Карповіч павітаўся з сержантамі.
— Што гэта вы тут такое рашаеце?
— А нічога... Усё нармальна,— збянтэжана адказаў Прымак за абодвух і пайшоў да свайго аддзялення.
— Ну што, Самхарадзе, зараз машыны падыдуць?
— Я праверыў усё, таварыш лейтэнант. Вось тут запісана, колькі зброі і астатняга ўсяго з намі.
— Што ж, тады будзем чакаць.
— Цяпер усё нармальна пойдзе. Сядзем і паедзем.
Карповіч з удзячнасцю падумаў, што з такім намкамузводам яму будзе лёгка на вучэннях.
У начной цішыні невыразна чуліся галасы. Высока, задумліва стаялі мокрыя ад расы яліны.
3 цемры, як падкрадваючыся, мякка вуркочучы маторам і свецячы зацемненымі фарамі, прайшоў камбатаўскі бронетранспарцёр. За бронетранспарцёрам набліжалася тугое ракатанне баявых машын.
— Камандзірам узводаў — да камандзіра роты! — праляцела па лесе, і Карповіч падаўся да першага ўзвода.
Капітан Раманаў пасвечваў ліхтарыкам. Побач з ім стаяў маўклівы, нізенькага росту, з крываватымі, як у кавалерыста, нагамі камандзір трэцяга ўзвода Калянчук і таўставаты, чырванатвары камандзір першага ўзвода Каласоў.
— Таварыш капітан! Другі ўзвод у поўным складзе выйшаў у раён пасадкі,— далажыў Карповіч.
— Зброю праверылі? Запісалі, колькі вынесена з сабою? Давайце мне звесткі.
— Праверыў.
Капітан Раманаў падаў руку, прывітаўся, запісаў на паперы названыя Карповічам лічбы.
Карповіч прывітаўся з Каленчуком і Каласовым. Ён не вельмі ведаў іх, пазнаёміўся толькі, як заходзіў яшчэ са збораў у размяшчэнне роты.
— Першая трывога ў цябе, Міша? Трымаць хвост пісталетам — самае галоўнае,— весела параіў Каласоў.
— Таварышы афіцэры! На вучэннях, я думаю, вы пазнаёміцеся і падружыцеся. А цяпер вазьміце карты. Знайшлі, дзе знаходзімся? Цяпер слухайце, якія склаліся абставіны. Наша падраздзяленне паднята па тры-возв і выйшла ў раён пасадкі на машыны з-за таго, што, згодна данясенню разведкі, заўважана вялікае наступленне праціўніка з захаду на ўсход. Зараз мы з вамі накіроўваемся ў раён збору, дзе папаўняемся асабовым складам, боепрыпасамі, рыхтуем тэхніку і чакаем загаду выступіць. Умовы, якія склаліся, давесці ўсім салдатам, так, каб кожны засвоіў сваю задачу. А цяпер наносьце на карту маршрут...
Трымаючы карту на сумцы, пры скупым святле ліхтарыкаў, накрэслілі на карце нітачкі маршруту.
Пагрукваючы гусеніцамі, з зацемненымі фарамі падышлі машыны. 3 пярэдняе саскочыў нампатэх:
— Таварыш капітан! Машыны ў поўнай баявой гатоўнасці.
— Добра, Вабіч. Пазнаёмся: наш камандзір другога ўзвода, лейтэнант Карповіч.
— Вельмі прыемна. Аляксей Вабіч, нампатэх роты.
Вабіч падаў руку і тэатральна пакланіўся Карповічу, нібыта паненцы.
— Так, Вабіч, канцэрт пасля паказваць будзеш... Таварышы афіцэры! Зараз правесці пасадку на машыны, праверыць сувязь і далажыць мне пра гатоўнасць рухацца наперад. Можаце ісці.
Карповіч подбегам кінуўся да ўзвода, які — Самхарадзе ведаў, што трэба рабіць,— быў пастроены. Коратка Карповіч паведаміў умовы, паставіў задачу на марш. Цяпер і следу не засталося ад ранейшае няўпэўненасці, цяпер ён ведаў, што і як трэба рабіць.
— Да машын! На месцы!
Праз некалькі хвілін стала ціха, не было відаць ніводнае душы. Як засыналі, ціха вуркаталі маторы, пагойдваліся высокія сталёвыя дубцы антэн.
Карповіч апусціўся на сваё камандзірскае месца.
У машыне пахла цёплым металам і крышку саляркаю, цьмяна гарэла адзінокая лямпачка падсветкі ў дэсантным аддзяленні.
Механік павярнуўся да Карповіча, усміхнуўся і падаў запасны танкашлем.
— Як машына, Зелянкоў? — па-гаспадарску запытаўся Карповіч.
— Зелянкоў, таварыш лейтэнант, на няспраўных машынах не ездзіць,— весела адказаў механік.
Карповіч зразумеў, што механіку весела ад таго, што наперадзе дарога, ён загадзя радуецца таму, як будзе імчаць на машыне.
Карповіч уключыў аўтамат настройкі, пачакаў, пакуль уключыцца зафіксаваная хваля.
— Кола! Я — кола два. Прыём.
— Кола два! — Я — кола. Чую вас. Прыём.
Чулася, як выйшлі на сувязь з камандзірам роты Калянчук і Каласоў.
Калона была гатова да маршу.
Ад таго, што ў гэтай ночы, у цішыні яму, Карповічу, падўладны магутныя бранявыя машыны, якія па яго волі могуць імчацца сотні кіламетраў без перадыху, падуладны ўзброеныя людзі, адчуванне незвычайнае свае сілы і ўпэўненасці было мацней за слабенькі неспакой адказнасці за падначаленых, які варушыўся, непакоіўся ў душы. Карповічу здавалася, што трэба, каб зусім не засталося трывогі, каб была толькі ўпэўненасць у самім сабе. А інакш які ж ён гаспадар і ўладар усяго наваколля, усяе гэтае цішыні?
Читать дальше