Макс акiнуў позіркам сусвет. Яму ўявілася, што ён плыве ў сваім рыбацкім баркасе па акіяне, у чорную глыбіню якога закінуты непамерна вялікі зорны невад. Ужо злоўлены, трапечуцца ў ім дзівосныя фантастычныя рыбы...
Марудзіць нельга! Ужо няма большай палавіны кісларода. Хочацца піць і есці. Але як дабрацца да каюты?
Макс асцярожна прапоўз між хваставога апярэння ракеты і апынуўся перад роўнай адпаліраванай паверхняй знешняй абшыўкі. Калі рухацца па ёй паволі, гэта вельмі рызыкоўна. Прагледзіш — і зноў апынешся ў далечыні ад карабля.
Вунь уперадзе віднеецца падобная на чашу антэна. За яе трэба ўчапіцца рукамі. Для гэтага патрэбны спрыт, разлік, упэўненасць рухаў. Макс напружыўся і, моцна адштурхнуўшыся нагою аб грэбень кіля, паляцеў уперад. Яму стала страшна, закружылася галава. Але рукі дзейнічалі спрытна. Яны сціснуліся якраз тады, калі наткнуліся на металічнае перапляценне антэны.
«Ёсць! — ледзь не ўскрыкнуў ад радасці Макс.— Адсюль да дзвярэй каюты зусім недалёка. 3 якога-ж яны боку? Ды, вядома, з правага». Удалы скачок падахвоціў Макса, надаў яму новыя сілы.
Ен перапоўз на асветлены сонцам бок ракеты. Хоць абшыўка была бліскучай, усё-ж адчувалася, што яна вельмі моцна нагрэлася. Пякло рукі. Касцюм, у якім паспела нагрэцца паветра нават праз пластмасавую тканіну, непамерна разбух. Але гэта не трывожыла штурмана: праз некалькі хвілін за ўсе свае пакуты ён будзе ўзнагароджаны заслужаным адпачынкам. I гэта яго суцяшала.
Макс агледзеў усю шырыню бартавой абшыўкі і ўнізе ўбачыў ручку дзверцаў. Ён аж усміхнуўся ад радасці. Не доўга думаючы, Макс адштурхнуўся і паляцеў уніз. Хвіліна — і ён апынуўся каля дзвярэй. Цяпер засталося павярнуць ручку, i ён выратаваны. Хутчэй-жа, хутчэй!
Невялікае напружанне мускулаў, ручка павярнулася i Максу нават здалося, што яна па-зямному прыемна завішчэла. Рывок на сябе! Што гэта? Не адчыняецца!? Не можа быць!
Макс абапёрся аб борт карабля нагамі, напружыўся і зноў тузануў дзверцы на сябе. Яны нават i не зварухнуліся.
«Эх, дурань! — нарэшце дайшло да свядомасці. — Няўжо нельга было здагадацца аб гэтым раней? Ракета-ж аўтаматычная, яна кіруецца пры дапамозе радыё з Зямлі. I дзверы могуць адчыніцца толькі па загаду Зямлі. Значыць, асталася толькі смерць».
Макс у роспачы схіліў галаву. Абыякавым, сумным позіркам ён глядзеў у зорную даль, што разляглася перад ім без бачных граніц і абрысаў. Рукі і ногі раптам зрабіліся расслабленымі, абмяклымі, нібы іх назаўсёды пакінула сіла.
Але няўжо роспач мацней за храбрасць і адвагу, якая некалі была ў яго душы і якой ён ганарыўся? Не! Трэба яе сабраць у змораным целе, трэба... Але мускулы чамусьці не напружваюцца.
Вакол туман, туман... I што гэта? У тумане ўспыхваюць іскры, мітусяцца, кружацца роем. Не, гэта не іскры, а пчолы. Яны хутка аблепяць яго, балюча абкусаюць...
Макс устрапянуўся, здзіўлена паглядзеў навокал. Што гэта — сон ці галюцынацыя?
Ён не зразумеў, а адчуў сэрцам: густая павалока туману хутка можа зусім праглынуць яго. Вялікім, цяжкім намаганнем ён прымусіў сябе выпрастацца на ўвесь рост. Позірк адразу стаў праніклівым, жвавым, у галаве нарадзіліся думкі.
Што-ж яшчэ можна зрабіць? Ага, над ягоным шлемам тырчыць антэна. Ён можа прыключыць яе да антэны «Алмаза». I паспрабаваць паслаць у эфір сігналы. Іх могуць прыняць на Зямлі, і ён...
Не, у яго нехапала смеласці нават падумаць, што будзе выратаваны. Але ён павінен паспрабаваць апошні абнадзейваючы сродак. Павінен!
Макс напружыўся, адштурхнуўся ад дзвярэй і ўзляцеў над сталёвай грамадай ракеты. Разлік быў правільны — рукі адразу знайшлі жалезнае перапляценне антэны. Цяпер застаецца зручна легчы на ёй, прыключыць антэну свайго шлема.
Дрыжаць рукі, дыханне становіцца цяжкім і частым. Канчаецца паветра? Так, гэта першая прыкмета. Хутчэй, хутчэй! Трэба выкарыстаць лпошнія яго струмені, каб сказаць некалькі слоў людзям, Зямлі Рукі толькі прыладжвалі антэну, а з вуснаў ужо зрываліся словы:
— Адчыніце дзверы «Алмаза». Адчыніце!.. Задыхаюся... Я Макс Вэл. Людзі, чуеце мяне? Я гіну без паветра...
Раздзел восемнаццаты
23 чэрвеня.
Мы прасілі інжынераў і канструктараў зрабіць нашу ракету як мага лягчэйшай. Сёння нам паведамілі: мантаж ракеты закончаны. Мы ад радасці падкідалі ўверх шапкі. Я з Віктарам быў запрошаны агледзець наш карабель, праверыць усе апараты і механізмы. Раніцай мы селі ў аўтамашыну і разам з Іванам Іванавічам Дзянісавым накіраваліся на новы ракетадром, які знаходзіцца далёка ад Масквы, у глухой, пустыннай мясцовасці. Доўгі час ехалі лесам, потым машына вырвалася ў шырокі стэп, у якім мы за цэлую гадзіну язды не сустрэлі ні дрэўца, ні ўзгорка, ні рэчкі. Толькі бачылі, як у высокім выцвілым небе з панылым крыкам ляталі арлы.
Читать дальше