Гутарка зь мінулага часу
— Што з табою, браце мілы?
Чаму хмуран ты не ў меру?
Дзяцюк гэткі повен сілы!
Як тут даць, здаецца, веру?
Адной радасьці, вясельля
Быць павінны поўны грудзі,
Ты ж, як зьбіты, як з пахмельля…
Ну, і людзі, што за людзі?
А мо ёсьць на то прычына —
Ўсё сваю прычыну мае:
Ты дзяцюк, а вунь дзяўчына,
Во адно ўжо і ўздыхае.
Ну, ўздыхайце сабе самі,
Рад і я вам падцінаці;
Можа, траплю дзе часамі
І па сэрцу табе, браце.
— Пачну думу ад пачатку:
Жыў я змалку ў вёсцы з краю;
Мала помню родну хатку,
А ўсё ж міла ўспамінаю.
Быўшы дзіцем, быў рахманым,
Бацькі, маці быў пацехай,
Плач нядолі не быў знаным,
Колькі гуляў, колькі сьмеху!
Не заводзіў ні чым думак, —
Трэба ў школу — ў чым тут стала?
Сып, узяўшы кніжак клумак,
Адно жаль — знаў іх замала.
Першы год ганяў я ў поле:
Умірае бацька, маці, —
Вось і стала сьвету болей
Сіратою адной, браце.
— Ці вы знаеце, што знача
Сіратою быць на сьвеце?
Хмарка плача, вецер плача,
Як такога дзе прымеціць.
Можа, скажаце таксама:
Людзі літасьць над ім маюць;
Не такая, людзі, крама,
Ў якой людскасьць аглядаюць.
Адным цягам год за годам
Шлі цярніста, шлі крывава,
Зь мі моладасьць зь нягодай,
Як асеньняя няслава.
Не раз труд было заснуці;
Сьвет хацеў бы ў жменю ўзяці
І, як вецьвем, страсануці…
Так было мне цяжка, браце.
— Як памерлі бацька, маці,
З хаты выгналі за браму,
Жыць прыйшлось доляй бадзяцкай,
Няма што, пайшоў да пана.
Далі там агрызак хлеба,
Далі колькі марных грошы;
Што, здаецца, болей трэба?
Будзь слухмяны, будзь харошым!
Здасца можа — добра гэтак,
А дзе ж кут свой, а дзе воля?
Панскі дом, страва, адзетак
Душы, сэрца не здаволіць.
Не быць выгнаным надзея
Не загосьце ў чужой хаце;
Месяц сьвеціць, ды не грэе,
Служба службаю, мой браце.
Скокам-бокам, напаўз горам
Насьпеў годзік і дваццаты.
Быў хлапцом — сказаць не сорам!
Бач, пазвалі у салдаты.
I пайшоў я — няма дуру —
Паспытаць ваеннай кашы;
I што скажаш? — прыйшоў з скурай,
I там людзі, і там нашы.
На муштроўку шоў у зьміру,
Вайну ўзьнялі — туды глянуў;
Праслужыў гадкоў чатыры
I вярнуўся… куды? — к пану.
Прынёс крыжык — памяць з бою,
Ды яго ж я, о пракляцьце!
Аплаціў адной рукою…
Эх, каб ім… Падумай, браце!..
— Аднарукі, аднарукі!
Гэтак дома ўсе казалі,
Многа меў нуды, дакукі,
Яшчэ горай стала далей.
Што рабіці, трэба жыці, —
Стаў у двор за лесьніка я,
А служыці, дык служыці,
Мабыць, доля ужо такая.
Вось з наказу раз пайшоў я
Вартаваць у лес павалы,
Ноч была, на безгалоўе
Бура выла, лес ламала.
I вось хвойка грук! I сукам
Нагу крыша, не паўстаці,
Бура глушыць енк мой гукам.
А там далей, эх, мой браце!..
Што было, і сам не помню,
Год пралежаў у бальніцы,
На сьвет выйшаў, хто ж уломню
Дасьць і хлеба, і вадзіцы.
I паплёўся я з пакорай
Туды, дзе такім дарога,
Дзе адно сабрана гора, —
Ў жабракі пайшоў з трывогай.
Дзіўна вам, што часам з нудаў
Заглядаю у карчомку…
Людзі, людзі! Іншым буду —
Адчапіце мне хатомку.
Вы — шчасьлівы, з доляй яснай —
I то рады пагуляці,
А я ж, я — жабрак няшчасны…
Эх, не крыўдзь насьмешкай, браце.
— Глянь во з жалем — я калека,
Аднарукі, аднаногі,
Беспрытульнасьці апека
Ацямніла ўсе дарогі.
Дум гаротных колькі, колькі!
Хто зьлічыць, апець іх можа?
Каму ўцям чужыя болькі,
Хто бядзе чужой паможа?
Быў здароў, быў дуж і молад,
Ніпачым саха, сякера,
Што там значыў холад, голад,
Крэпка сіла, крэпка вера!
Дзе ж ты, вера, дзе ты, сіла?
На каго мне наракаці?
Эй, падмігівай, магіла!
Ты ж не злуйся, мілы браце.
— Кастыль, торба, кій жабрачы
Маім пашпартам, адзнакай,
Было кепска, ўсё ж іначай
Над сваёй нядоляй плакаў.
Читать дальше