Элсі не прымусіла доўга чакаць. Яна ўвайшла. Валасы яе былі модна завіты, чорнае дэкальтаванае плацце з доўгімі срэбранымі кістачкамі ўнізе блішчэла, пералівалася, быццам сатканае з самацветаў.
— Я хвалююся, па,— сказала яна.— Мне чамусьці робіцца страшна. Хаця-б нічога не здарылася...
— Памаліся богу, табе стане лягчэй,— параіў сенатар.
На экране былі бачны ледзь прыкметныя выбухі матораў. Ракета запаволіла падзенне і пайшла ў кругавы палёт вакол Месяца.
— Вельмі-ж мала працавалі маторы,— сказаў Фрэнк Уэст сенатару.
— Колькі секунд?
— Прызнацца, не заўважыў,— адказаў ён нядбайна.— 3 Элсі загаварыўся. Заўсёды яна з гэтымі сваімі пытаннямі... А што, хіба не вытрыманы графік?
— Пакуль на гэта не падобна. Дзякуй богу, ракета ляціць...
Сенатар Уолтэр узяў Элсі за руку, прыцягнуў да сябе.
— Пазвані у ракетапорт,— сказаў ён клапатліва.— Запытай, чаму ракета не ідзе на пасадку?
Элсі першая адчула сэрцам: здарылася нешта страшнае, непапраўнае. Амаль не ўсведамляючы, што робіць, яна набрала нумар.
— Сенатар! Містэр Уолтэр! — закрычаў Фрэнк Уэст, павярнуўшыся да свайго сябра.— Я нічога не разумею. Растлумачце! Ракета робіць круг вакол Месяца. Яна страціла кіраванне...
Элсі выпусціла з рук трубку: яна ўсё зразумела.
— Поль! О, Поль, няўжо ты загінуў для мяне? — усклікнула Элсі ў адчаі і замітусілася па пакою.
Сенатар сціснуў дрыжачыя рукі дачкі, пасадзіў яе ў крэсла.
— Супакойся, не ўсё яшчэ загінула. Твой хлопчык вернецца, ён будзе жыць!
А сам паспешна звязаўся з ракетапортам. Адтуль паведамілі, што ракета Арноля пачала тармажэнне ў вызначаны час, выйшла на кругавую арбіту Месяца і раптоўна страціла кіраванне. 3 ёю перарвана радыёсувязь. Што адбылося — невядома.
— Ці стане ракета штучным спадарожнікам Месяца? — запытаўся сенатар.
— Не, сэр, — выразна пачулася з трубкі.— Не стане.
— Што-ж рабіць? Як ім дапамагчы?
— Дапамагчы немагчыма. Карабель Арноля роўна праз дзесяць гадзін упадзе на скалы Месяца...
Сенатар ціха апусціў пасівелую галаву, моўчкі выйшаў з гасцінай.
— Па, не пакідай мяне адну! Будзь са мной! — закрычала Элсі ў роспачы.
— Ты павінна змірыцца з лёсам,— лагодна прамовіў сенатар, спыніўшыся. — Поль — нацыянальны герой Штатаў. Ягоне забудуць пакаленні...
Элсі закрыла твар рукамі. Плечы яе затрэсліся ад плачу.
***
— Які дзівосны свет! — усклікнуў Макс, аглядаючы праз шырокі ілюмінатар крутыя камяністыя бакі Месяца.
Задаволена свяціўся ўспацелы твар былога рыбака. Хутка яны выканаюць самае важнае заданне — разгорнуць сцяг Штатаў у кратэры Капернік. Цяпер думкі Макса былі скіраваны на Зямлю. Там, у галоўным горадзе Штатаў, для яго падрыхтаваны чэк. Ён будзе мець грошы, купіць самы лепшы рыбалоўны траўлер, зажыве ціха, спакойна, багата. Успамін аб гэтым прымусіў радасна забіцца сэрца. Макс пачаў напяваць нейкі вясёлы матыў.
— Задаволены? — спытаў Поль Арноль — Як бачыце, хлопчыкі, нам пашанцавала. Мы здзівілі ўвесь свет. Гэта называецца чыстая работа. Так, Макс?
— Вядома. Толькі трэба ўдала правесці пасадку.
— Правядзем, не турбуйся. Самае страшнае — ззаду, — адказаў з уласцівай яму самаўпэўненасцю Арноль.
Унізе віднеўся заліў Гарачыні. На ім выразнай паласой ляжала мяжа ночы і святла. I вось ракета трапіла ў густую непраглядіную цемру. Зусім іншым стала неба. На ім па-новаму, прыгожа і ласкава зіхацеў аранжава-блакітны шар Зямлі.
— Палюбуйцеся, якія тут бываюць ночы, — заўважыў Поль.
Макс і Роб прыпалі да ілюмінатараў. Густая, жахлівая цемра акружала іх. Але пад ракетай, на Месяцы, выразна былі відаць скалы, ланцугі гор.
Поль падышоў да пульта кіравання, загадаў Максу зрабіць некалькі фотаздымкаў. Ён прыняў пыхлівую паставу, нядбайна трымаючы ў руках сцяжок Штатаў. На яго твары трапятала ўсмешка захаплення.
— О’кэй! — закрычаў ён, і Макс схаваў фотаапарат. — На пасадку!
Сонца вынырнула з-за зубчатага краю Месяца. Відно, як бяжыць, адсоўваецца ўсё далей і далей. На Месяцы пачынаецца дзень. Пара!
Вогненныя факелы газавых патокаў успыхнулі ўперадзе ракеты. Яна ўся задрыжала, як-бы напружылася.
— Зніжаемся! — усклікнуў Макс, павярнуўшы галаву да ілюмінатара.
Хоць пры тармажэнні ўзнікае не такая ўжо вялікая перагрузка, але падарожнікі не сядзелі, а ляжалі. Толькі Поль Арноль стаяў перад экранам тэлевізара і ўсё нешта гаварыў, перадаваў на Зямлю.
Макс радаваўся ў душы: нарэшце заканчваецца першы этап поўнага нечаканасцей падарожжа. Хутка яны вернуцца на Зямлю. Вядома, ён ажэніцца з Эдзіт, абзавядзецца гаспадаркай. У яго абавязкова будзе каменны домік, аўтамашына. З’явяцца дзеці. Зацвіце садзік ля дома. Кожны дзень яго будуць сустракаць з работы жонка, дзеці. Ён — гаспадар! Яго будуць паважаць, пры сустрэчы кланяцца, паціскаць моцна рукі. I, вядома, стануць жартаваць: «Ну, як, містэр Макс, дапамог вам Месяц?» А ён паблажліва ўсміхнецца, адкажа: «Так, сэр».
Читать дальше