Я сумеўся. Не думаў, што камуністычная карозія настолькі раз’ела мозг гэтага немаладога чалавека. Я агледзеўся па баках: ці не ўстаноўлены тут дзе-небудзь мікрафоны, бо не паверыў, што разважлівы чалавек на поўным сур’ёзе можа несці такую ахінею. Так і не заўважыўшы нічога падазронага, я адказаў:
— А я думаю, што гісторыю нельга скажаць дзеля ідэі. Гэта навука, якую павінен ведаць кожны з нас, каб не паўтараць памылкі, дапушчаныя нашымі продкамі, каб зноў і зноў не наступаць на тыя знакамітыя граблі.
— Ладна, — дырэктар стомлена адмахнуўся ад мяне. — Бачу, што вы мяне не разумееце ці не хочаце зразумець. Таму працягнем нашу гутарку ў панядзелак, на нарадзе пасля ўрокаў.
Унутры мяне ўсё клакатала, аднак я стрымаўся і як мага спакайней развітаўся:
— Усяго добрага.
Калі выйшаў у школьны калідор, я прыгадаў фізрука і ледзь, як і ён, не вылаяўся. Мацюкі амаль не апаганілі мае вусны, але я стрымаў сябе.
Ногі самі прывялі мяне ў спартыўную залу. Юрый Васільевіч акінуў мяне акаселым позіркам і з разуменнем прамовіў:
— З дырэктарам размаўляў, бачу, — ён на два павароты ключа зачыніў дзверы, хітнуў на пакойчык, дзе захоўваўся спартыўны інвентар: — Прашу.
Аднекуль з-за шафы фізрук выцягнуў пачатую пляшку, трасянуў яе, паглядзеў на этыкетку, па складах прачытаў назву. «Грузінскі каньяк нервы супакойвае добра. Праверыў».
У мяне знайшоўся кавалак пліткі горкага шакаладу і пад такую закуску мы, не спяшаючыся, дапілі напой, які на самай справе аказаўся не такім ужо і дрэнным...
Дадому я вярнуўся надвячоркам. Насця яшчэ не прыйшла з працы, яна рабіла навуковым супрацоўнікам у краязнаўчым музеі, таму павячэраў на хуткую руку і з кніжкай узваліўся на канапу.
7
Дваццаць пятага жніўня 1382 года было звычайным, нічым не адметным у прыродзе днём. Як і належыць у жніўні, з раніцы над ракой завіс густы туман. Паступова ён падняўся вышэй, запоўніў брудныя і крывыя гарадскія вулачкі, дробнымі кропелькамі расы асеў на панцырах і зброі маскоўскіх ратнікаў. З узыходам сонца гэтыя кропелькі зазіхацелі каштоўнымі камянямі, але да іх прыгожага ззяння нікому не было справы, бо пад сценамі горада ўжо два дні тапталася татарская Арда. Саюзнік Дзмітрыя Іванавіча Тахтамыш прыйшоў да Масквы, каб жорстка пакараць маскоўскіх полаўцаў, якія паднялі бунт супраць свайго ўладара, вялікага князя.
Цімоха стаяў на крэпасной сцяне і праз байніцу глядзеў на татарскае войска. Ягоная сотня адказвала за прамежак паміж Спаскай і Крамлёўскай вежамі. Сам ваявода Асцей нядаўна зацвердзіў Цімоху на пасадзе сотніка і былы каваль вельмі ганарыўся гэтым. Ён зусім не хваляваўся, бо ўжо біў татар на рацэ Вожы, і на Кулікоўскім полі. Ведаў, што тыя смелыя толькі ў пераважнай большасці, а пры першых прыкметах небяспекі адразу кідаюцца ўцякаць. Цяпер жа пад сценамі Масквы татар было намнога болей, чым абаронцаў. У тым, што яны пойдуць на прыступ, маскавіт ніколькі не сумняваўся. «Шкада, што ў мяне многа пасадскіх людзей і я не паспеў як след навучыць іх ратнай справе. Але ж за свае папаленыя двары яны будуць помсціць люта».
Пасля ўзыходу сонца татарскі стан зашавяліўся, а пасля непрацяглай малітвы, з енкам і падвываннем, людская маса ў рознакаляровых апратках пакацілася на прыступ.
— Пасцеражыся, — на ўсе лёгкія выгукнуў каманду Цімоха. — Усім ад байніц. Лучнікам страляць усляпую.
Тысячы варожых стрэл абрынуліся на крэпасныя сцены, зацокалі па бярвёнах, вылушчваючы з іх трэскі. І адразу ж насупраць байніц загрукаталі цяжкія штурмавыя лесвіцы, а на іх, з крывымі шаблямі і крукамі, паказаліся татары.
— Бі, сячы, — не разгубіўся Цімоха і, выхапіўшы з похваў свой меч, у адной кальчузе, без шчыта, кінуўся сустракаць захопнікаў.
Першаму татарыну ён знёс галаву, другога — распалавініў да пояса. Трэці аказаўся лаўчэйшым, аднак і ён не змог адбіць Цімохавых удараў і хутка зваліўся ў крэпасны роў.
— Кідай бярвёны, лі вар, — выкрыкваў сотнік каманды і, не звяртаючы ўвагі на варожыя стрэлы, сек нападаючых. Ён верыў, што падначаленыя не аслухацца яго, таму і не азіраўся, быў спакойны за сваю спіну.
Бойка закіпала. Плячом да пляча з Цімохам секся яго сусед і сябра па кавальскім цэху Сава. Акрываўлены з ног да галавы, ён шчыраваў баявой сякерай і вакол яго байніцы ўжо валялася груда знявечаных татар. Бярвёны, каменне, дроцікі і стрэлы ляцелі ў ворагаў. Тысячы стрэл сыпаліся з татарскага боку на абаронцаў, і многія з іх знаходзілі сваю ахвяру. Загінулых, сваіх і чужых, выкідвалі за крэпасную сцяну — няхай у апошні раз паслужаць праўдзівай справе.
Читать дальше