— Бацька павёз Цімафею два вэнджаныя кумпякі — той абяцаў абмяняць іх на бочачку нейкага адмысловага мёду, а Марцін корпаецца ў садзе — запякае і вэндзіць рыбу.
— Пайду, пагутару з ім.
— Схадзі, сынок, пагутары, — вочы маці пыхнулі такой цеплынёй і пяшчотай, што Самуіл нават крыху сумеўся сваёй рашучасці.
Марцін сядзеў на альховай цурцы ля вялікай бочкі, праз шчыліны якой у празрыстае ад сонечнага святла неба віліся светлыя стужкі дыму. Побач з ім на зямлі ляжала некалькі кавалкаў паперы, а ў руках ён трымаў бяросту з амаль нябачнымі знакамі.
— Як справы, брат? — Самуіл працягнуў руку для прывітання. — Чым займаешся?
— Ды вось рыбу вэнджу, — павольна падняўся з цуркі Марцін. Выгляд ён меў разгублены, нават спалоханы.
— Па нейкіх асаблівых рэцэптах вэндзіш, — Самуіл хітнуў на паперкі, — ці па-старынцы?
— Па-старынцы: на ядлоўцу, яблыні і альховых галінках.
— Што ж, старое не заўсёды дурное, — Самуіл агледзеўся, падцягнуў да сябе цурку, сеў і толькі потым пацікавіўся:
— А што гэта за граматка ў тваіх руках?
— Гэты кавалак бяросты Грышка Галенда забраў з торбы нейкага жабрака, якога ўчора знайшлі памерлым ля Спаса-Праабражэнскай царквы.
— А Грышка — гэта хто?
— Мой знаёмы, сябар Юркі Кацуры, — неахвотна адказаў Марцін і з-пад ілба недаверліва паглядзеў на брата. — А табе навошта гэта ведаць?
— А мне пра цябе ўсё цікава ведаць, бо ты мой брат і сын майго бацькі. Уцяміў?
— Ну-у, — Марцін падняў на брата вочы і той убачыў там і спагаду, і ўдзячнасць, і непаразуменне. Яшчэ ён убачыў там страх, які змейкай віўся па яго пачуццях, скоўваў іх, халадзіў, не дазваляў выплеснуцца вонкі, і Самуіл зразумеў — недарэмна бацька прыйшоў да яго ўчора ноччу праз гразь, дождж.
— Паглядзець можна? — Самуіл паказаў вачыма на бяросту і працягнуў руку.
Бяроста ўяўляла сабой або таямнічае пасланне, або частку карты: вострым прад-
метам, — «пэўна, нажом» — адзначыў Самуіл, — на ёй былі надрапаны вялікі і некалькі маленькіх крыжоў, побач з якімі драпежна вілася вузкая лінія.
— Нейкі падлетак цешыўся, — услых выказаў думку Самуіл і перадаў бяросту брату. — Што ў ёй цікавага?
— А я думаю, што гэта карта месца, дзе схаваны скарб, і той жабрак ведаў пра яго і ішоў забраць. — Марцін паднёс сваю цурку бліжэй і сеў побач з братам. — Я думаю, што вялікі крыж — гэта царква і, магчыма Спаса-Праабражэнская...
— Магчыма, — ахвотна пагадзіўся Самуіл і ўжо па-новаму паглядзеў на кавалак бярозавай кары. — А маленькія крыжыкі што азначаюць?
— Могілкі. Там непадалёку змяшчаюцца закінутыя могілкі, якія ў народзе называюць Перуновымі.
— Быў я некалі на іх. А лінія?
— Мухавец, — коратка адказаў Марцін і, узбуджаны думкамі, падхапіўся з месца. — Ты ведаеш, што на гэтых могілках схаваны скарб, мы здагадваемся даўно. Маем нават сведкаў, якія могуць гэта пацвердзіць і якія на ўласныя вочы бачылі.
— Як нехта там закопваў золата.
— Ды не, — крыху сумеўся малодшы. — Яны бачылі валтузню вакол гэтых могілак.
— Цікава. І што гэта за валтузня?
— А смяяцца, як татка, не будзеш? — Марцін паглядзеў у вочы брата і, не ўбачыўшы там смяшынак, падняў з зямлі адну з паперак і пачаў расказваць:
— Летам 1546 года, на Купалле, у Сёмкі Букаты спыніўся нейкі чалавек. Днём ён адсыпаўся, а вечарам сабраў свае пажыткі, разлічыўся за прытулак і папрасіў Сёмку, каб той перавёз яго на той бераг Мухаўца. Сёмка яго перавёз і, крыху пачакаўшы ў чароце, прасачыў за незнаёмцам. Ён бачыў, як той нейкі час стаяў на каленках і маліўся, а з заходам сонца накіраваўся да Перуновых могілак. Куды ён потым падзеўся, Буката не ведае, бо спалохаўся нячыстай сілы і вярнуўся дахаты.
— Чаму ж ён наступным днём не схадзіў на тыя могілкі і не паспрабаваў сам знайсці той скарб?
— Наступныя некалькі дзён, як расказваў Сёмка, былі навальнічнымі.
— Якія яшчэ гісторыі ты ведаеш? Што яшчэ памятаюць людзі?
— Юрка Гацько расказваў, што гадоў трыццаць таму па Замухавеччы хадзілі чуткі, быццам на закінутых могілках за Спаса-Праабражэнскай царквой па начах гараць агеньчыкі. Г ацько бажыцца, што ўвачавідкі бачыў гэтыя агеньчыкі, а яго старэйшы брат Нічыпар, які лячыў свойскую жывёлу і крыху знаўся з нячыстай сілай, дык і наогул паспрабаваў знайсці той скарб і выкапаць яго з зямлі. Толькі не ўдалася яго задума — напала на яго ля самых могілак цэлая зграя ваўкоў, ледзьве адбіўся ад іх заступам.
— І шмат у цябе такіх сведчанняў?
— Няшмат, але яшчэ ёсць, — Марцін нахіліўся і падняў з зямлі астатнія паперкі.
Читать дальше