Калючы раўчак тапырыў шыпастыя галінкі й чакаў.
— А ну, паспрабуй сунься! — так і чулася ад кожнага кусціка і дрэўца.
Лілле выцягнула наперад руку з бранзалетам.
— Расступіцеся, дайце дарогу! Загадваю! — прагаварыла яна. Мабыць, прыкладна так трэба размаўляць з магічнымі бранзалетамі? Яна прыгледзелася — і ахнула, бо заўважыла сярод калючак шырокі, нібы адмыслова пад пульхную спаднічку Лілле прасечаны, праход. Ніводны ажынавы флянс не асмеліўся ўчапіць яе, разумеючы недалёкім раслінным розумішкам, што кветачніца знаходзіцца пад магутным заступніцтвам. Адным скокам Лілле абмінула страшны раўчак — і вось наперадзе ўжо злавесна булькалі зялёныя бурбалкі Слізкай багны.
— А ну-ка, ну-ка. — замармытала Лілле. І што б гэта загадаць? «Усохні й не булькачы?» Яна моўчкі ўзмахнула рукой. Потым агледзелася, куды б ступіць. Ах, чараўніцтва! Ад купіны да купіны цягнулася вузенькая ляжнёўка з жэрдак і галля. Месцамі яна сыходзіла пад ваду, і чаравічкі значна змакрэлі. Але ўжо лепш чаравічкамі ахвяраваць, чым па вушы ўехаць!
— Не так ужо тут і слізка, — прагаварыла Лілле, калі балотца засталося ззаду. Маленькая кветачніца вельмі ганарылася сабой. Трэба ж, пераадолела такое вусцішнае месца!
А наперадзе паблісквала серабрыстая кудзеля Павуцінневага гушчару. Тысячы, мільёны павуцінак. А ўсярэдзіне кожнай павуцінкі перабірае лапкамі брыдкі тоўсты павук. Лілле ўявіла сабе гэтыя казытлівыя кашлатыя лапкі, — і яе перасмыкнула ад агіды. А леснічоўка ўжо побач! Калі прыгледзецца, можна заўважыць спічасты дах і дымок з коміна. Гаспадар адасоблена сядзіць ля загнета, пыхкае люлькай і марыць пра Лілле. І не здагадваецца, як блізка яна. Лілле расчулена ўсміхнулася.
— Згіньце, гадкія павукі! — загадала яна. І адважна ўступіла ў Павуцінневы гушчар. Тут жа празрыстыя нітачкі наліплі ёй на твар, заблыталіся ў вейках. Лілле спалохана ўскрыкнула. Схапілася за бранзалет. Што ж гэта ён барахліць? Чаму не разганяе паганых танканогіх паўзучак?
Павуцінне закалыхалася, і тысячы павучкоў тут жа спусціліся ніжэй, каб разгледзець, хто трапіў у іх цянёты. Яны адчувалі сполах Лілле, як пчолы адчуваюць водар кветкі. Павуцінкі абляпілі валасы і твар, сухаватыя хуткія лапкі кранулі скуру над бранзалетам. Завішчаўшы ад жаху, Лілле знепрытомнела. Апошняе, што яна адчула, — быццам бы яе падхопліваюць моцныя рукі.
Ачулася яна ў поўнай цемры, толькі квадраты нязыркага святла, што лілося з вокнаў, жоўклі на зямлі. Цыбатыя грыбы-гнаявікі й сухарлявыя галінкі піжмы з асуджэннем глядзелі на нягодніцу, якая паважылася талачыць траву за два крокі ад Ляснікова ганка. Лілле не паверыла вачам. Дабралася! Вось яна — запаветная леснічоўка!
Яна досыць азябла, покуль ляжала без прытомнасці. Але гэта нічога. Напэўна на кухні заварана духмяная гарбата, і адмыслова для дарагой госці каля загнета саграваюцца мяккія пакаёвыя чаравічкі. Яна паднялася, абцерушылася. Яе валасы і адзежа выглядалі зусім чыстымі, ніводнага павучка, ніводнай бялявай ліпкай нітачкі. Вось дык чараўніцтва! Лілле пагладзіла шчарбатую спінку бранзалета. Так, па-за ўсякім сумневам, Ляснік кахае яе, моцна кахае, раз падарыў такую каштоўнасць.
Глыбока ўдыхнуўшы, набраўшыся адвагі, яна пастукала ў дзверы.
Праз імгненне велізарная постаць з'явілася ў праёме.
— Хто тут? — Ляснік нагнуўся, каб лепей разгледзець маленькую кветачніцу.
Лілле з трапятаннем глядзела ўгару. Яе сэрцайка матлялася, як заціснутая ў кулачку мушка. Зараз, зараз надыдзе салодкае імгненне першага пацалунка! Яна ўстала на дыбачкі і зірнула на Лесніка з усім каханнем, на якое была здольная.
— Ты да мяне, малая? Што зрабілася?
— Я... прыйшла... — піснула Лілле, млеючы ад страху і пяшчоты.
Ён глядзеў, нібы не разумеючы. Лілле разгубілася. Што ж ён марудзіць? Чаму не віншуе яе з днём нараджэння? Чаму не пытае, ці спадабаўся падарунак?
— Паслухай, калі ў цябе нешта здарылася, то выкладвай, — сказаў ён.
— Гэта ж я... Лілле... з Мядовай прасекі! Хіба ты мяне не памятаеш?
— З Мядовай прасекі? — Яго кусцістыя бровы падняліся. — Няблізкі шлях. І як ты здужала прайсці?..
— Чароўны бранзалет, ён дапамог мне! — Лілле працягнула руку, і бранзалет патануў у вялікай далоні. Ляснік грэбліва паморшчыўся.
— З якога сметніка гэта дзеравяка? Тут чараўніцтвам і не пахне, цябе ашукалі, малая. Хіба што кроў на ім чалавечая, ды і тую па неасцярожнасці пліснулі, ад няўмелага абыходжання са сцізорыкам. Таму яна таксама магіі ў сабе не нясе.
Читать дальше