Сын. Мама! Табе трэба на вольнае паветра. Мама! Ідзі прагуляйся. Заадно абдумай мае мірныя прапановы.
Мама. Чорт ведае што гэта такое! Чаго ад цябе чакаць? А што з цябе будзе, калі ты падрасцеш?
Мамавыходзіць.
Сын. Дыпламат! Генеральны сакратар ААН! (Крычыць.) Мама! Ты забыла сумачку! Мама!..
Мамавяртаецца, забірае сумачку.
Мама. Во некаму дастанецца няшчасце! Божа мой! Божа мой!..
Мамавыходзіць.
Сын. Ты, мама, куды?
Мамаляснула дзвярыма, пайшла.
Рве дыпламатычныя адносіны. (Філасофствуе.) Тут разабрацца трэба. Пакуль што я нічога не разумею. Выходзіць — я вінаваты. Але ў чым? Дапусцім, усё было, як было, толькі я не падслухаў… Тады ўсё было б прыстойна?.. Нават калі б і падслухаў, але стаіўся і прамаўчаў — таксама ўсё было б прыстойна, і я і мама былі б харошыя. Дзіўна. Не разумею. (Злуецца). Я толькі прысутнічаў. Я сядзеў поруч з богам! Ён жа мог мяне сапхнуць, калі я што не так раблю. Ён жа не сапхнуў мяне… Яна пра мяне хоча ўсё ведаць, а я пра яе ўсё ведаць не магу. Але ж дзеці павінны ўзбагачацца вопытам бацькоў. (З крыўдай.) Ад мяне дык патрабуюць — што б я ні зрабіў, нават калі нашкодзіў — не ўтойваць, прызнавацца. А чаму ж яна? А можа, і яна нашкодзіла? (Паўза.) Вот задача! (Раптам успомніў.) Правароніў! Ён жа даўно пачаў…
Сын хутка спускаецца з лесачак. Уключае тэлевізар. Ну, давай, Цыцэрон!..
Каментатар. Урадавы крызіс быў выкліканы нечаканым выкрыццём кансерватараў парламенцкім лідэрам лейбарыстаў. Спрэчкі ў палаце абшчын набылі бурны характар. Але яшчэ рана прадказваць, як будуць развівацца падзеі на палітычным небасхіле. Аднак гром і маланкі накаляюць палітычную атмасферу. Самы блізкі час пакажа, ці вялікі выйгрыш чакае лейбарыстаў у выніку выкрыцця кансерватараў. Будзем чакаць…
Сын выключае тэлевізар.
Сын. Пачакаем. Нам нечага спяшацца. Значыцца, раскрылі… Дакладна перакласці — раздзелі, агалілі… Быццам кансерватары спалі, а лейбарысты падкраліся і сцягнулі з іх коўдру… А яны, сонныя, і не падазраюць. Праспалі кансерватары. Не. Тут другое. Відаць, кансерватары цішком, тайна хацелі абцяпаць якія–небудзь дзялішкі. А лейбарыстам хлусілі, быццам ніякіх дзялішак няма. Ахоўвалі тайну сваю падманам, хлуснёй. Значыць, тайна — праўда. I тайну–праўду ахоўвае падман, хлусня. Вот здорава! Сам дакапаўся. Аднак хлусня — ненадзейная варта праўдзе–тайне. А можа, тайна — і ёсць хлусня? Навошта тайну хаваць, калі яна праўда? Можа, сорамна за яе? Выходзіць, тайна — гэта калі сорамна раскрыцца? (Прысвіснуў.) А дзяржаўная тайна? Дзяржаўны сорам? Не, я тут заблытаўся. Але што праўду там ахоўвае хлусня — верна.
Прыбягае дачка.
Дачка. Ты што? Зноў пакрыўдзіў маму? Паскандаліў, праўда?
Сын. Ты не зразумела. Проста яна пайшла заклапочаная. Ясна? Кеды і навушнікі лёгка знайсці. А дыпламатычны слоўнік пашукаць трэба.
Дачка. Гэта ўсё табе?
Сын. А ты думала — персідскаму шаху?
Дачка. Проста дзіва, як табе ўдаецца выпрасіць…
Сын. Я нешта ведаю. Сам не знаю што, але знаю, што нешта знаю. Не выпадкова ў Польшчы ці ў Савецкім Саюзе адзін часопіс так і называецца: «Знание — сила». Можна сілай адабраць, а можна і веданнем. Я вырваў «знанием».
Дачка. Ты часта гаворыш так, што я нічога не разумею.
Сын. Плач!
Дачка. Чаму плакаць?
Сын. У Бібліі сказана: «Плачь об умершем семь дней, а о глупом и нечестивом — все дни жизни его». Плач, сястра мая!
Дачка. Гэта што? Ты як быццам мне нахаміў? Праўда?
Сын. Не я. Ісус, сын Сірахаў.
Званок у калідоры. Дзяўчынка бяжыць адчыняць дзверы і вяртаецца разам з бацькам. Татапрынёс самалёцік і яшчэ нейкі скрутак.
Дачка. Гэта ўсё яму, малышу? Зноў яму?
Тата. А навошта табе самалёты?
Дачка. Усё яму, усё яму! Быццам я табе зусім чужая.
Тата. Дзяўчынка мая! Пачакай. Будзе і табе. Самае прыемнае, дачушка, не сам падарунак, а чаканне падарунка, надзея, што ты яго атрымаеш. Чакаць падарунак — вось гэта і ёсць шчасце. А калі бог захоча цяжка пакараць чалавека, ён задавальняе ўсе яго пажаданні. Так што, дзяўчынка мая, чакай, спадзявайся, і ты будзеш шчаслівай. Я не хачу цябе караць.
Сын (разгледзеў цацку, строга). Гэта што? Што гэта?
Читать дальше