Карповіч намыліў твар, асцярожна правёў па ім лязом.
— Я яму дазволіў спаць асобна.
— Я так і зразумеў, таварыш лейтэнант,— Самхарадзе ўсміхнуўся.— Ён вам і пра напілачак, і пра малаточак расказваў?
— А які ён наогул салдат, гэты Унукаў? I сапраўды, чаму яму не прысвоілі сержанцкага звання?
— Ён вам, таварыш лейтэнант, расказваў сваю біяграфію? Цяпер паслухайце, што вам раскажа старшы сержант Самхарадзе. У інстытуце ён не хацеў вучыцца. Гуляў, дзяўчат вадзіў, выпіваць пачаў... Потым кінуу інстытут, быццам рознарабочым на завод падаўся.У войска яго восенню забралі, а потым да бацькоў дзяўчына прыйшла. Яго, Унукава, дзіця ў яе...
— I што?
— Дзяўчына сірата, пасля прафтэхвучылішча мулярам працуе. Бацькі Унукава яе да сябе забралі. Мы яму звальненне на трое сутак далі, каб паехаў на сына паглядзеў. Вярнуўся ён праз пяць. Ды дома не быў...
Карповіч перастаў галіцца, стаяў перад сержантам з намыленым тварам.
— Спачатку яго казкам усе верылі.
Самхарадзе ўзяў каністру і паліваў на рукі Карповічу.
— Не трэба было яго адпускаць. Каб не патрульныя, быў бы ён ноч у самаволцы, у вёсцы, адкуль чулася музыка...
— Цяпер буду ведаць!
— Людзей на вучэннях нельга распускаць. Нельга, таварыш лейтэнант.
Сержант сур'ёзна глядзеў на афіцэра. Ён не мог бы растлумачыць гэтае «нельга», але ён верыў у яго.
Карповіч памкнуўся сказаць, што ён і сам ведае, што можна і што не. I ён сам пакуль што камандуе ўзводам. Але камандзірскае самалюбства не ўзяло верх над разуменнем таго, што праўда за сержантам.
Карповіч нічога не адказаў. Ён успомніў тую сваю размову ў штабе батальёна, калі не мог зразумець і не зразумеў таго, што з непахіснаю ўпэўненасцю даводзіў яму начальнік штаба.
Не, надалей, каб не чырванець перад камандзірамі аддзяленняў, ён будзе падпарадкавацца толькі статуту і не дапускаць ніякага адхілення, ніякае самадзейнасці! Хопіць. Другі раз яго правучылі.
— Унукава прышляце да мяне, таварыш старшы сержант,— суха загадаў Карповіч і запытаўся: — Больш ніякіх прыемных навін няма?
— Ніяк не, таварыш лейтэнант.
Самхарадзе зачыніў каністру і паставіў да гусеніцы.
— Дзякую за ваду, Самхарадзе. Зрабіце пад'ём, яшчэ раз праверце наяўнасць зброі.
— Ёсць!
Карповіч пайшоў па дарозе, пакідаючы на вільготным ад расы пяску выразныя адбіткі слядоў. У канцы дарогі з сухастоінкі быў зроблены шлагбаум. 3-за куста выйшаў той самы Гасанаў, які перашкаджаў Унукаву спаць, пазнаў камандзіра ўзвода, застыў па стойцы «смірна».
— Што, пад выглядам маскіроўкі дрэмлем пад кустом? — здзекліва запытаўся Карповіч. Ён быў упэўнены, што Гасанаў спаў.
— Ніяк не, таварыш лейтэнант. Скрытна стаю, сам Самхарадзе вучыў!
У голасе салдата чулася крыўда. Карповіч усё ж зазірнуў за куст, каб убачыць пакамечаную траву і пераканацца, што не дарэмна ён падазраваў. Гасанаў не сядзеў.
— Ну глядзіце, Гасанаў,— толькі і сказаў Карповіч.
Нядобра стала на душы. I самае горшае, што не
было тае ўпэўненасці, што ўсё падуладна яму. Тыя падобныя адзін да аднаго салдаты, якімі ён ведаў іх дасюль, аказаліся зусім рознымі людзьмі, і падыходзіць да кожнага з адною меркаю нельга. Але ж не было часу разбірацца і няньчыцца з кожным. Аднаго адпусціў — вінаватым застаўся, другому па-чалавечы паспагадаў — зноў не тое; трэцяга нізавошта пакрыўдзіў... Не, ёсць статут, і там усё прадугледжана.
— Таварыш лейтэнант, радавы Унукаў прыбыў да вас па загаду!
Унукаў стаяў перад Карповічам так, як і належыць акуратнаму, вывучанаму салдату. Але Карповіч ніяк не мог улавіць ягонага позірку.
— Чаму вы ноччу хацелі пакінуць размяшчэнне роты, радавы Унукаў?
— Я нікуды не збіраўся. Вы ж самі дазволілі мне легчы асобна.
— Я вам дазволіў легчы. А чаму вас затрымалі патрулі? Куды вы збіраліся?
— Таварыш лейтэнант, нікуды не збіраўся. Не спалася проста.
Вочы Унукава глядзелі на Карповіча быццам і шчыра, адкрыта, але ў іх нельга было нічога прачытаць. А на твары было абурэнне.
Карповіч засумняваўся: можа, нікуды чалавек і не збіраўся?
— Таварыш лейтэнант, калі чалавек раз памыліўся ў жыцці, то і паверыць яму нельга? Самхарадзе са сваімі каўказскімі замашкамі... Убіў сабе адно ў голаў і не дае мне веры. А калі не верыць, то як жыць і служыць разам?
Карповіч на момант уявіў сябе на месцы гэтага салдата, якому не вераць і які не можа ніяк даказаць, што ён ні ў чым не вінаваты. Як гэта цяжка, калі загадзя, не дапытваючыся праўды, прызнаюць цябе віноўным і не патрабуюць нават апраўданняў.
Читать дальше