Аднак яго пытанне пачуў Грышка.
— Пра які дым ты кажаш, лаўнік? Гэта чорная зайздрасць да нашага шчасця засцілае табе вочы жоўтым туманам. Так я кажу, хлопцы?
— Ага, — адазваўся адзін Юрка, які нават не разумеў, пра што ідзе гутарка.
«Дарэмна ты спрачаешся з імі, — раптам аднекуль зверху да Самуіла данёсся ціхі шэпт
ветру. Ён нават не пачуў яго, а адчуў усім целам. — Дарэмна разрываеш сваё сэрца ад бяссілля пераканаць іх. Яны самі выбралі свой шлях і без пакаяння адпусцілі душу, якая ахоўвала гэту магілу, таму самі і адкажуць за свае ўчынкі». Разгублены, збіты з толку Самуіл падняў галаву, аднак акрамя халодных зорак у цёмным небе нічога не ўбачыў.
«Хутчэй адсюль, хутчэй з гэтых могілак, у цемру, там выратаванне», — лаўнік паспешліва аддаліўся ад разрытай магілы.
Цемра дыхнула ў твар холадам. Зусім нядаўна ён праклінаў яе, баяўся, парываўся вырвацца з яе абдымкаў, а цяпер з асалодай глытаў яе шырока раскрытым ротам. Толькі тут, за мяжой могілак, ён адчуў, наколькі спалохаўся, якімі мяккімі, непаслухмянымі сталі ногі, наколькі моцна б’ецца сэрца, напаўняючы жывой крывёй жылы. Ён прытуліўся спінай да тоўстай, пасечанай маланкамі і часам, сасны і нават не заўважыў, як побач з’явіўся брат.
— Багаты скарб знайшлі, Самуіл. Вельмі багаты! — голас Марціна звінеў золатам.
— Хадзем адсюль, — быццам не пачуў брата, абыякава прамовіў Самуіл. — Пайшлі да сем’яў.
— Ты ідзі, а мы цябе дагонім, — вочы Марціна, бы ў ваўкалака, свяціліся ў начной цемры чырвонымі вугольчыкамі. — Толькі бацькам нічога не расказвай.
Калі Марцін зноў адбегся да сяброў, Самуіл адштурхнуўся ад дрэва, выйшаў на знаёмую сцяжынку і, не спяшаючыся, пакрочыў да горада. «Ойча наш, каторы ёсць на небе! Свяціся імя Тваё, прыдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым, і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амінь», — шапталі яго вусны.
І ўжо ў хаце, стоячы на каленках перад абразом, ён раз за разам у думках вяртаўся да паходу на могілкі, да сваіх размоў з сябрамі Марціна, убачанага і пачутага там, і чым больш ён успамінаў, тым большы цяжар асядаў на яго душу. Самуіл праганяў дурныя думкі, імкнуўся забыцца ў малітве, аднак думкі ўюнамі лезлі ў галаву і які ўжо раз, шукаючы прычыны свайго незадавальнення, ён усё больш думаў, што паспяшаўся сысці, змаладушнічаў, што трэба сёння ж пагутарыць і з Марцінам, і з яго сябрамі.
Замшэлы крыж так і застаўся дагніваць побач з абязвершанай сасной, якую некалі скалечыла сляпая, а таму бязлітасная да чужога жыцця маланка.
5
Раніцай, яшчэ да ўзыходу сонца, Самуіл памыўся крынічнай вадой, у якую жонка, вярнуўшыся з царквы, паклала некалькі залатых манетак і чырвонае асвечанае яйка. Апрануўся ў святочны строй, пабудзіў Васятку і яго, яшчэ соннага і кволага ад сну, таксама прымусіў памыцца. «Каб быў увесь год чыстым, здаровым і чырвоным, бы велікоднае яйка», — прыгаворваў ён, са смехам паліваючы сыну рукі халоднай вадой.
Пакуль мужчыны мыліся, Насця накрыла святочны стол, за які, папярэдне шчыра памаліўшыся Богу, хутка ўселіся сваёй невялікай сям’ёй, каб разгавецца — уволю паласавацца пасля доўгага посту рознымі прысмакамі.
— Ух, — першым стаміўся есці Васятка. Ён важна пахлопаў сябе па тугім жываце і адкінуўся да сцяны. — Ну я і наеўся, на цэлы тыдзень!
— А цяпер пойдзём яшчэ да дзядулі, — усміхнулася задаволеная Насця. — Што ты там будзеш рабіць?
Пачуўшы пытанне маці, сын на імгненне прыціх. Вочы яго акругліліся, вусны скрывіліся і ледзьве не плачучы, ён паскардзіўся:
— А вы ж абяцалі адпусціць мяне валачобнікам!
— Валачобнікам? — вясёлы выраз на твары Насці саступіў месца шчыраму здзіўленню. Яна нават крыху прыўзнялася з лавы: — Ты яшчэ малы хадзіць па дварах.
— Калі мы табе гэта абяцалі? — сур’ёзна запытаў Самуіл.
— Летась.
— Летась? — бацька хмыкнуў у свае рэдкія вусы, задумаўся, згадваючы леташні Вялікдзень. Потым прамовіў: — Калі абяцалі — ідзі. Толькі скажы, з кім ты пойдзеш, дзе будзеце хадзіць і ці ведаеце вы валачобныя песні?
— Хадзіць мы будзем па Кавальскай вуліцы, — радасна падхапіўся з лавы Васятка. — А песні мы ведаем. — І заспяваў:
Пане гаспадару, слаўны мужу,
Хрыстос уваскрос, Сын Божы!
Слаўны мужу над мужамі!
Слава табе, Божа, на ўвесь свет!
А ці спіш, ляжыш, спачываеш...
— Ну хопіць, хопіць, — замахаў рукамі Самуіл. — Пачуўшы твае спевы, гаспадары апошняе аддадуць, каб ты толькі хутчэй сышоў з іх двара.
Читать дальше