Сын. Мы потым загорнем, як было.
Дачка. Я не дазваляю, і ўсё!
Сын. Ты не маеш права ні забараняць мне, ні дазваляць.
Дачка. Малыш! Я тут старэйшая!
Сын. Ну, чаго ты надзьмулася! Старэнькая! Бабуська! (Разгортвае скрутак.)
Дачка (адвярнулася). Гэта непрыстойна.
Сын (сур’ёзна). Я павінен знаць. Я павінен многа знаць, усё знаць. Усе пакуты чалавецтва — ад недахопу інфармацыі. Я не хачу пакутаваць ад недахопу інфармацыі. (Разгарнуў пакунак, здзівіўся.) Ха! Ну і штукенцыя! (Чытае па–англійску.) «Гумавая, надзімная, у натуральны рост…» (Смяецца.) Зараз мы цябе напоўнім. Паветрам.
Сын бярэ помпу і напаўняе цацку для дарослых.
Сястрычка! Глядзі!
Дачка. Мне нецікава. Не буду глядзець.
Малы напампоўвае. Ён ужо спацеў. А перад намі — адна з «жамчужын» цывілізацыі: надзімная гумавая жанчына без ніякай маскіроўкі — галыш. Малы вымае шланг насоса. «Жанчына» зашыпела. Малы затыкае адтуліну, праз якую напампоўваў паветра.
Сын. Не шыпі! Ты яшчэ мне не жонка! (Ставіць ляльку на ногі.) Во ты якая! Сястра! Агляніся ў гневе! (Разглядае ляльку.) Як жа вас завуць, мілэдзі? Эсфір? Сястрычка! Між іншым, усіх жанчын надуваюць. I хто іх толькі не надувае. Дома — дзеці і муж. На службе — падначаленыя. Настаўніц — вучні. Прадаўшчыц — пакупнікі. А ты хто? Што ўсміхаешся? Табе весела? Дурната!
Дачка (крадком павярнулася, глянула. Здзівілася). Як табе не сорамна?
Сын. Мне? А чаму мне, а не дарослым? Яе не я зрабіў.
Дачка (скрозь зубы). Ну, што гэта такое? Як гэта можна? Што гэта, што гэта, што гэта???
Сын (сур’ёзна, не па гадах сур’ёзна). Гэта? Цацка на забаву дарослым.
Дачка. Як ім не брыдка? Як ім не сорам?!
Сын. Чаго ж ім саромецца, калі ў самой Бібліі запісана ім апраўданне.
Дачка. У Бібліі сказана: «Не открывай наготы!»
Сын. А ў другім месцы сказана: «И нашёл я, что горче смерти — женщина, потому что она — сеть, и сердце её — силки, и руки её — оковы; добрый перед богом спасается от неё, а грешннк будет уловлен ею».
Дачка. Брацік! Ты мяне крыўдзіш!
Сын. Я? Я цябе ніколі не пакрыўджу. А вось другія… Падрыхтуйся, сястрычка! Запасайся цярплівасцю. Наперадзе ў цябе многа выпрабаванняў. Жыццё будзе табе прыносіць і гэта (дае ляльцы аплявуху), і гэта (шкуматае, піхае, заціскае пад пахай, цягае, пінае, згінае), і гэта, і гэта… I ты будзеш мірыцца, цярпець. Цябе ветліва будуць запрашаць на танцы, каб і тут прынізіць цябе… тваю асобу. Во так! Модна! Сучасна!
Малы пачынае танцаваць з лялькай, парадзіруючы твісты, рок–н–ролы, падкрэсліваючы, утрыруючы іх пошласць.
Дачка (крычыць). Брацік! Даволі! Перастань! Хо–опі–іць!!
Малы вышморгвае затычку і выпускае з лялькі дух.
Заслона
Той жа пакой. Той жа стэлаж. Толькі на кніжных паліцах дзе–нідзе павыманы кнігі. Гэта малы вымаў кнігі сваім блізкім. Пад столлю падвешаны самалёцікі самых разнастайных марак і канструкцый: бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі, транспартныя і перахватчыкі, нават верталёты. Самалёцікі малы прыстроіў на дроціках так, што ў любы момант можна спусціць на брыючым палёце над сталом, за якім будзе сядзець патэнцыяльны «праціўнік». Ствараецца поўнае ўражанне, што самалёт пікіруе. Калі малы захоча, яго самалёты могуць бамбіць… каб застрашыць.
Ён часта карыстаецца гэтай сілай.
Малызараз заклапочаны, хмуры, ходзіць па пакоі ад сцяны да сцяны. На яго чале вялікая заклапочанасць, ну нібыта ўсе беды свету, увесь сум людскі, усе клопаты — на ім. Ён часам спыняецца, як статуя — выліты Напалеон, — рукі скрыжаваў на грудзях. А то прысядзе — і зноў жа — не проста, а ў позе радэнаўскага «Мысліцеля». А бывае — спыніцца і пашле свой погляд у глыбіню стагоддзяў, а вось якіх, — будучых ці мінулых — няясна пакуль што.
Сястрычкаяго з нейкай напружанай цікаўнасцю назірае за ім, не адводзячы вачэй.
Дачка. Што здарылася, малыш?
Сын. Адчапіся.
Дачка. Ты нейкі сам не свой.
Сын. Адчапіся, я сказаў!
Дачка. Бяда якая, ці што?
Сын. Горш.
Дачка. А што такое? Што?
Сын. Не знаю. Сябе не знаю.
Дачка. Сябе? Ты ніколі такім не быў. Што цябе мучае?
Читать дальше