Цяпер ён сядзеў у бары ціха і слухаў гаспадара з паказной ветлівасцю.
— Мне патрэбны адданыя людзі, — гаварыў Поль Арноль. — I мне здаецца, вы разумееце гэта. У вас павінны быць сталёвыя нервы, цвёрдая рука. Цяжкасцей у нас будзе шмат, мы пойдзем ім насустрач, мы іх пераможам. Ніякай самастойнасці ў паводзінах! Усё рабіць па майму загаду і ўказанню. Зразумела?
— Так, сэр, — адказалі Макс і Роб у адзін голас.
— Больш вас не затрымліваю, — сказаў Поль і ўстаў з-за стала. — Жадаю дапіць сваё у бакалах і набрацца сіл на дарогу.
Яго падначаленыя пакланіліся.
Поль Арноль выйшаў з бара.
Макс i Роб яшчэ доўга сядзелі за кубкамі піва, але гаварылі мала. Невядомасць будучыні і вабіла іх і адначасова палохала.
Гэта былі смелыя хлопцы — такімі іх зрабіла жыццё. Яны былі гатовы да ўсяго на свеце. За час падрыхтоўкі да палёту Макс i Роб зблізіліся, але паміж імі яшчэ не было поўнага давер’я.
Роб трымаў сябе замкнута, Макс, наадварот, быў гаваркі. Пра што не спытаешь, усё ён ведае, на ўсё мае сваю думку. Роўнадушным Макс быў толькі да самога сябе i да свайго лёсу.
У зале было шмат народу. Сіняватай хмаркай вісеў пад столлю дым. За бліжэйшым столікам чатыры чалавекі з жылістымі шыямі і кароткімі дужымі рукамі нешта з запалам абмяркоўвалі.
Макс адпіў з бакала і прыслухаўся.
— У іх няма апоры ў жыцці — вось яны і згадзіліся, — сказаў адзін.
— Калі чалавек у роспачы, ён губляе галаву, — глыбокадумна заўважыў другі.
— Мы не можам жыць без сенсацыі і аднаго дня, — прамовіў трэці, i Макс зразумеў, што гутарка ідзе пра іх экіпаж. Ён сумна ўсміхнуўся: «Вось што думаюць пра нас людзі. I куды мы глядзелі, калі ўлезлі ў гэтую справу?»
Да яго слыху зноў данесліся словы. На гэты раз гаварыў, відаць, чацвёрты. Голас яго быў густы, нізкі, працяжны:
— Ёсць упартыя людзі — хочуць абавязкова памерці. Яны шукаюць смерці вельмі настойліва. Па-мойму, гэтыя хлопцы з катэгорыі такіх...
Макс зірнуў на Роба, кіўнуў у бок стала.
— Ты чуеш, аб чым яны гавораць? — спытаў ён.
Роб роўнадушна кіўнуў галавою.
— Хадзем адсюль, — заспяшаўся Макс. — Я не хачу атручваць душу балбатнёй гэтых зайздроснікаў. Як ты думаеш, яны не ад зайздрасці так гавораць? А калі-б ім прапанаваць нашы месцы — мабыць, на сёмым небе сабе былі-б, — сказаў ён неяк няўпэўнена.
Роб устаў з-за стала, пайшоў за Максам да выхаду.
Вечарэла. Над горадам, апярэдзіўшы вячэрнюю зару, успыхнула зарава агнёў.
Па шырокіх тратуарах, паважна, з гонарам несучы сваё сытае цела, шпацыравалі багатыя джэнтльмены. Нават сабакі, якіх вялі яны з сабой, былі ўпрыгожаны каштоўнасцямі.
Роб затрымаў Макса, паказаў рукою ўбок. Непадалёку дарогі пераходзіла група паважных людзей з вялікай світай слуг. Наперадзе іх ішоў калматы дог з бліскучым нашыйнікам і яркім бантам.
— Сабака мільянера, — заўважыў нехта.
На душы рыбака стала змрочна. Хоць у будучым яго вабіла вялікая жыццёвая патрэба, ён цяпер менш, чым калі-небудзь, верыў, што ўбачыць сваю будучыню.
— Роб, — раптам спыніў Макс таварыша, — ты ведаеш, там у бары гаварылі праўду. Можа, перадумаем?
— Не! — сказаў рашуча негр, і вочы яго заззялі ўпартасцю. — У мяне хворая жонка, разутыя і раздзетыя дзеці. Я павінен пакінуць ім грошы.
Макс з сумам паглядзеў на яго.
— Разумею, — сказаў ён ціха — Такі ўжо наш лёс. Паляцім, Роб, разам! 3 такім, як ты, чалавекам я ахвотна падзялю ўсе нашы будучыя пакуты і няўдачы.
На рагу вуліцы яны цёпла развіталіся.
Раздзел трынадцаты
20 мая 196... года.
Віктар казаў праўду: я кахаю! Сустрэў яе сёння неспадзявана і — разгубіўся. Чаму я такі нерашучы? Зноў не змог пагаварыць з незнаёмай. Толькі паспеў пакланіцца, — і яна знікла ў будынку «Радыёлакацыя неба». Відаць, яна там працуе.
Кажуць, у каханні трэба быць таксама смелым. Я не памыліўся ў той памятны дзень — дзяўчына вельмі прыгожая! Я ўбачыў яе ўсмешку. Не, яна не была пагардлівай. Гэта была ўсмешка сябра, які рад сустрэчы. Але можа я памыляюся?..
Я пакахаў яе з першага позірку — яе твар, голас, яе дзявочую непакорнасць. Адчуваю: яна мая спадарожніца.
23 мая.
Позна ўвечары вярнуўся Віктар, узлаваны, устрывожаны. Я запытаўся: «Што з табою?» Нічога не адказаў, распрануўся і лёг на пасцель. Я доўга стаяў ля яго ложка, стараючыся зразумець, што з ім здарылася...
24 мая.
Віктар прачнуўся раней за мяне. Я паглядзеў на яго твар. Асаблівых змен на ім не прыкмеціў, толькі яго круглыя блакітныя вочы, здалося, страцілі бляск. Ці вытрымае ён сёння трэніроўку? Ужо двойчы яго не дапускалі ў цэнтрыфугу. Калі сарвецца і сёння, ён не пройдзе камісіі.
Читать дальше