Стомлена, не спяшаючыся, як гаспадар, Карповіч прайшоў ад машыны да машыны, замаскіраваных у капанірах.
Высока ў цёмным небе праглядвалі зоркі.
Карповічу было трывожна і радасна адчуваць сябе камандзірам.
— Што, Карповіч,— не спіцца? Прыклад бяры з Каленчука і Каласова. Спяць ужо як пшаніцу прадаўшы. Прывыкнеш і ты. Камандзіру адпачываць трэба. Ён заўсёды павінен быць бадзёрым. А бор як пахне, бор! Застацца б тут і пажыць у палатачцы, рыбу вудзіць, хадзіць... От дажывём да пенсіі, тады будзе гэтага хоць адбаўляй. Ідзі, лейтэнант, адпачывай. Спакойнай ночы. Капітан Раманаў, які таксама абыходзіў на ноч размяшчэнне роты, паляпаў Карповіча па плячы і пайшоў да свае машыны.
Спаць не хацелася, і Карповіч сеў, прысланіўшыся плячыма да сасны пры дарозе, удыхаў на поўныя грудзі сухаваты, але свежы сасновы водар, прыслухоўваўся, як гучала за лесам далёка недзе музыка. Здалося, што і асветленая зала, і Анютка сніліся яму толькі — так нечакана ўсё перамянілася. Але то быў не сон, то быў жывы ўспамін, ад якога цёпла зрабілася на сэрцы.
— Не спіцца, таварыш лейтэнант? I мне таксама не спіцца. Можна прысесці?
— Сядайце.
Па голасу Карповіч пазнаў Унукава, кулямётчыка са свайго ўзвода. 3 першага знаёмства ён запомніў салдата з-за ягонага адметнага прозвішча, з-за жывоціка, які выразна быў відаць. Адразу заўважалася, што Унукаў старэйшы за сваіх сяброў па службе. Даведаўся тады ад Паддубнага, што Унукаў вучыўся ў інстытуце, не закончыў яго і таму трапіў у войска.
— Там Мехраліеў так храпе з Гасанавым наперагонкі, хоць ты ім насы затыкай... Ды і ноч якая — прыгажосць!
— Прыгожая ноч. Аднак, Унукаў, спаць трэба. Заўтра ў нас цяжкі дзень. А вам з кулямётам...
— Сілы ў мяне на кулямёт хопіць, таварыш лейтэнант. Але я мог бы і сержантам быць. Амаль два гады праходзіў падрыхтоўку на вайсковай кафедры, маглі мяне ўзяць у артылерыю хаця б.
— Маглі. А чаму вы інстытут пакінулі?
— Памыліўся. Бацькі настоялі, каб паступаў,— ну, я і паступіў. А душа да вучобы не ляжала. Узяў дый пакінуў. Я слясарыць люблю, з напілачкам, з малаточкам у руках... А мяне эканамістам хацелі зрабіць...
— Калі так, то трэба было хоць тры курсы дацягнуць, мець няпоўную вышэйшую...
— Я, таварыш лейтэнант, такі чалавек, што мне не трэба ні тое ні гэта. Калі рашыў так зрабіць — зрабіў! I пасля не хачу ні ўспамінаць пра гэта, ні шкадаваць.
— Што ж, будзем служыць. Вам яшчэ год засталося?
— Год, таварыш лейтэнант.
— Ідзіце адпачываць.
— Дазвольце мне, таварыш лейтэнант, асобна легчы, а то я не магу заснуць.
— Лажыцеся. Толькі нікуды далёка не адыходзьцеся і не выходзьце на адкрытае месца, дзе могуць машыны ісці.
— Што вы, таварыш лейтэнант! Спакойнае вам ночы.
Карповіч падышоў да размяшчэння ўзвода. Крыху збоч, пры сасне, падгарнуў нагамі ігліцы, каб было мякчэй ляжаць, закруціўся ў плашч-накідку.
РАЗДЗЕЛ 7
Карповіч прачнуўся ад ціхага перазвону. I спачатку не мог зразумець, хто за ноч панавешваў на соснах гэтулькі розных званочкаў, а цяпер званіў гэтак цудоўна. Была раніца ў лесе, далёка ўзыходзіла сонца, на вышэйшую вяршаліну ляглі першыя промні, і звінелі птушкі. Не бачныя і не знаёмыя Карповічу срэбныя званочкі раніцы.
Карповіч ляжаў нерухома, прыслухоўваўся да гэтых званочкаў, спрабаваў распазнаць іх — і не мог. Мякка і ўтульна ляжалася на сухой лесавой пасцелі, не хацелася і варушыцца натомленым целам.
3 сумам падумаў, што не адна б такая раніца была сустрэта ім пад час экспедыцый. Там ён быў бы сам сабе гаспадаром, мог колькі хочаш слухаць лясную
музыку... Зноў выплыла тая самая горкая думка: цэлых два гады рабіць зусім іншую работу, не пакідаючы часу ні на што іншае. Затое як будзе потым ведаць цану гэтакаму шчасцю — рабіць любімую работу! А два гады не прападуць, калі не марнаваць час: войска загартуе волю, навучыць жыць і рабіць работу з людзьмі.
Карповіч рыўком падняўся на ногі, расправіў плечы, некалькі разоў махнуў рукамі, нагнуўся, пакруціў тулавам, каб разварушыцца.
— Добрай раніцы, таварыш лейтэнант!
Самхарадзе казырнуў, усміхнуўся, паказаўшы залаты зуб. Быў ён свежы, як і не спаў, паголены, вусікі роўна падстрыжаны.
— Пайшлі да машыны, таварыш лейтэнант. Там вада ёсць, пагаліцца можна.
I сапраўды, пры камандзірскай машыне стаяла каністра з вадою. На крыле машыны паблісквала люстэрка, мыльніца і станок бяспечнае брытвы.
— Як справы, таварыш старшы сержант? Вы даўно ўсталі?
— Не, таварыш лейтэнант. Унукаў гаварыў учора з вамі?
Читать дальше