Калі падзяліўся з Пратасевічам такой задумкай, той засмяяўся:
— Цікава, а як успрыме такі варыянт Лазаравіч, — ён меў на ўвазе адказнага сакратара рэдакцыі Эціна, які любіў, каб ўсе яго называлі Мікалай Лазаравіч, але за вочы часам казалі Калман Лазаравіч, як і было напісана ў ягоным партыйным білеце. — Заўважыць ці не заўважыць падвох?
— Але ж гэты варыянт трэба яшчэ прыдумаць.
— Ты пісаў, ты і думай, — Слава даў зразумець, што цалкам разлічвае на маю фантазію.
Давялося ламаць голаву, бо ўсё аказалася не так і проста. Некалькі варыянтаў перабраў. Нарэшце спыніўся на тым, які падаўся мне найбольш прымальным: і сур’ёзна, і з некаторым жарцікам. Назваў я гэтае выступленне «З нішчымніцы на скібку з маслам».
— Няблага, — пахваліў Пратасевіч.
— Цудоўна, — я быў больш высокай думкі пра тое, што нарадзіла мая фантазія. — Лазаравіч ніколі не западозрыць, што такі загаловак для выступлення ў святочным нумары Героя Сацыялістычнай Працы не падыходзіць.
Так і атрымалася. Прачытаўшы матэрыял, Эцін застаўся вельмі задаволены.
— Маладзец, — сказаў ён Пратасевічу, мяркуючы, што гэта ён, як і было задумана, паспяхова і своечасова выканаў рэдакцыйнае заданне. — Дый загаловак, што і трэба. Не заштампаваны, а свежы.
Пасля такой высокай ацэнкі працы не прагуляцца грэшна. Што мы і зрабілі з чыстым сумленнем. Калі ж вярнуліся ў рэдакцыю, убачылі, што паласа, на якой мусіла стаяць гэтае выступленне, ужо звярстана і яе чытае дзяжурны. Ён таксама не ўбачыў ніякага падвоху ў загалоўку і спакойна аддаў паласу адказнаму. Лазаравіч чарговы раз узрадаваўся, што ўсё ідзе па плане:
— Усе палосы гатовы. Прачытае рэдактар і будзем друкаваць.
— Мікалай Лазаравіч, — спахапіўся я, — дык гэты загаловак не падыходзіць і паказаў на выступленне Героя Сацыялістычнай Працы.
— Чым не падыходзіць? — Эцін засмяяўся. — Дасягненні савецкай улады навідавоку: «З нішчымніцы на скібку з маслам».
— Як быццам і правільна, — падтрымаў мяне Пратасевіч, — але ж адначасова крыху і смешна.
Эцін задумаўся.
— Сапраўды штосьці не тое, — нарэшце вырвалася ў яго. — Куды ж ты глядзеў, — маючы на ўвазе Славу, абурыўся ён.
— Не я такі загаловак прыдумаў, — пачаў апраўдвацца Пратасевіч, — а Саша.
— То чаму згадзіўся? — дапытваўся Лазаравіч. — Матэрыял жа твой.
— Пажартаваць хацелі, — патлумачыў я.
— Жартаўнікі знайшліся, — Эцін задумаўся. — А і сапраўды, лепей загаловак памяняць.
Так і зрабілі, знайшоўшы нешта гэткае ж правільнае, але больш сур’ёзнае.
Не надта фарсі, калі маеш джэрсі
Пытанне на засыпку: вы ведаецце, што такое джэрсі? Адрасую гэтае пытанне, зразумела, у першую чаргу людзям майго пакалення, альбо крыху старэйшым ці маладзейшым, бо калі хто-небудзь з моладзі і паспрабуе адказаць на яго, то, хутчэй за ўсё, згадае востраў з такой назвай. Але я маю на ўвазе зусім не гэты востраў, а.
Тут жа людзі пажылыя і прыпомняць, што ў сярэдзіне шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя вялікае распаўсюджванне атрымала тканіна джэрсі. Дарэчы, назоў яе ўзнік менавіта ад назвы вострава Джэрсі. Каб лепш расказаць, што яна ўяўляла сабой тым, хто яе ніколі не бачыў, я вырашыў зазірнуць у Беларускую энцыклапедыю, у якой і прачытаў: «асновавязаная тканіна (трыкатаж) з шарсцяных, баваўняных, шаўковых ці сінтэтычных нітак, а таксама адзенне з такой тканіны». Толькі ў энцыклапедыі не сказана, што гэтая аснова была надта ж танюткая і наклейвалася на гуму ці на штосьці падобнае. Калі ж перавесці ўсё ў практычнае рэчышча, то яна прыгожая, практычная (не мнецца), аднак, па сутнасці, не грэе.
Аднак што нам са Славам было думаць пра тое, наколькі вырабы з джэрсі цёплыя. Нас, маладых, гарачых, гэта ніколькі не цікавіла, затое вабіла прыгажосць гэтай тканіны. Убачыўшы ў раённым універмагу паліто з джэрсі, Славу адразу захацелася купіць яго. Мае ўгаворы, што зімой у ім будзе холадна, а акурат на зіму ён і збіраўся прыдбаць гэты цуд, нічога не далі.
— Купляю, — заявіў ён з такой упэўненасцю, быццам у ягонай кішэні ляжала 180 рублёў, якія неабходна было заплаціць за паліто, а гэта два тагачасныя месячныя заробкі. Гэтаксама рашуча дадаў: — І ты купляй.
Такое паліто, не сказаць, каб мне падабалася, але ж за сябра трэба і ў ваду, і ў агонь ісці, а тут нейкае адзенне. Не падтрымаць Славу было раўназначна здрадзе. Здрадзіць жа Пратасевічу я не мог, чаго б гэта мне ні каштавала. Адно мяне стрымлівала ў гэтым патрыятычным учынку— дзе ўзяць такія грошы.
Читать дальше