— Грошы будуць, — не пакідала Пратасевіча ўпэўненасць.
Слухаючы яго, можна было падумаць, што ў ягоных кішэнях не вецер гу-ляе, а ляжыць непачатая пачка асігнацый і ён, доўга не ведаючы, што з імі рабіць, нарэшце знайшоў ім прызначэнне, таму нават гатовы падзяліцца часткай і са мной.
— Адкуль з’явяцца яны? — я не падзяляў ягонага аптымізму.
— Крэдыт возьмем, — Слава паглядзеў на мяне як на дзівака, у ягоным позірку прачытвалася: грошы на паверхні ляжаць, а ты яшчэ сумняваешся, ці браць іх.
Падобны варыянт, дарэчы, мне і ў галаву не прыходзіў. Дый, у рэшце рэшт, на той час я і слаба ведаў, што такое крэдыт і з чым яго ядуць. Аднак прызнавацца Пратасевічу ў гэтым не стаў. Моўчкі пацвердзіўшы сваю дасведчанасць, запытаўся:
— Думаеш яго нам дадуць?
— А хіба мы горшыя? — на пытанне пытаннем адказаў Слава.
Я не сумняваўся, што мы не горшыя. Я нават быў перакананы, што мы ў многім за шмат каго лепшыя. Але ж, у гэтым я таксама быў перакананы, крэдыт не даецца па прынцыпе: лепшы — горшы. Пры атрыманні яго дзейнічаюць іншыя крытэрыі. Дый суму нам трэба браць не такую і малую.
Прынамсі, бухгалтарша рэдакцыі, даведаўшыся пра наш намер — у курс справы яе ўводзіў Слава, а я сціпла стаяў збоку і маўчаў, ці то са здзіўленнем, ці з неразуменнем паглядзела на нас:
— Хлопчыкі, вы ўяўляеце сабе, якія гэта грошы?
Слава ўсміхнуўся:
— Думаеце, мы лічыць не ўмеем?
— Але ж грошы аддаваць трэба, — працягвала бухгалтарша.
— На гэта і ёсць крэдыт, — павучальна адказаў Пратасевіч.
— Яно то так, — пагадзілася бухгалтарша і тут жа спахапілася: — А ці дадуць яго вам?
— Чаму не дадуць?! — умяшаўся ў гаворку я. — Усім даюць, а нам не дадуць.
— Прабачце, — пачала апраўдвацца бухгалтарша, — мне трэба было гэта адразу вам сказаць. Як жа я і запамятавала, — яна пачала рыцца ў нейкіх сваіх паперах. — Здаецца, гэтыя, — раскрыўшы папку, пачала ўважліва чытаць. — Сапраўды, — уздыхнула яна, — каб атрымаць крэдыт, трэба адпрацаваць год, а вы.
Мы працавалі ўсяго некалькі месяцаў.
— Не дадуць вам крэдыт, — адказала бухгалтарша і па тым, як гэта было сказана, адчувалася, што яна хацела б нам дапамагчы. — Што ж рабіць? — задумалася яна.
Мы стаялі моўчкі. У Славы быў такі выраз, быццам пад пагрозай аказалася здзяйсненне самай галоўнай ягонай мары. Далёка не лепшае адчуванне было і ў мяне. Калі дагэтуль ніякага паліто-джэрсі мне не хацелася, то цяпер. Уявіў сабе, як мы са Славам у джэрсі з’явімся на вуліцах Драгічына. Глядзіце: «рэдакцыя» ідзе. Здаецца, я нават усміхнуўся сам сабе, быццам увачавідкі ўбачыўшы ўсё гэта. Аднак бухгалтарша праз нейкае імгненне вярнула мяне з нябёсаў на зямлю. Правільней, наблізіла да яе, бо выхад з таго незайздроснага становішча, у якім мы апынуліся, усё ж меўся.
— Калі рэдактар угаворыць старшыню райспажыўсаюза, — сказала яна, — то могуць для вас, як для маладых спецыялістаў, зрабіць выключэнне.
Гэта, канечне, быў варыянт, які даваў нам права на жыццё. Прабачце, права на набыццё паліто-джэрсі. Птушка-шчасця вось-вось магла апынуцца ў нашых руках, калі ўдасца ўгаварыць. Што рэдактар пойдзе нам насустрач, мы ніколькі не сумняваліся, але ці ўгаворыць ён старшыню райспажыўсаюза, гэта пакуль што знаходзілася пад пытаннем. Праўда, зноў жа сумняваўся толькі я. Пратасеіч жа быў упэўнены, што ўсё для нас абавязкова скончыцца добра.
Праўда аказалася на Слававым баку. Рэдактар наш Каваленка быў цудоўным чалавекам. Да тых рэдкіх людзей належаў, якіх трэба яшчэ пашукаць. Таму Антонавіч ахвотна пайшоў нам насустрач. Ён без асаблівай цяжкасці дапамог, бо ведаў па сутнасці ўсё раённае начальства, а раённае начальства добра ведала яно. Дый не апошнюю ролю, канечне, сыграла тое, што мы са Славам патраплялі пад катэгорыю маладых спецыялістаў.
Праўда, бухгалтарша, афармляючы набходныя дакументы на атрыманне крэдыту, усё ж была менш аптымістычная.
— Вы хоць падумалі, як жыць будзеце? — яна па-мацярынску заклапочана паглядзела на нас. — Вам давядзецца штомесячна выплачваць не такую і малую суму.
Запярэчыць нам не было чым, але і адступаць не збіраліся. Адступленне ўспрымалася паражэннем. Нам жа неабходна была перамога, і толькі перамога. Няхай і такая маленькая, як набыццё паліто-джэрсі. Праўда, калі ва ўнівермагу пачалі прымерваць тое, што нам прапанавалі, я засмуціўся. Звычайна люблю светлыя колеры, але памерам мне падыходзіла толькі карычневае паліто. Аднак іншага выйсця не было — хто ведае, калі завязуць чарговую партыю. Дый ці завязуць яшчэ.
Читать дальше