Невыказнае хваляванне ахапіла нас, калі мы зайшлі ў так званае машыннае аддзяленне. Тут панаваў бляск нікеля, плаціны, нейкіх залацістых сплаваў. Вось яно перад намі, інайвялікшае цуда навукі і тэхнікі! Мы з гордасцю аглядалі атамныя машыны, зробленыя на нашых заводах. Малайцы нашы інжынеры i вучоныя! У гэтых апаратах будзе кіпець небывалае жыццё элементарных часцінак ядра. Тут таямнічы, захапляючы свет. Блізкі той дзень, калі я націсну кнопкі i прымушу гэты свет раскрыць для нас сваю энергію. У трубах, камерах бясшумна пачне ўсё рухацца, круціцца, імчаць, пульсаваць, знікаць у адным месцы, каб нарадзіцца ў другім.
I тады з кілевых шлюзаў вырвуцца аграмадныя патокі энергіі, і ракета, быццам падхопленая віхрам, узляціць высока над Зямлёй. Густыя воблакі закрыюць чароўны воблік роднай планеты, і мы апынемся ў бязмежным касмічным акіяне. Грозны, таямнічы, загадкавы, ён даўно клікаў да сябе людзей, каб праверыць іх сілу, мужнасць, іх крылатыя мары.
— Выдатная канструкцыя, цудоўная работа,— сказаў задаволена Іван Іванавіч.— Гэта не машына, а казка.
— Гэта яшчэ трэба праверыць,— стрымана зазначыў Рэндол.— Вядома, мы стараліся. А як атрымалася, будзе відаць пасля.
Я міжвольна ўспамінаў першую касмічную экспедыцыю на Малы Месяц. Палёты з Хлебнікавай вакол металічнага вострава, яе расказ пра дзівосную энергію «халоднага» святла, загадкавае знікненне фотаэлементаў... Ёй не верылі тады. А я цэлую ноч не спаў, думаў, пакутаваў, рашаў. Мне не верылася, што Хлебнікава была на спадарожніку чужым чалавекам.
Назараў... Хітра ён сплёў павуцінне інтрыгі. Але нічога не дапамагло. Ракета была выратавана, а вораг стаў перад суровым судом совецкіх людзей.
Мінула толькі сем год. Хлебнікава стала адным з відных вучоных краiны. Шкада, што яна не ляціць з намі, гэтая жанчына з добрым, чулым сэрцам i вострым, дапытлівым розумам. Але мы будзем помшць аб ёй. Хлебнікава разам з другімі вучонымі адкрыла новы від энергіі. У гэтым палёце мы праверым створаныя згодна яе ідэі новыя рухавікі.
На нашым караблі ёсць невялікая аранжарэя. У любы дзень палёту мы будзем на снеданне мець свежыя агуркі, радыску, памідоры. На ўсіх штучных спадарожніках Зямлі вырошчваюць гародніну. 3 кожнай градкі можна сабраць ураджай амаль у дзесяць разоў большы, чым на звычайнай глебе дзе-небудзь пад Масквой. Тут няма нічога дзіўнага і нечаканага. Усё залежыць ад догляду гародніны, размеркавання цяпла i сонца.
Толькі ў поўдзень мы закончылі агляд ракеты. Усё зроблена моцна, надзейна. Нябесны падарожнік тут будзе адчуваць сябе, як у купэ камфартабельнага экспрэса.
Іван Іванавіч застаўся таксама вельмі задаволены. Ён падпісаў акт прыёму ракеты, запламбіраваў уваходы ў каюты i машыннае аддзяленне.
Цяпер усё залежыць ад таго, калі будзе атрыманы дазвол на палёт. У душы разам з радасцю жыве нецярплівасць. Хочацца хутчэй дачакацца таго дня, калі будзе загадана сесці ў штурманскай рубцы за пульт кіравання.
Калі мы вярталіся ў Галактыку, усю дарогу толькі і гаварылі аб ракеце.
Успаміналі амерыканцаў.
— Я таксама думаю пра іх,— сказаў Дзянісаў.— Вы не ведаеце, калі яны робяць пасадку?
— Сёння раніцай, Іван Іванавіч,— адказаў я.
— Эх, як нядобра атрымалася,— пашкадаваў ён. Потым паглядзеў на гадзіннік і сказаў: — Уключы, калі ласка, радыёпрыёмнік. Якраз чатыры гадзіны. Паслухаем апошнія навіны.
Я павярнуў ручкі настройкі. У радыёпрыёмніку пачуўся трэск, шум. Потым загучаў голас дыктара:
— Слухайце экстранае паведамленне Белага дома. Ракета «Анаконда», якая сёння ў 10.00 раніцы пачала рабіць пасадку на Месяцы, пацярпела аварыю. Сувязі з экіпажам няма. Прычыны аварыі невядомыя.
— Ну вось, тое страшнае, чаго я чакаў, адбылося, — сказаў Дзянісаў ціхім голасам. Адкінуўшыся на спінку сядзення, ён журботна заплюшчыў вочы.
Прызнацца, і мяне гэта вестка засмуціла. Ну, вось табе і касмічныя дарогі. Першы палёт — і катастрофа...
Да самай Галактыкі ехалі маўклівыя, панурыя. Збіраемся ў космас, а ён так няветліва сустракае людзей.
Нарэшце, удалечыні з-за лесу паказаўся шэры купал абсерваторыі. Там — пільныя вочы тэлескопаў, якія неаслабна сочаць за вялікім сонечным прасторам. Непадалёку ад абсерваторыі ў выглядзе аграмадных чашаў, сплеценых з жалеза, стаяць магутныя накіравальныя антаны радыёлакацыйных установак, радыёстанцый, касмічных тэлеперадатчыкаў.
Так, гэта Галактыка! Шырокае шасэ крута павярнула ў бок. Рэактыўны «ЗІЛ» спыніўся.
Читать дальше