Д а м і ц э л я. Бач ты яе, чаго захацела! А пацеры ўмееш?
М а к с і м. Нічога, кумка! Пацеры не воўк – у лес не збягуць. А мой Мацейка – хлопец хоць куды! Яна смак чуе ў ім.
Д а м і ц э л я. Ну, кум ізноў пачынае сваё! Выпівай ды ідзём ужо. Дзе мая толькі мешалка?
М а к с і м (выпіўшы) . Ідзём, кумка. Удваіх усё-такі смялей крыху.
Выходзяць; Даміцэля з мешалкай.
Кацярынка адна.
К а ц я р ы н к а. Ха-ха-ха! Вось так камедыя! Мамка тату згубіла, а дзядзька цётку згубіў! Ха-ха-ха! Як знойдуцьадно аднаго, уто будуць мешалкі ў рабоце! Ха-ха-ха! Каб цяпер Мацейка, барані божа, прыйшоў, то ж бы разам пасмяяліся. (Скачаі прыпявае.)
Хто у боб, хто ў гарох,
А хто ў саладуху.
Там, дзе двух, будзе трох;
Дасць дзед бабе духу!
(Круцячыся перад люстэркам.)
А на дварэ курта брэша,
Ка мне міленькі мойчэша.
Ой, ці чэша, ці не чэша,
А мне сэрцайка пацеша!
А мо трэба ўжо і мне
Да Мацейкі часаць?
А мо лепей, а мо лепей
Пачакаць, пачакаць?
(Папраўляе пасцельна ложку.)
Трэба пакуль што хоць ложак у парадак прывесці, а то раскулдычаны, як бы тут рота салдатаў спала! Ха-ха-ха!
Падушачкі, падушачкі,
Мае пухавыя!
Малодачкі, малодачкі,
Мае маладыя!
(Скача.)
Каго люблю, каго люблю,
Таго пацалую,
Пухавую падушачку
Таму падарую!
Як прыехаў, як прыехаў
Мой міленькі позна,
Параскідаў, параскідаў
Падушачкі розна.
Як прыехаў, як прыехаў
Мой міленькі з места,
Паскладаў ён, паскладаў ён
Падушачкі ў месца.
(Чуваць ігру на скрыпцы, Кацярынка, прыслухаўшыся.)
На вуліцы скрыпка йграе,
Мяне ж маці не пускае;
Пусці, маці, пагуляці,
Калі хочаш меці зяця!
(Ідзе к дзвярам.)
Нашто тое а, бэ, цэ,
Нашто тое слова, –
Калі мілы пацалуе,
То і я гатова.
Кацярынка, Мацейка.
К а ц я р ы н к а (адскочыўшы ад дзвярэй) . Гэта ты, Мацейка?!
М а ц е й к а (са скрыпкай ). Гэта я, Кацярынка!
К а ц я р ы н к а. Ха-ха-ха! Мацейка прыйшоў да Кацярынкі!
М а ц е й к а. Ха-ха-ха! I Кацярынку Мацейка дома адну застаў! (Абымаючы.)
Кацярына рана ўстала,
У суседа запытала:
Ці не відзеў, ці не бачыў
Хто хвартух мой паскудлачыў?
К а ц я р ы н к а (абымаючы Мацейку)
Мацей,не дурэй,
Не дзяры сарочкі, –
Не ты праў, не ты ткаў,
А паповы дочкі.
Ха-ха-ха! А чаго ты прыйшоў, Мацейка?
М а ц е й к а. Да Кацярынкі ў госці прыйшоў і...гарэлачкі прынёс! (Паказваючы паўквартоўку.) Во!
К а ц я р ы н к а. А за гэта сухой лазні не дастанеш ад мамкі і таткі?
М а ц е й к а. Гэта толькі татка сягоння дастане ад мамкі лазні, бо дома не начаваў.
К а ц я р ы н к а. I мой дастане, бо таксама дома не начаваў.
М а ц е й к а. Ха-ха-ха! Вось так аказія! Затое ж мы вып'ем з табой за іх здароўе.
К а ц я р ы н к а. Вып'ем, Мацейка! Але і за здароўе мамак нашых, бо каб не яны, дык як жа б мы тут з табою выпівалі. Бачыш, і закуска нават гатова!
Падыходзяць да стала і выпіваюць.
М а ц е й к а. Вып'ем па адной!
К а ц я р ы н к а. А пасля і па другой!
М а ц е й к а (абняўшы Кацярынку, прыпявае)
А, дзевачкі, і я ваш!
Пойдзем разам на кірмаш,
А з кірмашу дадому
Ды ў ярную салому!
К а ц я р ы н к а (таксама)
Па саломе качалася,
Нічога мне не сталася;
Зялёнае сена –
Яно мяне з'ела.
М а ц е й к а. А цяпер вып'ем па другой!
К а ц я р ы н к а. А пасля і па трэцяй!
М а ц е й к а
Дзяўчыначка чарнаброва
Паехала ў лес па дрова,
Паехала чорным бычкам,
Завязаўшы пастол лычкам.
К а ц я р ы н к а
Я на ганачку стаю,
Слёзы коцяцца;
Дзеўкі замуж ідуць,
I мне хочацца.
М а ц е й к а. А цяпер вып'ем па трэцяй!
К а ц я р ы н к а. А пасля і па чацвёртай!
М а ц е й к а. Ужо не астанецца па чацвёртай.
К а ц я р ы н к а. Дык і будзе годзе на расходзе!
М а ц е й к а
Чаму Каську не любіць,
Калі Каська ладна;
Хвартух новы, паркалёвы,
Спаднічка ядвабна!
К а ц я р ы н к а
Цераз рэчку, цераз стаў
Любіў мяне Станіслаў;
I я яго любіла,
Ды спаднічку згубіла!
М а ц е й к а. Ха-ха-ха! Як добра без старых загуляць трохі і пасмяяцца!
К а ц я р ы н к а. Але каб толькі з гэтага смеху не выйшла якога грэху?
М а ц е й к а. Як не захочаш, то і не выйдзе. Але ведаеш што? – пойдзем з табой «таўкачыкі»! Бо як трошкі я лыкну, дык тады бярэ мяне ахвота паскакаць.
Читать дальше