Уладзімір МАЖЫЛОЎСКІ
ЖОУТЫ ТУМАН
1
Вясна 1552 года ў Берасце прыйшла позна. Яе чакалі яшчэ з лютага месяца, аднак яна не спяшалася, усё недзе затрымлівася. Увесь сакавік людзі са страхам глядзелі на прамерзлае да ледзяной крохкасці неба, на тое, як у іх засеках змяншаюцца зімовыя прыпасы слухалі, як ад недаядання трывожна мычыць карова і б’е капытом па земляной падлозе конь. Як не хацелася многім з іх разбіраць саламяныя стрэхі адрын, хлявоў ці паветак, але што зробіш — голад нядбайнага гаспадара заўсёды шануе ў першую чаргу і не абыходзіць
— Ну што ж, — хітра ўсміхнуўся сваім думкам бурмістр, — на Бога забойства мы не павесім, а вось жабрак на гэтую ролю падыходзіць у самы раз. Малайчына Буцюта, такое забойства раскрыў усяго за палову дня. Вучыся, Корчак!
увагай яго гаспадарку. Падавалася, што зімовае засмучэнне і туга па веснавому цяплу ніколі не сыдуць з пахмурных твараў месцічаў, што калючы мароз і ўсюдыісная мяцеліца будуць заўсёды плюндраваць гарадскія вуліцы, што акамянелая зямля ўжо не адагрэецца, а калі і адагрэецца, то не зможа выпеставаць у сабе тыя зярняты, якія з восені падрыхтавалі да сяўбы.
Вясна ж ударыла знянацку, усёй сваёй моцай: жорстка, бязлітасна, неадступна — яшчэ вечарам неба сыпала на пакорлівую зямлю белыя пёры, а раніцай яно ўжо імжэла нудным халодным дажджом. І няхай вецер быў сырым і неласкавым, няхай ад дажджу раскіслі дарогі, людзі аджылі, павесялелі, устрапянуліся. Нуда і адчай адначасна зніклі з іх твараў, саступілі месца дзелавой узрушанасці, бадзёраму чаканню сонца і цяпла. Нават дрэвы і чорнае прыдарожнае кустоўе радасна заківалі галінамі, вітаючы прыход вясны. А калі недзе за Мухаўцом над яшчэ заснежаным полем зазвінела звонкая песня жаўрука, людзі канчаткова зразумелі — вясна прыйшла па-сапраўднаму.
У адзін з такіх сырых і халодных дзён, у другой палове красавіка, адвячоркам на двары лаўніка Берасцейскага магістрата Самуіла Корчака забрахаў сабака. Брэх быў кароткі і радасны, але, пачуўшы яго, жонка Самуіла Насця ўстрывожылася і запытальна паглядзела на мужа:
— Ты не казаў, што ў нас будуць госці.
— Я нікога не чакаю, — паціснуў той плячыма і, узяўшы са стала свечку, накіраваўся да ўваходных дзвярэй.
Аднак не паспеў ён зрабіць і некалькі крокаў, як дзверы адчыніліся і ўзнікла мужчынская постаць у мокрым адзенні. Незнаёмец спакойна і дзелавіта пераступіў парог, прычыніў дзверы, зняў шапку, сцягнуў з плячэй прамоклую да апошняй ніткі кірэю і, павярнуўшыся да гаспадароў, стомлена ўсміхнуўся.
— Ну і надвор’е, — прагаварыў ён, асцярожна кладучы на куфар свае плашч і шапку.
Госцю было гадоў пяцьдзясят. Невысокага росту, хударлявы — ён са спіны постаццю
нагадваў падлетка. Цёмны колер яго твару сведчыў, што чалавек гэты шмат часу праводзіць на свежым паветры; вузкія вусны і прамы, з невялікай гарбінкаю нос — пра тое, што мае рашучы характар; блакітныя, крыху выбеленыя часам вочы — пра нязлосны, а, магчыма, нават вясёлы нораў. Паклаўшы на куфар плашч, госць паглядзеў на свае брудныя боты, потым перавёў позірк на гаспадара і, не перастаючы стомлена ўсміхацца ў доўгія сівыя вусы, прамовіў:
— Ды трымай ты роўна свечку, Самуіл. Не люблю, калі ўся падлога воскам заляпана.
Самуіл схамянуўся, узяў свечку ў левую руку, правую працягнуў для прывітання.
— Не чакалі мы цябе сёння, тата, — прагаварыў ён у апраўданне сваёй разгубленасці, — аднак вельмі рады твайму візіту.
— Бачу, што рады, — хмыкнуў Барталамей Корчак і накіраваўся да гаспадыні, каб павітацца і з ёй.
— Па справах быў у Харытона Бройкі і па дарозе вырашыў зайсці да вас, — патлумачыў ён мэту свайго прыходу.
— І правільна зрабілі, — наліваючы ў місу нейкую страву, ад прыпечка прагаварыла Насця. — Вось толькі. Мы гасцей не чакалі.
— Ну, а калі б і чакалі?— Барталамей сядзеў на лаве шчыльна прытуліўшы спіну да цёплай печы. — Тады на стол паставілі б гарэлку і мяса?
— Праз два дні выставім і гарэлку, і мяса, — падтрымаў жонку Самуіл. — Вось у нядзелю разгавеемся і тады. А пакуль пасёрбай з холаду гарачай капусты.
— А дзе Васятка? — не расплюшчваючы вачэй, пацікавіўся госць.
— Спіць, — коратка адказала гаспадыня і паставіла місу з капустай на стол. — Сёння цэлы дзень дапамагаў мне прыбірацца ў хаце, стаміўся і спіць на печы.
Барталамей расплюшчыў вочы — стомленасці ў іх як не было. Ён быў засяроджаны на нейкай думцы, якая, пэўна, даўно не давала яму спакою.
Читать дальше