка маладая,
Я – цыганка не старая,
Знаю варажыць!
Э-эх! Знаю варажыць!
О, падай, Мацейка, ручку
Ды насып мне грошай кучку, –
Усю праўду скажу!
Э-эх! Усю праўду скажу!
М а ц е й к а (злавіўшы Кацярынку і цалуючы) . Ха-ха-ха! А што, такі злавіў! Ужо з маіх рук не выкруцішся!
К а ц я р ы н к а (цалуючы) . Паглядзім! Гэта яшчэ, як я захачу!
Уваходзяць Трахім і Паланея з мешалкай.
Тыя ж і Трахім, Паланея.
Т р а х і м (убачыўшы, як Мацейка з Кацярынкай цалуюцца, да Мацейкі) . А ты гэта, шэльма, што вырабляеш з маёй Кацярынкай?
М а ц е й к а (адскочыўшы) . Я... я... нічога! Гэта мы... гэта мы з Кацярынкаю «цыганку» скачам.
К а ц я р ы н к а. Так, так, татачка! «Цыганку» з Мацейкам скакалі. Вось яшчэ і шапка ў мяне на галаве.
Т р а х і м. Каб толькі гэтак часам вы цыганят безпары не наскакалі? Глядзіце ў мяне!
К а ц я р ы н к а. Татачка, я добра гляджу!
М а ц е й к а. І я ў шапку не сплю!
П а л а н е я (да Мацейкі) . Ты таты не бачыў?
М а ц е й к а. Я спаткаў – як татка з цёткай Даміцэляй пад нашу хату пайшлі.
Т р а х і м. А мы з кумой пайшлі пад манапольку і такім манерам, значыцца, размінуліся. (Падыходзячы да стала.) А гэта што за пляшкі?
К а ц я р ы н к а. Гэта...гэта мамка з дзядзькам Максімам частавалася; ён у нас сягоння начаваў.
П а л а н е я (убок) . Ну, дзякуй Богу, не я адна набралася грэху!
Т р а х і м (убок) . Эге! значыцца, імая Даміцэля не без таго, што і я? (Да Паланеі.) Хадзем, кумка, пагасці трохі ў мяне. Ужо твой не дзе падзеўся, калі тут быў сягоння.
П а л а н е я. А чорт яго бяры, калі ён пусціўся ў бадзяцкую скуру і дома не начуе!
Т р а х і м.Ціха, ціха, кума! Лепей не ўспамінай! Вось садзіся ды вып'ем па чарачцы.
Дастае паўквартоўку, і частуюцца з Паланеяй.
Мацейка з Кацярынкай у старане між сабою жартуюць.
П а л а н е я. І собіла ж куму ў нашу хату забрацца?
Т р а х і м. Так, так! Але і куме надало ўпусціць мяне?
П а л а н е я. Як гэта выйшла – розуму я не прыстаўлю?
Тр а х і м. I я, хоць не з дурнога заводу, але нічога не ўкемлю.
М а ц е й к а. Адным словам, без паўкварты не разбярэш. Ха-ха-ха!
П а л а н е я (да Мацейкі ). А да цябе, паўкварта, калі не п'юць, то і не кажы «здароў будзь».
Т р а х і м. Затое ж, кумка, будзь здарова!
П а л а н е я. На здароўе, кумок, на здароўе! (Выпіваюць.)
Т р а х і м. Ацяпер, можа, паскачам, кумка? Мацейка пайграе нам.
П а л а н е я. Ды ўжо ж, кумок!.. Ці за адну нагу вісець, ці за дзве– адна ласка. (Да Мацейкі.) Іграй, Мацейка!
М а ц е й к а. Мамка, як не стыдна? Гэта ж ужо мне з Кацярынкай лепей уходзе, як табе з дзядзькам...
Т р а х і м. Не тваё дзела, блазнюк! Іграй, калі кажуць! Бач ты яго, як разласаваўся да Кацярынкі!
М а ц е й к а. Ну, ужо буду! А што іграць?
П а л а н е я. Рэж лявоніху!
М а ц е й к а (убок) . Папілі салодкую гарэлку, а цяпер і вяселле ім іграй. (Іграе лявоніху, а Трахім з Паланеяй скачуць.)
Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
Несалоная капуста твая!
Ліха мачыха на пасынка была,
Несалоную капусту дала;
А пасынка дык і чорт не бярэ,
Несалоную капусту жарэ!
Тыя ж і Максім, Даміцэля.
Д а м і ц э л я (кідаючыся з мешалкай да танцуючых) . А гэта што такія за гоцы ў маёй хаце?
Т р а х і м і П а л а н е я (пакідаючы гульню) . Мы... мы... так сабе... паскакаць хацелі!..
Д а м і ц э л я (да Трахіма) . Ты дзе гэта ўсю ноч прападаў?
Т р а х і м. А ты, як мяне няма дома, дык з гэтым валочышся!!
Д а м і ц э л я (трасучы мешалкай) . Я цябе пытаюся, бясстыднік! Чаму дома не начаваў?
М а ц е й к а. Цётка, так не крычыце на дзядзьку: ужо мамка на яго накрычала і мешалкай настрашыла. Дзядзька ў нас начаваў.
П а л а н е я (схапіўшы мешалку сваю, да Максіма) . Ну, кавалерчык! Гавары мне, дзе ты сягоння на начлезе быў? Га?
Читать дальше