— Я табе раскажу аб усім на Зямлі, — прамовіў Алег. — Згода?
— Згода, — адказала дзяўчына з лёгкім уздыхам.—Змагайся, працуй і абавязкова вярніся! Мы вас чакаем!
Люстэрка экрана мільганула i пагасла. Алег адышоў у бок і сеў за столікам, насупраць Роба.
— Таварыш Дрозд, можа ў шашкі згуляем? — звярнуўся да яго замежны сябра.
Алег жвава ўзняў вочы і калі, нарэшце, да яго дайшоў сэнс пытання, усміхнуўся, адказаў:
— 3 вялікай радасцю, Роб!
Якія гэта былі шчаслівыя хвіліны! Праз ледзяныя прасторы сусвету, праз чорныя бяздонныя яго нетры патокі электрамагнітных імпульсаў данеслі гарачую ўсмешку дзяўчыны, яе чысты голас, невыказаны смутак і каханне. Будзь-жа блаславенная радасць гэтай сустрэчы!
Які вялікі, неабсяжны сусвет, але ўсюды, куды ні трапіць чалавек, за ім ляціць, яго шукае спадарожнік жыцця і маладосці — святое, гордае каханне.
***
На другі дзень жыхары Месяца сабраліся на нараду. Па заданню Дзянісава Алег зрабіў разлікі на старт, і цяпер расказваў сябрам аб магчымасцях звароту на Зямлю.
Справа ўскладнялася. Паліва ў ракеце засталося мала. Яго хапала толькі, каб узняць ракету i двух чалавек.
Усе сядзелі строгія, задумлівыя. На ілюмінатары ляжаў кавалак чорнага неба з блакітнаватымі іскрынкамі зорак.
Іван Іванавіч заклаў рукі за спіну і хадзіў сюды-туды па каюце.
— Тут трэба галава Саламона, — сказаў нарэшце Віктар.
— На Саламона спадзявайся ды і сам кумекай, — заўважыў Дзянісаў.
Роб Пітэрс ускудлачыў чорныя валасы і, узняўшы галаву, сказаў:
— Што-ж, мы застанемся. Нам не прывыкаць з Полем. Будзем весці назіранні за прыладамі, рабіць запісы, дапамагаць вам абсталёўваць навуковы гарадок...
Поль злосна бліснуў вачыма на свайго суайчынніка.
— Ідзі да д’ябла, Роб! — сказаў ён стрымана. — Я не хачу заставацца ў гэтай пякельнай пустыні. Я ўжо ад гэтых халодных каменняў захварэў. У мяне грып.
Алег усміхнуўся.
— Прычына сур’ёзная, сябры. Мы не можам рызыкаваць будучыняй гэтай планеты. Яна павінна быць чыстай...
Роб задаволена ўсміхнуўся. Яму было прыемна, што Алег так жорстка, саркастычна насміхаўся з Поля. Няхай ведае, чаго каштуе яго сквапнасць і фанабэрыстасць.
На небасхіле заходзіла Сонца. Доўгія цені ад высокіх горных вяршынь з кожнай гадзінай усё бліжэй і бліжэй падступалі да ракеты.
Алег нейкі момант разглядаў суровы ландшафт Месяца, потым адвёў позірк ад акна і, паказаўшы на макет ракеты, што вісеў на сцяне, сказаў:
— Есць адзін выхад — зняць антэны.
— А яшчэ што? — незадаволена і насмешліва буркнуў Дзянісаў. — Можна выкінуць тэлевізары? Так?
Алег збянтэжыўся.
I вось устаў Роб, магутны і высокі. Сваёй спіной ён засланіў два ілюмінатары, і ў ракеце адразу стала цемнавата.
— Я маю прапанову, — сказаў ён хрыплаватым нізкім голасам.— Яна вельмі простая: я знайду паліва!
Усе здзіўлена паглядзелі на негра. Аб чым ён гаворыць, на што спадзяецца?
Іван Іванавіч наблізіўся да замежнага госця, прыжмурыў бровы:
— Ну, ну, гаварыце!
— Мы забыліся пра «Анаконду»! Алюмініевы і магніевы лом — выдатнае паліва, — сказаў ён і паволі сеў у крэсла.
— Гэта тое, што нам трэба! — усклікнуў Дзянісаў. — Вы малайчына, Роб!
На некалькі хвілін усталявалася цішыня. Толькі чутно было, як бег час, ды як стукалі ў грудзях сэрцы. У кутку каюты на канапцы круціўся, бы на іголках, Поль Арноль. Усе разумелі непакой капітана «Анаконды».
Роб устаў і пачаў збірацца ў дарогу. Дзянісаў разгарнуў карту, накрэсліў маршрут і перадаў яе Робу. Той паволі згарнуў яе і паклаў у цэлулоідны планшэт. Потым павярнуўся да Арноля, сказаў:
— Містэр Поль, нам пара!
— А вы вазьміце i на маю долю, — ні то з усмешкай, ні то сур’ёзна сказаў Арноль і неахвотна падышоў да гардэробнай, дзе вісеў яго касмічны касцюм.
— Няўжо вы не ведаеце, што тут яшчэ не нарадзіліся дурні, каб служыць вам, — сказаў з несхаванай злосцю Роб. — Хутчэй варушыцеся, Поль! Вам падвярнуўся выпадак вярнуцца на Зямлю, а вы марудзіце!
Яны выйшлі з ракеты.
I вось праз гадзіну Роб i Поль, абліваючыся потам, вярталіся назад. Яны то ўздымаліся ўверх, то бегалі па глебе, спатыкаючыся аб каменні. Плечы іх горбіліся пад цяжарам вялікіх паклаж.
Няўклюдныя постаці адкідвалі доўгія, пачварныя цені, і яны здаваліся ў гэты момант нейкімі страшыдламі, што павылазілі з чорных шчылін каменнай планеты.
А тым часам члены совецкай экспедыцыі вырашалі, хто павядзе ракету на Зямлю.
— Давядзецца ляцець табе, Віктар,— сказаў Іван Іванавіч Дзянісаў пасля доўгага роздуму. — У Алега тут многа спраў...
Читать дальше