У сталічным прэс-клубе было поўна народу. Тут нараджаюцца сенсацыі і самыя неверагодныя выдумкі, якімі так часта запаўняецца ўся прэса Штатаў. Сюды сабраліся карэспандэнты соцень газет з усіх канцоў свету.
Прэс-канферэнцыю будзе весці Поль Арноль. Ён павінен расказаць аб мэце палёту ракеты «Анаконда» да Месяца, адказаць на пытанні.
Прэс-канферэнцыя яшчэ не пачалася, і ў зале было шумліва. Але нават і ў такой абстаноўцы паміж карэспандэнтамі ішоў ажыўлены абмен навінамі. На століках трашчалі пішучыя машынкі, круціліся дыскі магнітафонаў. Нехапала месц: былі заняты ўсе праходы і нават верхнія балконы.
I вось на ўзвышэнні, дзе стаяў стол прззідыума, упрыгожаны двума сцягамі (зорна-паласатым, нацыянальным, і сінім, галоўнага горада Штатаў), выйшаў прэзідэнт прэс-клуба містэр Дэвід у суправаджэнні Поля Арноля, Макса Вэла і Роба Пітэрса.
У зале пачуўся свіст, рэдкія апладысменты.
Містэр Дэвід, сутулаваты, з маршчыністым, сухім тварам, паставіў на стол традыцыйную срэбную кошку з круглымі вялізнымі вачыма. Гэта азначала: усё, аб чым тут будзе сёння расказвацца, не з’яўляецца сакрэтам і можа смела каментыравацца ў друку.
Уступная прамова містэра Дэвіда была кароткая, строга афіцыйная. I вось настала чарга Поля Арноля. Ён узышоў на трыбуну важным, упэўненым крокам, задаволена ўсміхаючыся.
— Пан старшыня, лэдзі і джэнтльмены! Я разумею цікавасць, якую праяўляюць ва ўсім свеце да нашага незвычайнага падарожжа,— пачаў ён,— Калумб адкрыў некалі Новы свет — Амерыку. Мы ўзялі на сябе больш цяжкі абавязак — адкрыць для Штатаў Месяц. Заўтрашні дзень — выключны дзень у маім календары. Я з сваімі калегамі пакідаю Зямлю. 380 тысяч кілометраў — небывалы шлях. Ён усыпаны золатам, лаўровымі вянкамі славы. Мы прывязем гэтыя вянкі сюды, у наш слаўны горад. Я просты чалавек. Мой бацька — уладальнік невялікага кансервавага завода, мой сябра Макс па прафесіі — рыбак, Роб — грузчык. Усе мы пажадалі ўславіць імя нашых Штатаў, нашага вялікага горада. У нас — самая шчаслівая краіна. Мы выбіраем прэзідэнтамі людзей самых розных прафесій. У нас можна легчы спаць бедняком, а назаўтра прачнуцца багатым. Роўна сто гадзін палёту ракеты дадуць нам 5 мільёнаў долараў. У нашых Штатах — усё для чалавека справы, для яго шчасця i багацця.
Зусім іншыя парадкі заснавалі комуністы. Вы ведаеце, лэдзі і джэнтльмены, што Советы паслалі ракету да Месяца. Яна там i засталася. Вы хочаце ведаць прычыны? Калі ласка — ракеце нехапіла на зваротны шлях паліва.
Нам вядома, што хутка рускія пасылаюць на Месяц другую ракету, на гэты раз з пасажырамі. Але заўважце, экіпажу не паабяцана ніякай узнагароды. Гэта, я скажу, бесчалавечна, жорстка! Яны выхваляюцца сваімі ідэямі. А што такое ідэя? Глупства. Па-мойму, комуністы дрэнныя іменна тым, што яны прымушаюць людзей думаць аб шчасці. А што такое шчасце без золата? Прывід. Падман.
Мы не дэмагогі, мы людзі справы. Можаце паведаміць у сваіх газетах,— падкрэсліў Поль Арноль,— што роўна праз трое сутак сцяг Штатаў будзе красавацца на Месяцы, над кратэрам Каперніка. Пасля гэтага няхай ляцяць усе, каму ўздумаецца, але ім давядзецца падпарадкоўвацца законам Штатаў. У дзень стварэння сусвету бог завяшчаў Месяц нам. Мы чэсна выканаем свой абавязак, возьмем сабе ўсё тое, што нам па праву належыць... Няхай жывуць Штаты! Няхай жыве прэзідэнт!..
Нельга сказаць, што прамова Поля Арноля не выклікала пэўных пачуццяў у журналістаў. Яны даволі шчыра і доўга апладыравалі яму, выкрыквалі прывітанні, энергічнымі жэстамі выказвалі сваю павагу і прыхільнасць. Некаторыя журналісты пакінулі залу і спешна накіраваліся ў рабочыя пакоі, каб перадаць па тэлеграфу, тэлетайпах і тэлефонах у свае газеты першыя весткі аб сенсацыйным выступленні
Стол прэзідыума, за якім сядзелі касмічныя падарожнікі, быў акружаны натоўпам фотарэпарцёраў. Пстрыкалі фотаапараты, асляпляльна ўспыхвалі «бліцы».
Па традыцыях прэс-клуба ў хуткім часе адкрыўся форум. Да Поля Арноля пасыпаліся карткі з пытаннямі. Журналісты, як вядома, вынаходлівыя людзі. Яны задалі нямала хітрых пытанняў, над якімі Полю Арнолю давялося паламаць галаву.
Поль урэшце выбіўся з сіл. Яго лоб пакрыўся потам. Ён стомленым позіркам акінуў залу і ўзяў у рукі чарговую картку. Тое, што ён прачытаў, прымусіла яго насцярожыцца. Адразу знікла адчуванне стомленасці. У картцы было напісана: «Брат! Сёння вечарам у Кложы 55 цябе чакае Начны Ястраб. Прыходзь! Не забывай, ты даў клятву сваёй крывёй». Унізе карткі быў змешчаны малюнак чэрапа са скрыжаванымі пад ім кавалерыйскімі шаблямі і стаяў выразны подпіс «Браты Д’ябла».
Читать дальше