— Я думаю, што наша моладзь павінна ганарыцца тым, што яе папярэднікамі былі не самадуры кшталту Суворава з Пятром, а Кірыла Тураўскі і Еўфрасіння Полацкая, Усяслаў і Вітаўт, Францыск Скарына і Мікалай Гусоўскі, Мікалай Радзівіл Чорны і Філон Кміта, Каліноўскі, Багдановіч, Купала, Барыс Кіт, Пётр Машэраў і многія-многія іншыя.
Дырэктар школы збянтэжыўся. Пэўна, яшчэ не ўсё чалавечае ён згубіў на сваіх партыйных пасадах. Ён з шумам выдыхнуў з грудзей паветра, адкінуўся на спінку крэсла. Ранейшы бляск яго вачэй патух, неяк раптоўна яны спустошыліся, абясквеціліся і мне падалося, што яму самому зрабілася сорамна за гэтую нараду. А я сышоў з катушак. Мяне панесла. «А-а, будзь што будзе, — мільгатнула ў галаве вар’яцкая думка, — выкажу ўсё, што думаю. А потым хай пазбаўляюць прэмій, выганяюць з працы! Пайду працаваць сацыяльным работнікам, адтуль не выганяць».
— Урокі гісторыі заключаюцца ў тым, што аналагічныя падзеі і дзеянні з мінулага па спіралі вяртаюцца ў будучыню. Мы пастаянна паўтараем тое, што ўжо было, толькі паўтараем на іншым, дасканалым узроўні. Зірніце на наш ранейшы ўрад, нашых кіраўнікоў — усе састарэлыя, нямоглыя. Аднак кожны дзень у газетах, па радыё, па тэлебачанні мы чулі: «Пад мудрым кіраўніцтвам Леаніда Ільіча», «як сказаў дарагі Леанід Ільіч» і гэтак з раніцы да вечара. Чаму, хто і навошта ўбіваў у нашы галовы гэткую дурноту?
— Ды ціха ты, — зашыкалі на мяне некаторыя са старэйшых настаўнікаў. Потым яны падхапіліся і, палахліва азіраючыся па баках, падалей ад граху, зніклі з пакоя.
— Не, пачакайце, — я ніяк не мог спыніцца. — Пры Дзмітрыі Данскім дзяржавай кіраваў савет, які бізуном і мячом прымушаў падданых вялікага князя думаць, што пераможца татар — Дзмітрый, што клапоціцца пра народ — Дзмітрый, што за вялікія перамогі толькі ён адзін заслугоўвае павагі і пашаны звацца Данскім. І гэта пры тым, што той сваёй здрадай загнаў Масковію яшчэ на стагоддзе ў татарскую кабалу. А хто памятае пра Баброк-Валынскага? Пра таго ж Андрэя Полацкага і яго сыноў? Ніхто! Адна паказуха!.. Так было і ў нас. «Вось вам, дарагі Леанід Ільіч, Залатая Зорка за асваенне цалінных зямель». «Вось вам маршальскі жэзл і яшчэ адна Зорка за перамогу на Малай зямлі». А дарагі Леанід Ільіч ужо не кіраваў. Ад састарэласці ён нават не бачыў, што краіна імкліва коціцца пад адхон. Ён толькі забаўляўся сваімі бліскучымі медалямі-цацкамі... Чаму мы так баімся праўды? Чаму так баімся белае назваць белым, а чорнае чорным? Навошта гэты бруд? Навошта гэтыя інтрыгі, плёткі, зайздрасць? Жыццё ж у нас ва ўсіх адно і яно такое кароткае!
— Гэта жорстка.
— Так, жыццё жорсткае, — я амаль супакоіўся, — таму і трэба ведаць сваю гісторыю. Яе аналагі пастаянна выпіраюць вонкі то ў адным, то ў другім месцы і іх трэба асцярожна, правільна, улічваючы вопыт мінулага, выпраўляць, а не сячы па-жывому, не вырываць з мясам... Колькі чалавечых лёсаў скалечана з-за нашага невуцтва! Колькі зла і нянавісці прыўнесена ў жыццё па нашай ляноце!...
Я стаміўся. Мне надакучыла даводзіць відавочнае тым, хто баіцца яго ўбачыць, не хоча зразумець. Я перадумаў агольваць сваю душу і, не давёўшы думку да лагіч нага завяршэння, сеў на канапу побач з фізруком. Той у знак прызнання лёгка штур хнуў мяне ў бок локцем: «Захадзі пасля нарады да мяне ў капцёрку».
Нейкі час у настаўніцкай панавала цішыня. Потым падняўся Валерый Іванавіч. За гэтыя дваццаць хвілін ён састарэў на дзясятак гадоў.
— Што ж, — яго голас гучаў квола і стомлена. — Мы з вялікай цікавасцю выслухалі пазіцыю Міхаіла Рыгоравіча. Добра, што ён разумее палітыку ўрада і спадзяюся, будзе ў сваёй працы прытрымлівацца правільнага накірунку... Нарада закончана.
У настаўніцкай яшчэ не заціхла рэха апошніх слоў дырэктара, а настаўнікі ўжо пакідалі свае месцы. Маўчком, апусціўшы вочы, бы цені, яны выпараліся з пакоя і гэтак жа бязгучна знікалі ў сутарэннях школы.
— Да пабачэння, Валерый Іванавіч! — я развітаўся апошнім.
— Усяго добрага, Міхаіл Рыгоравіч!
Я не пайшоў у спартзалу і не памыліўся: на лаўцы, ля ўваходных дзвярэй, чакала Насця. Згледзеўшы мяне, яна паднялася, падхапіла пад руку і нейкі час мы павольна крочылі побач і маўчалі. І толькі каля дому яна не ўтрымалася: спынілася, узяла мяне за галаву, нахіліла яе і пацалавала. «Я кахаю цябе! Моцна кахаю!» — былі яе словы, і я зразумеў — гэта праўда. Каханне і праўда! Дзеля іх толькі і трэба жыць!
Вось ужо гэта спіраль гісторыі! Усё паўтарылася, як і дваццаць пяць год таму.