Уладзімір МАЖЫЛОЎСКІ
БРУДНАЯ СПРАВА
1
— Не лезь не ў свае справы, Самуіл! Табе заняцца няма чым? — на ўвесь магістрат разносіўся грозны голас берасцейскага бурмістра пана Міхала Ласкевіча. — Забойства раскрыта, душагуб вызначаны, берасцейцы заспакоены. Што табе яшчэ трэба, чым ты не задаволены, чаму не давяраеш вынікам расследавання, якое правёў Фёдар Буцюта?
Берасцейскі лаўнік Самуіл Корчак маўкліва сядзеў на лаве і, як магло падацца, з унутраным трымценнем слухаў бурмістра. Ён нават ківаў галавой, быццам пагаджаючыся з панам Міхалам, аднак у яго вачах, хітра прыжмураных і бяздонных у сваёй цемнаце, пульсавала такая нязгода, што сам бурмістр палохаўся яе, а таму раз за разам прасіў:
— Не лезь ты ў гэтую справу, Самуіл!..
Раптоўна пан Міхал прыціх, напружыўся, бы гончы сабака на паляванні, асцярожна наблізіўся да дзвярэй, рэзка расчыніў іх.
— Што табе трэба, Фёдар? — запытаў ён у некага.
— Ды нічога, — да слыху Корчака данёсся разгублены адказ Фёдара Буцюты, — хацеў запытацца ў тваёй міласці, якое на сёння мне будзе заданне?
— Ідзі ў Замухавечча. Там знойдзеш удаву Астапа Гарбача — скардзіцца кабета, што ў яе апошнімі днямі нехта качак крадзе.
— Дык, можа, сом?
— Вось і разбярыся на месцы.
Буцюта ўжо выйшаў з магістрата, а бурмістр усё яшчэ насцярожана прыслухоўваўся. Потым надзейна прычыніў дзверы і наблізіўся да Корчака.
— Тое, што я табе скажу, Самуіл, ты павінен трымаць за зубамі. Не, гэта не нейкая там дзяржаўная тайна, але пра яе ў нашым горадзе ведае толькі тры-чатыры чалавекі і я не хачу, каб пагалоска пра забойства дасягнула вушэй нашага старосты пана Радзівіла Чорнага.
— Ты мяне крыўдзіш, пан Міхал.
— Маўчы, — адмахнуўся бурмістр. Потым крыху падумаў і сеў на лаву побач з Корчакам. — Вось што ты ведаеш пра забойства карчмара Антука Рубца?
— Я следства не вёў, але чуў ад Буцюты, што чатыры дні таму яго выцягнулі з Мухаўца, а непадалёк ад таго месца на беразе знайшлі труп невядомага жабрака з рассечанай гала-вой. Яшчэ я ведаю, што Федзька Буцюта, якому ты даручыў расследаваць гэтае забойства, вырашыў, быццам жабрак напаў на Антука ноччу, каб яго абрабаваць, але, падаючы ў ваду, аглушаны карчмар усё ж злаўчыўся і рассек сякерай галаву галадранца.
— Але падазраю, што абадранец той быў не звычайнай галотай, а маскоўскім пасланцам, і сустрэча на беразе Мухаўца была ў іх не выпадковай, а дамоўленай. Таму праўду, хто і каго там засек, нам з табой лепш не ведаць.
— А калі я правяду сваё расследаванне?
— Сваё? — бурмістр падняўся з лавы, прыгладзіў сівыя вусы. — Толькі пры гэтым не спасылайся ні на мяне, ні на пана войта. Зразумеў, Самуіл?
Корчак паціснуў плячыма:
— Як звычайна.
2
Самуіл выйшаў з магістрата калі вечаровы паўзмрок сырой покрыўкай ахінуў горад. Нізкае восеньскае неба імжэла дробным дажджом, прымушаючы рэдкіх гараджан хутчэй спяшацца пад дах. Лаўнік з сумам паглядзеў уверх, глыбей нацягнуў на галаву шапку, шпаркімі крокамі перасек гандлёвую плошчу і, тулячыся бліжэй да парканаў, па Кавальскай вуліцы рашуча пакрочыў у бок Замухавечча.
З надыходам вечара купецкія лаўкі зачыніліся, адзінымі крыніцамі святла былі паходні, якія неслі з сабой познія прахожыя. Аднак прахожых тым менш станавілася, чым большы змрок апускаўся на гарадскія пабудовы. Сумніўнай і цяжкай падалася Корчаку яго задума: маўклівыя людзі, іх палахлівая, паспешлівая хада, чорныя парканы ўздоўж вуліцы, брудныя драўляныя насцілы. І цішыня. Менавіта цішыня больш за ўсё прыгнятала лаўніка, прыўносіла ў яго душу незразумелую трывогу, халодным подыхам варушылася ў грудзях. «А мо і праўду кажа пан Міхал — дурную і непатрэбную справу я задумаў? Ну іх да ліха ўсе гэтыя сумненні ў справядлівасці праведзенага Буцютай расследавання. Утапілі здрадніка — туды яму і дарога, засеклі маскоўскага лазутчыка — Бог яму суддзя! Але не, трэба ісці..
Карчма Рубца тулілася да самага берага Мухаўца. Гэта была доўгая, але нізкая, бы прыціснутая да зямлі, пабудова. Маленькія, зацягнутыя бычыным пузыром, акенцы жаўцелі мутным святлом у надыходзячай ночы, але ў будыніне было нязвыкла ціха. Самуіл прайшоў праз расчыненыя веснічкі, штурхнуў дзверы: яны ціха рыпнулі.
Унутры было крыху святлей, чым на двары. Пярэдні пакой асвятляўся лучынамі, у левым куце цьмяна жаўцела лампадка. Самуіл зняў шапку, перажагнаўся, агледзеўся. Наведвальнікаў у карчме амаль не было — толькі ў дальнім канцы стала сядзеў малады чалавек у беднай сялянскай вопратцы і не спяшаючыся піў піва. Лаўнік наблізіўся да незнаёмца.
Читать дальше