— Ну-у, яно так і было, — Фёдар пачухаў патыліцу. — Вось толькі золата.
— А што золата? — абыякава паціснуў плячыма Самуіл і шырока ўсміхнуўся сябру. —
Золата — гэта ўжо задача Глеба Кацуры, ён няхай і вырашае, куды яго дзяваць. Ты ж сваю справу зрабіў выдатна, следства правёў бліскуча і галоўнае — хутка. Думаю, пан Ласкевіч цябе адзначыць.
Твар Фёдара расплыўся ў самазадаволенай усмешцы.
— Ну што ж, — ён падняўся з лавы і на развітанне працягнуў руку Самуілу. — Тады я распараджуся, каб стражнікі адвезлі цела Грышкі да родных.
— У яго няма родных, — урэшце адазваўся і Марцін. — Ён наогул не мясцовы.
Фёдар падазрона паглядзеў на Марціна, потым перавёў разгублены позірк на Самуіла.
— А няхай стражнікі пахаваюць яго на Перуновых могілках, — знайшоўся Самуіл. —
Месца там ціхае, спакойнае, і лішніх пытанняў ніхто задаваць не будзе.
— І праўда! — абрадаваўся парадзе Фёдар і, задаволены, ён выйшаў вонкі.
У хаце зрабілася ціха. Браты думалі кожны пра сваё, аднак маўчалі, баяліся сказаць лішняе, непатрэбнае.
— Хопіць сядзець ёлупнем у хаце, — першым загаварыў Самуіл. — Ідзі супакой Яню, а то зусім згарыць дзяўчына ад гора і невядомасці.
— А Глеб?
— Глеба не кранай. Ён, бы сабака, павінен у адзіноце перабароць бяду, пабыць самнасам з мінулым. Потым, апоўдні, пагавары з ім, налі яму кубак акавіты і прасачы, каб ён лёг спаць.
— А-а.
— Цела Грышкі забяруць стражнікі, Юрку крыху пазней абмыюць суседкі. А золата? Прыбяры яго з вачэй неадкладна, потым вырашыш, што з ім рабіць.
— Не патрэбна яно мне такое!
— Ты ж нядаўна казаў, што яно не мае паху! — Самуіл падняўся з лавы і паспрабаваў зазірнуць брату ў вочы. — Навошта ж тады хадзіў за ім учора?
— Дурнем быў!
— Добра, — адмахнуўся ад братавых слоў Самуіл і накіраваўся да ўваходных дзвярэй, і ўжо ля парога спыніўся, нешта ўспомніў. — Хрыстос уваскрос, брат! — дайшоў да Марціна запознены напамін.
— Сапраўды ўваскрос!