— Якая-ж тут смеласць? — запярэчыла яна.
— Можа, вам было тады цяжка? — выказаў я здагадку.
— Давайце не будзем успамінаць аб тым, — папрасіла дзяўчына.
Нечакана гукі аркестра абарваліся: танец закончаны. Я з дакорам паглядзеў на музыкантаў. Якія нездагадлівыя людзі! Перапынілі танец у той самы час, калі мы разгаварыліся.
Правёўшы дзяўчыну да яе сяброўкі, я адышоў у бок. Раптам перада мною, як з-пад зямлі, вырас Віктар. Позірк вачэй яго быў нейкі дзікі, калючы.
— Алег,— сказаў ён, i я заўважыў, што Віктар з цяжкасцю стрымлівае злосць.— Я хачу ведаць, якое ты маеш права адбіваць у сябра дзяўчыну?
Я паціснуў плячыма:
— Якую?
— Ты танцаваў з Наташай! Я забараняю падыходзіць да яе! Чуеш?
— Віктар, не крычы. Я-ж не ведаў, што гэта Наташа.
Ад Віктара пахла віном. Я баяўся, што ён пачне скандаліць і, узяўшы яго пад руку, адвёў у бок.
— Ты мне зубы не загаварвай,— не мог супакоіцца Віктар.— Так не робяць сумленныя людзі...
— Віктар, адумайся, што ты гаворыш! Мы з ёй сустрэліся выпадкова, я не ведаю нават яе імя.
— Папярэджваю, не чапляйся да яе! Інакш, я за сябе не адказваю.
— Ты многа на сябе бярэш,— не на жарт узлаваўся я.
Ён сярдзіта чмыхнуў носам, адышоў у бок.
Якая непрыемная гісторыя! Я задумаўся. Што рабіць? Вядома, калі Наташа сябравала з Віктарам, аб блізкім знаёмстве з ёю не можа быць і гутаркі.
Мне стала вельмі сумна. Вочы міжвольна шукалі ў натоўпе Наташу.
Дзе яна? Каля яе я ўгледзеў Віктара. Ён кланяўся, запрашаў на танец. Але Наташа адмовілася ісці.
Ну, вось, атрымай, хлопчык, здачы! Гэта мяне падбадзёрыла, прымусіла падумаць аб іх адносінах зусім іншае.
Я ўбачыў, як Віктар схапіў Наташу за руку і пацягнуў яе да агарожы пляцоўкі. Яна ўдарыла па яго руцэ, з абурэннем нешта загаварыла. Нейкае пачуцце падштурхоўвала мяне падысці да іх, стаць на абарону дзяўчыны. Але я стрымаўся.
«Паміж імі была дружба,— разважаў я,— і ў сваіх адносінах няхай разбіраюцца самі...» Я пакінуў танцавальную пляцоўку. Доўга адзін блукаў па алеях парка і вярнуўся дамоў толькі ў поўнач.
28 мая.
Віктар злуецца і амаль не размаўляе са мною. Дзівак! Я жадаю яму толькі дабра. Аб Наташы — ні слова. Мне яе таксама хочацца забыць, але гэта, мабыць, вельмі цяжка. Яна разбудзіла ў душы нейкае невядомае мне да гэтага часу пачуцце. Я нават пачынаю злавацца на самога сябе. Няўжо я такі бязвольны? Да таго-ж, я даў слова Віктару, што не буду перашкаджаць яму ў адносінах яго да дзяўчыны.
Але нават добра разумеючы гэта, я колькі разоў лавіў сябе на думках аб Наташы. Сярод людзей я міжвольна шукаў яе постаць...
Сёння ў інстытуце міжпланетных зносін на чарговай лекцыі нам паведамілі, што ў нашай ракеце будзе пастаўлены дадатковы рухавік, заснаваны на фатоннай энергіі. Прынцып яго дзеяння просты; цягавая сіла карабля ўзнікае непасрэдна ад прамяністай энергіі ядзернай рэакцыі. Мы шчыра ўзрадаваліся. Якая цудоўная перамога нашай навукі!
Я не толькі штурман, мне даводзіцца авалодваць прафесіяй радыста, картографа, метэаролага i нават кіноаператара. Віктар — другі штурман карабля, у дадатак, ён абавязаны будзе весці фізічныя і хімічныя доследы, збіраць мінералагічныя і петраграфічныя калекцыі на Месяцы.
Які будзе экіпаж, мы яшчэ не ведаем. Цяпер ад нас патрабуюць аднаго — вучобы, трэніровак, ведаў.
10 чэрвеня.
Сёння не займаліся. Раніцай усёй школай выехалі на ракетадром. У цэнтры поля ўбачылі аграмадную металічную вежу, у сярэдзіне якой стаяла хвастом уніз ракета. Каля вежы хадзілі людзі, рухаліся аўтамашыны, цягачы. Нам паведамілі: гэта аўтаматычная ракета «Алмаз». Сёння будзе дадзены старт, i яна стане штучным спадарожнікам Месяца.
Сотні апаратаў і прылад, устаноўленых на ракеце, дадуць магчымасць лепш вывучыць Месяц, выбраць надзейную пляцоўку для пасадкі пасажырскага касмічнага карабля. Як гэта правільна, разумна! Мы не маем права рызыкаваць жыццём чалавека. Кожны наш крок у нязведанае павінен быць прадуманы, надзейны. Ракета «Алмаз» пракладзе першую трасу да Месяца, разведае яе. Колькі перашкод i нечаканасцей можа ўзнікнуць на шляху палёту! Самым небяспечным для ракеты з’яўляецца, вядома, сустрэча з метэорамі. Мы іх называем касмічнымі снарадамі.
Нам раздалі карты, на якіх нанесена траса ракеты. Тут разлічана ўсё да драбніц — хуткасць, кожная секунда палёту, участкі касмічнай прасторы. На ёй дакладна паказаны шляхі метэорных патокаў. Іх трэба абмінуць! Інакш праца соцень людзей, якія стварылі ракету, загіне марна.
Читать дальше