У грудзях моцна затахкала сэрца. Не было сумнення — там Дзянісаў, Віктар i нехта з чужаземцаў...
Уздрыгнулі губы, сціснулася ў радасці сэрца. Што іні кажы, а з пакут таксама можа вырасці шчасце!
— Сябры... Таварышы! — выгукнуў Алег, і яму здалося, што ад яго голасу скалануўся ўвесь акамянелы, халодны свет.
Яго пачулі, спяшаліся на дапамогу. Алег ужо добра валодаў сабой і сам прабіраўся праз цясніны, востраверхія хрыбты, бяздонныя катлавіны насустрач сваім сябрам.
Яны ўвайшлі ў каюту ракеты. Іван Іванавіч першым прапусціў Алега і загадаў яму адразу-ж распранацца. Цяпер можна было добра разгледзець твар юнака. Ён быў бледны, схуднелы, нават не верылася, што за адны суткі можна так змізарнець. Толькі вочы Алега свяціліся па-ранейшаму горача.
— Ну, раскажы, як усё здарылася, — сказаў Дзянісаў, сядаючы побач з Алегам.
— Як кажуць, чорт панёс на гнілы мост... Вось палез на скалу за гэтым каменем і сарваўся.
Віктар Машук працягнуў руку.
— Пакажы!
Камень быў з аднаго боку аголены, як-бы складзены з асобных каляровых плітак, з другога — пакрыты нейкім аксамітным мохам. Віктар крануў гэты мох рукой і здзіўлена ўтаропіў позірк у Дзянісава.
— Іван Іванавіч... — прамармытаў ён ціха. — Што за цуд?
Дзянісаў адарваў кавалачак моху і, сеўшы за столік лабараторыі,некалькі хвілін глядзеў на яго праз мікраскоп. Потым павольна павярнуўся і глыбокадумна прамовіў:
— Жыццё скупое — і адзенне такое...
— Дык гэта расліннасць? — здзівіўся Алег.
— Яна самая, — выдыхнуў Дзянісаў і павольна закрочыў па каюце.— Нечакана-нягадана... Бачыш, якое магутнае... жыццё... Без паветра, вады, а заваявала месца.
— Як гэта растлумачыць? — звярнуўся Віктар да Дзянісава. — Мне не верыцца...
— Тлумачэнне тут простае, сябры, — сказаў ён. — Жыццё ўсемагутнае. Як бачыце, яно заваявала Месяц раней, чым розум чалавека. I гэта не дзіўна: i на Зямлі ёсць мікраарганізмы, якія не баяцца лютага холаду і пякельнай гарачыні.
Радасць ахапіла людзей. Няхай жыццё тут хілае, убогае, яно ўпрыгожвае гэты застыглы змрочны свет, чапляецца за каменыі, сагравае іх сваім нясмелым, патаемным дыханнем.
Жыццё... Жыццё... У цябе — бездань магутнасці! Ты ўсюды вядзеш барацьбу — i перамагаеш! Як слаўна гэта ўсведамляць, асабліва тут, у гэтым нямым царстве гарачыні i холаду.
— Не дарэмна ты пакутаваў, Алег, — сказаў шчыра Віктар. — Я зайздрошчу табе...
Алег пільна прыгледзеўся да таварыша. Віктар трымаў сябе падкрэслена проста, быў вясёлы, задаволены. Алег успомніў пра Наташу i насцярожыўся. Ці не памірыліся яны? Магла-ж яна падумаць, што ён, Алег, загінуў i навек страчаны для яе!
Алег уздыхнуў.
Дзянісаў паспеў заўважыць клопат на яго твары і спытаў:
— Цябе што-небудзь трывожыць?
— Зямля... — прызнаўся Алег. — Яна разбудзіла мяне, шаптала нейкую казку... Што там?
— Нічога асаблівага. Бачыш, вісіць на месцы.
— I віунь там, — паказаў рукою Віктар, — самая светлая кропка. Гэта астравок твайго жадання.
— Ты кпіш з мяне, Віктар!—нахмурыўшы бровы, сказаў Алег.
— Хопіць! — папераджальна спыніў хлопцаў Дзянісаў, баючыся, што яны пачнуць сварыцца. — Усе канфлікты вырашыце пазней. Сядзіце ціха, уключаю Зямлю!
Успыхнуў шырокі экран тэлевізара. У каюту ўварваліся гукі міузыкі, галасы. I вось на светлай мазаіцы люстэрка адлюстравалася лёгкая постаць дзяўчыны з туга сплеценым вянком кос на галаве.
Позіркі Алега і Наташы сустрэліся. Наташа нават адступіла крок назад, уражаная нечаканасцю. Толькі яна клікала яго, шукала ў эфіры i вось радасць — ён жывы і здаровы стаіць перад экранам.
— Алег!
— Наташа!
Наташа ўсміхалася праз слёзы. I ўсмешка яе была такая ціхая, ясная, шчаслівая, што нават Дзянісаў не вытрымаў і вінавата заморгаў павекамі.
— Ух, як горача ў каюце, — прамовіў ён, нібы ў апраўданне. — Вочы пацеюць...
Прайшлі хвіліны няёмкага маўчання. Наташа ўзняла галаву. Яна была па-ранейшаму строгая і гордая, хоць яшчэ было відаць, як усхвалявана дыхаюць яе грудзі.
— Дзякую табе, Наташа. Ты выратавала, знайшла мяне...
— I не Полю Арнолю, а вам, Наташа, давядзецца плаціць выкуп за Алега, — жартаўліва сказаў Дзянісаў.
— Што за выкуп?
Іван Іванавіч ніякавата павёў плячыма і растлумачыў:
— Дробязі, Наташа. Проста наш госць, містэр Арноль, хацеў крыху зарабіць. Ха-ха-ха!.. — засмяяўся ён і глянуў на Поля.
Той сядзеў у кутку каюты і з нахабнай развязнасцю пазіраў на Дзянісава. Ён разумеў, што гавораць аб ім, і хацеў паказаць сваю незалежнасць i нават пагарду.
Читать дальше