Віктар паглядзеў з-пад ілба на начальніка экспедыцыі, і твар яго непрыгожа перасмыкнуўся. Юнак зразумеў: нарэшце прыйшоў той момант, калі ён павінен паказаць сваю гордасць і знявагу да небяспекі, каб пасля атрымаць высокае права на павагу ад дзяўчыны, якую кахаў...
Апусціўшы ўніз галаву і стрымліваючы нейкае ўнутранае ліхаманкавае дрыжанне, Віктар нерашуча спытаў:
— Іван Іванавіч, я маю права на подзвіг?
— Вядома, — адказаў той, не разумеючы, да чаго хіліць штурман.
— Тады дайце магчымасць застацца мне з вамі...
Дзянісаў заклапочана сціснуў у кулак падбародак i непрыкметна зірнуў на Алега.
Алег моцна пачырванеў. Ён не разумеў Віктара i таго, дзеля чаго той ішоў на такі ўчынак. «Адступіўся? — падумаў юнак. — Не, на гэта не падобна...»
Нейкі момант усе маўчалі. Нарэшце Дзянісаў зрабіў жэст рукой у бок Алега і сказаў:
— Калі ты сапраўдны сябра, павiнен зразумець...
— Добра. Я згодзен, Віктар, — сказаў ціха Алег.
На другі дзень «Вулкан» быў падрыхтаваны да адлёту. Поль Арноль i Роб, цёпла развітаўшыся з Дзянісавым і Віктарам, пачалі ўзбірацца па капронавай лесвіцы да шлюзавай камеры ракеты.
Алег стаяў на шэрай базальтавай пляцоўцы, слухаў апошнія распараджэнні Дзянісава.
— Калі забярэце Макса з «Алмаза», зробіш кругавы аблёт Месяца і над морам Нектара выходзь на курс.
— Зразумела, Іван Іванавіч, — бадзёра прамовіў Алег і па-вайсковаму казырнуў.
— Ну, добрай дарогі! — шчыра пажадаў начальнік экспедыцыі.
У гэты час Віктар Машук падышоў да Алега i, па-мужчынску абняўшы яго, сказаў:
— Ты будеш бачыць Наташу?
— Пастараюся.
— Перадай, калі ласка: я перад ёй вінаваты...
Позірк Віктара быў такі сур’ёзны і лагодны, што Алег адчуў, як ў душы яго раптам парвалася нейкая туга нацягненая струна. Затуманіліся вочы.
— Перадам, Віктар, абавязкова перадам!— голас яго дрыжаў, хоць ён і стараўся не паказаць свайго хвалявання.
Яны развіталіся.
Праз некалькі хвілін «Вулкан» стартаваў з Месяца.
Эпілог
Мінулі дні... Была пераадолена вялікая прастора і час... Алег выдатна прывёў на Зямлю свой касмічны карабель. Вядома, ён ніколі не забудзе той сустрэчы, якая была падрыхтавана ім.
Масква танула ў кветках... Гучалі аркестры... Марскім прыбоем кацілася ўрачыстае «ўра»...
Вядома, яго знайшла Наташа. Яны моцна і горача пацалаваліся.
I вось яны ўдваіх у кватэры. Не вельмі пышна абстаўлены пакоі, затое колькі ў іх святла, сонца, паветра! Вокны расчынены насцеж, як і іх маладыя сэрцы. 3 чацвёртага паверху адкрываецца шырокая перспектыва Ленінскіх гор. Стаіць абкружаны ружовай дымкай універсітэт, ззяе светлы мармур калон палацаў, узвышаюцца стрэльчатыя вежы, лёгка і велічна перакінуты праз раку фермы мастоў.
Пад акном — сад. Стаяць абцяжараныя пладамі яблыні. Недзе ў галлі пяе птушка. Алег застыў ля акна, зачаравана слухае яе.
— Ты ведаеш, пра што яна пяе? — задумліва пытаецца Наташа, становячыся лобач.
— Пра воблакі і блакіт неба, пра навальніцы і вятры, пра лясы і ззяючыя росы, — пра ўсе тое, аб чым сумуе сэрца i што стварае прыгажосць, — адказаў Алег з нейкім замілаваннем і ўздымам.
— Ты адгадаў, мой харошы, — уздыхнула Наташа. — Я толькі хачу дадаць: пяе яна аб нашым шчасці i аб нашых сябрах.
Алег радасна ўсміхнуўся. Яны разам, адным зачараваным позіркам адшукалі на небе шэры, нібы заімшэлы, дыск Месяца і доўга глядзелі на яго. Там працавалі і жылі Дзянісаў і Віктар...
— Гэта праўда, — Алег павярнуўся і, абняўшы Наташу за плечы, доўга пазіраў у яе твар.
— Што гэта? Ты плачаш? — спытаў ён здзіўлена.
— Так, плачу...
— Чаго?
— Не хвалюйся, Алег. Гэта харошыя слёзы: з душы выходзіць боль, смутак, неспакой...
У вокны хлынуў паток свежага ветру. Шумеў сад, хісталіся цені, разбягаліся ў небе хмаркі. Перад імі ляжаў вялікі свет радасці і шчасця, які патануў у моры сонечнага святла, у зялёнай кіпені вечна маладой і вечна прыгожай прыроды.
***
Беглі косыя, з намыленымі чупрынамі хвалі. За імі ўдалечыні ўгадвалася блізкая Зямлй. Нарэшце моцна прыпаены да акіянскай пустыні небасхіл прыўзняўся — і нават з ілюмінатара лёгка сталі бачны далёкія гмахі галоўнага горада Штатаў.
Поль Арноль апрануўся, выйшаў на палубу. Навокал чайкі. Акіянскі лайнер, нервова ўздрыгваючы прасоленымі бартамі, імкліва ляцеў па крутых гаманлівых хвалях.
Поль падышоў к мосціку, нахіліўся над поручнямі. Сіняя акіянская каламуць зірнула яму ў вочы. Закружылася галава, і ён, прыкрыўшы рукамі твар, адышоў у бок.
Читать дальше