Дачка. А мама скупая. Ну, чаго ты на мяне так глядзіш?
Сын. Скупая, кажаш? (Раптам рэзка.) Ты сама вінавата. Паслухмяным заўсёды меншы кавалак дастаецца. Цяпер нават паліцыя навучылася баставаць, каб вырваць надбаўку да зарплаты. А ты… Пакорлівая рабыня. Цябе і карміць не трэба. Запахне — і ты сытая. Парай. Ты такая мяккая, такая… табой акуляры выціраць можна.
Дачка. А чаму? Каб толькі дома ціха было, мірна, спакойна. А ўсё–такі шкада, што я не з татам.
Сын. Дурненькая. Ты не мне гэта гавары. Ты маме так скажы. I адразу ўбачыш вынік. Ды яшчэ маральна прыцісні. Скажы: мама, а калі ўсе ўбачаць, што дзеці пайшлі за бацькам, а не за табой? Зразумела? Супярэчнасці трэба распальваць. Чым злейшыя яны будуць адно з другім, тым дабрэй да нас. Засвоіла?
Дачка. Ну і язва! Хітрасці ў цябе на семярых.
Сын. Трэба ўважліва і сістэматычна слухаць радыё і тэлевізар. Асабліва перадачы для дарослых. Дзіцячыя перадачы на тое і прыдуманы, каб нас трымаць у няведанні, у цемнаце. Цёмнымі і даверлівымі лягчэй камандаваць.
У калідоры званок.
Дачка. Гэта мама з работы. Ты думаеш — я не магла б так, як ты?
Сын. Вось і пачынай. Ды стражэй! Чуеш?
Дачка. I паспрабую. А што?
Дачка адчыняе дзверы і ўпускае маму.
Мама. Вось і я. Ну, як вы тут?
Мама аддае сыну кнігу і яшчэ адзін пакуначак — падарункі. Да мамы падыходзіць дачка і строга выстаўляе руку. Не просіць, а патрабуе.
Дачка. Ну! Што!
Мама. Што — ну? Што — што?
Дачка. Гэта я пытаюся — што? Яму, бачыш, колькі падорана? А мне зноў коўдра! Зноў вітаміны? Зноў глюкоза?
Сын (ухваляе спакойна). Правільна. Верна. Хачу — дзейнічаю.
Дачка. Малыш правільна выбраў. Тата яго болей любіць, чым ты мяне. Я заўважаю. Толькі глядзі, мама! А калі ўсе ўбачаць, што дзеці пайшлі не за табой, а за татам? А?
Сын аж выцягнуў шыю, па–птушынаму схіліў галаву, адным вокам назірае за мамай.
Мама. Дачушка! Што ты сказала? Як жа ты так? Я ж для цябе…
Дачка. Не трэба меладрам, мама! Ясна? (Сказала і спалохалася.)
Мама (скрозь слёзы). Ясна… Так ясна, што аж у вачах цёмна.
Сын. Мама! Слёзы тут не памогуць! Тут трэба эканамічныя санкцыі.
Мама. Але што? Што я вам павінна? Што яшчэ?
Сын. Што? Гэта ўжо другая гаворка. Гэта мы прадумаем.
Дачка. Што? Хоць бы тое, што другім. Вунь Нэлі на імяніны бацькі падарылі цэлы звярынец: поні, зебру, сланёнка і нават кенгуру. Ты сама бачыла па тэлевізары.
Мама. Што ты раўняешся? Што ты раўняешся? Што, ты не ведаеш, хто ў яе бацька? Мільянер! Палавіна арабскае нафты ў яго. Гадавы даход у яго — восемдзесят два мільёны! А ў твайго бацькі…
Дачка. А хто вінаваты?
Мама. У чым?
Дачка. Што ў майго бацькі няма такога даходу?
Мама. Як гэта хто?
Дачка. Ты!
Мама. Я? Але чаму?
Дачка. Ты што, не магла выйсці замуж за Нэлінага бацьку? А Нэлі хай бы дастаўся мой. А?
Мама. Не магла! Не хацела! Бо яе дзед быў гангстэрам. I нафтавыя ўчасткі яны купілі за бандыцкія грошы. Яны ўсе гангстэры, бандыты. У іх рукі і сумленне ў крыві. А ты хочаш, каб…
Сын. А грошы не пахнуць, як сказаў адзін…
Дачка. У Нэлі і рукі белыя і сумленне. Яна — не вінаватая. Мы за дзядоў не адказваем.
Мама. Што ж гэта робіцца? Я ўжо нічога не разумею.
Сын. Мама! Ты дарэмна не слухаеш палітычнага каментатара.
Мама. Гэта жорстка. Гэта бесчалавечна. Дзеці…
Сын. А мы па Бібліі, якую падарыў нам дзядуля. «Будзем прыгнятаць бедняка–праведніка, не будзе літасці ўдаве і не пасаромеемся мнагалетняй сівізны старца».
Мама. Дык гэта ты… твая навука? Гэта ад цябе ўсё?
Сын. Ад Бібліі.
Мама. Ты не зразумеў! Гэта богаадступнікі, паганыя людзі гаварылі. Ерэтыкі!
Сын. Яны сімпатычныя людзі, тыя ерэтыкі, вясёлы народ. Кожны з іх тройчы смяшыў чалавецтва. Першы раз народ смяяўся, калі ерэтык паведамляў пра сваё вялікае адкрыццё і вынаходства. Другі раз народ весяліўся, калі яго за гэта адкрыццё інквізітары публічна смажылі на кастры. I трэці раз весяліцца прагрэсіўнае чалавецтва, святкуючы чатырохсотгадовы юбілей ерэтыка. Аказваецца — ён быў вялікі, а яго падсмажылі. Каб не ерэтык Галілей, Зямля наша да гэтага часу стаяла б на трох кітах. Не было б Магелана — не было б Амерыкі. I Саветы не запусцілі б Гагарына. Не, усё гэта было б, але са спазненнем на пару стагоддзяў.
Читать дальше