Сяргей БЕЛАЯР
ПОЛЮС НЕДАСТУПНАСЦІ
Чалавек — адзіная жывая істота, якая стварыла зброю для ўзмацнення сваёй слабасці.
Сілаван РАМІШВІЛІ
I
82°53’14’’ пд. ш., 55°04’30’’ у. д.
З вышыні антарктычная станцыя нагадвала падкову з шарападобным уздуццем усярэдзіне. Пафарбаваная ў чырвона-аранжавы колер, яна рэзка вылучалася сярод асляпляльных снягоў і брудна-шэрых скал. Побач са станцыяй былі раскіданы цёмна-зялёныя кубікі кантэйнераў з абсталяваннем і матэрыяламі.
— «Полюс недаступнасці» закансервавалі ў восемдзесят восьмым, калі стала зразумела, што грошы на правядзенне палярных даследаванняў у Савецкага Саюза скончыліся, — патлумачыў прафесар Казанцаў, гледзячы ў ілюмінатар. — А праз тры гады СССР загадаў доўга жыць. Расійскай Федэрацыі станцыя была не патрэбна, і пра яе забыліся да мінулага года, калі ваш прэзідэнт выказаў жаданне мець уласную ў Антарктыдзе.
— І вы падаравалі яе нам з умовай, што мы ўсё адновім уласнымі сіламі? — дацэнт Медзелец крывіўся. Грукат верталётных лопасцяў, якія люта секлі паветра, балюча ціснуў на барабанныя перапонкі. Не ратаваў нават шлемафон.
— Менавіта так, Яўген Святаслававіч! Фронт работ там невялікі — дамо рады за тыдзень. Са снежня экспедыцыя пачне працу!
— Хутчэй бы!
— Разумею ваша нецярпенне, — усміхнуўся Казанцаў, — сам у вашы гады быў такім. Усё хацелася перавярнуць свет. Шкада, сіл не хапіла.
— Што вы такое кажаце, Глеб Міхайлавіч?.. Ваш уклад у навуку неацэнны!
— Няхай пра гэта судзяць нашчадкі! — шчокі прафесара пакрыліся лёгкай чырванню. — Зніжаемся, трымайцеся! І насуньце акуляры, калі не хочаце зарабіць снежную аўтальмію.
Медзелец адчуў палёгку, калі Мі-8 дакрануўся коламі да лёду. Усё ж такі яго першы палёт.
Лопасці ўжо спыніліся, а пароша працягвала кружыцца ў паветры. Толькі пасля таго, як снег асеў, бортмеханік ссунуў дзверы і скінуў трап.
— Усе на выхад! — загадаў Казанцаў.
Весела перагаворваючыся, цяжка нагружаныя сумкамі пасажыры пакінулі борт.
Тэмпература апусцілася да мінус дваццаці пяці, аднак мароз не адчуваўся — на небе свяціла сонца. Хуткасць ветра не дасягала і двух метраў у секунду.
— Звярніце ўвагу на не зусім звычайную форму «Полюса недаступнасці» — яна лічылася эксперыментальнай. Пасля аказалася, што сумешчанае распалажэнне модуляў і блокаў больш рацыянальнае, чым раздзельнае. — Казанцаў наблізіўся да дзвярэй і дастаў незвычайнай формы ключ. — Не зразумеў! Станцыю павінны ж былі замкнуць!
— Белыя мядзведзі?
— Пасаромеліся б, Пётр Сцяпанавіч! Якія яшчэ белыя мядзведзі ў Антарктыдзе?
— Хутчэй пінгвіны, але тут — не прыморская паласа, дый наўрад ці яны настолькі разумныя, каб пракрасціся ў закрытае памяшканне, — сказаў Медзелец.
— А людзей тут няма на сотні кіламетраў вакол. Хутчэй за ўсё, проста забыліся зачыніць. Сардэчна запрашаем!
Усярэдзіне было цёмна.
Па падлозе заскакалі прамяні ліхтарыкаў. Тамбур тоўстым пластом пакрывалі іней і смецце.
— Кір Генадзьевіч, праверце праводку і запускайце электрастанцыю! Нам патрэбна святло і цяпло! Паспрабуйце зрабіць усё як мага хутчэй!
— Добра, Глеб Міхайлавіч! — інжынер-энергетык павёў за сабой чацвярых.
— Руслан Карлавіч, займіцеся вадаправодам і каналізацыяй!.. Валерый Іванавіч, паклапаціцеся пра сувязь!.. Інакенцій Паўлавіч, на вас інвентарызацыя склад оў і разгрузка кантэйнераў!.. Фёдар Лукіч, адказваеце за гарачую ежу!
— Вячэра будзе паводле раскладу!
— Астатнім навесці на станцыі парадак!.. Ну а мы, калега, хадземце ў навукова-даследчы модуль. Думаю, вам будзе цікава зірнуць на тэхнічныя навінкі маёй маладосці.
Медзелец не стаў пярэчыць, і навукоўцы пакрочылі па калідоры. Адсутнасць асвятлення і паўкруглае скляпенне стваралі ілюзію прысутнасці на касмічным караблі, якім яго паказвалі ў савецкай навуковай фантастыцы. Уражанне псавала смецце.
— У свой час станцыю абсталявалі па апошнім слове тэхнікі, у тым ліку і замежнай вытворчасці — Акадэмія навук фінансавалася зусім не паводле рэшткавага прынцыпу... Вось мы і прыйшлі!
Сцены вялізнага памяшкання ад падлогі да столі былі застаўлены абсталяваннем разнастайнага прызначэння.
— Гэта ж самыя сапраўдныя рэлікты! — дацэнт працёр рукавіцай адзін з пры бораў. — Цікава, працуе ці не?.. Чорт, прайшло ж больш за дваццаць гадоў!
— Тады ўмелі рабіць на сумленне, калега. Мяркую, нешта мы зможам выкары стаць для ўласных патрэб. Разбярэцеся?
Читать дальше