Зусім іншым быў тон прагрэсіўных газет. Іх каментатары абвінавачвалі арганізатараў касмічнага рэйса ў паспешлівасці, давалі падрабязнае апісанне перад пасадкай на Месяц і прыходзілі да вываду, што ракета мела канструктыўныя памылкі, недаробкі.
«У пагоні за бізнесам яшчэ раз даказаны авантурызм планаў некаторых босаў Штатаў. Мы не павінны былі гэтак рызыкаваць. На сумленні Уолтэра i К° жыццё загубленых людзей».
Сенатар, прачытаўшы гэта, зацягнуўся сігарай і задаволена зарагатаў:
— Тысяча д’яблаў! Не заўсёды, аказваецца, бываюць аслы дурнымі. Пішуць, як у ваду глядзяць.
Артыкулы газет яго зацікавілі. Ён ажывіўся, стаў больш уважліва іх праглядаць. Разгарнуўшы газету «Трыбюн», орган Саюза рабочых «Рэспубліканцы за мір», ён аж падхапіўся на ногі. На першай паласе загаловак крычаў: «Загадкавае забойства экіпажа касмічнага карабля «Анаконда». Нячыстая ігра Уолтэра. Дзіўная сітуацыя на караблі. Поль быў бедным, нялюбым зяцем».
Не, гэта ўжо нахабства! Праўду кажуць: не прывязаны мядзведзь не скача. Што-ж, ён, Уолтэр, прымусіць гэтых балбатуноў, якія ўзяліся за пяро, пашкадаваць аб сваіх словах. За паклёп і ганьбу яны будуць сядзець за кратамі.
Адкінуўшы ў бок газету, ён пачаў апранацца. Бледны твар са сціснутымі губамі быў роўнадушны, халодны. I ўсё-ж сенатар крыху хваляваўся. Трэба заткнуць горла гэтай газеце, інакш яе выдумка будзе падхоплена другімі, і тады... Што тады будзе, вядома — катастрафічна знізіцца курс акцый, кампанія панясе мільённыя страты, і яго, Уолтэра, дзеяннямі можа зацікавіцца сенацкая камісія. Не, да гэтага ён не дапусціць!
Увайшоўшы ў кабінет, ён зняў трубку тэлефона, набраў нумар.
— Містэр Колінг? Гэта вы? Патрэбна ваша дапамога. Вы чыталі„ што выдумала газета «Трыбюн»? О, вы здагадлівы чалавек. Сёння-ж будзе пераведзены чэк. Заўтра на абед? Веры-веры гуд! — ён паклаў трубку, і створкі ў нішы сцяны зачыніліся.
Сенатар заклаў назад рукі і ўсхвалявана закрочыў па кабінеце. Бляклыя яго вочы ўспыхнулі, заззялі — ён быў задаволены.
Выклікаўшы слугу, Уолтэр спытаў:
— Элсі дома?
— Так, містэр Уолтэр, у сваім пакоі.
— Скажыце, няхай зойдзе да мяне.
Элсі ўвайшла ў кабінет прыціхшая, задуменная. Яна села на канапку, паклала на калені атласную падушачку і з надзеяй глянула на бацьку.
— Есць новыя весткі, па-а?
— Элсі,— пазіраючы ў расчыненае акно, з несхаванай злосцю прамовіў Уолтэр.— Пакінь пра яго думаць. Не будзь наіўнай — ён не вернецца больш. Ты дачка бізнесмена. Будзь роўнадушнай да лёсу людзей.
— Я яго кахаю, па-а,— сказала ціха Элсі.— Вам гэтага не зразумець...
— Элсі, я ведаю: у цябе глыбокая рана. Пакінь хвалявацца. Я пастараюся залячыць яе.
— Я адзінокая. Мне ніхто не падабаецца,— апусціўшы галаву, сказала яна.
— Ты бязвольная. Няўжо ты нічога не пераняла ад мяне? Я валодаю лёсам мільёнаў людзей, а ты — сэрцам толькі аднаго чалавека, якога цяпер няма ў жывых.
— Па-а, не гавары так! — заплакала дачка. — Ты зневажаеш мяне!
— Ніколькі, галубка. Я даю табе невялікі ўрок жыцця.
— Гэта ўсё, што ты хацеў сказаць?
Уолтэр падышоў да канапкі, сеў побач з Элсі.. Яна паклала свае рукі на яго калені, ён пацалаваў іх.
— Ты любіш свайго старога па, любіш? — спытаў ён, пазіраючы ў шырока расплюшчаныя вочы дачкі. Крыху памаўчаўшы, паведаміў: — Ёсць навіна. Мы з табою запрошаны да Колінга на абед. Дамоў вярнуўся яго сын. На Мадагаскары ваенныя дзеянні закончаны. Ён будзе кіраваць ваенным камісарыятам нашага горада. Ты, Элсі, павінна зрабіць на яго ўражанне... Я быў-бы вельмі задаволены вашай дружбай...
— Ён свабодны? — ціха, нерашуча спытала Элсі.
— Так. На ўсё астатняе забудзься. Дамовіліся?
Яна сцвярджальна кіўнула галавой і выйшла з кабінета.
Сенатар запаліў сігару, уваткнуў яе ў зубы і толькі цяпер супакоіўся. Справы ішлі на лад. Заўтра нечаканым нападам невядомых людзей будзе разгромлена рэдакцыя газеты «Трыбюн», заўтра ён будзе прысутнічаць на абедзе ў загараднай віле Колінга, заўтра Элсі павінна пакахаць другога...
Раздзел семнаццаты
Неабсяжная пустата прасцёрлася наўкола. Хоць кілометр за кілометрам змяняліся з маланкавай хуткасцю, ніякіх новых краявідаў тут не адкрывалася. Па-ранейшаму спакойна ў журботным змроку ззялі зоркі, ледзь-ледзь рухаліся Сонца і Зямля.
Затое Месяц, аграмадны, выпуклы, заняўшы ў гэтай дзікай чорнай пустыні самае вялікае месца, хутка мяняў свае фазы. Серп асветленай яго часткі то ўвачавідкі звужаўся, знікаў, то раптам рос, пашыраўся, — і начное свяціла паўставала тады ва ўсёй красе — яркае, зіхатлівае, быццам выкаванае з металу.
Читать дальше