Перад тым, як сустрэцца з Андрушам, я зноў пайшоў да дваццаць першага барака. На панадворку ў засені, па-ранейшаму, сядзеў Тодар. Убачыўшы мяне, ён на гэты раз чамусьці занерваваўся, але ў гутарку ўступіў, хоць і неяк, на мой погляд, змушана. Я прысеў побач з ім на лаўку і спытаў, чаму ён каторы ўжо час нідзе не працуе. Тодар адказаў на гэта, што моцна хварэў, але ўвосень падрадзіцца на ўборку буракоў альбо бульбы, якія трэба збіраць вельмі хутка, бо іх паядуць бадзягі, ці , можа, сам пойдзе на кансервавы завод нарыхтоўваць з чарвякоў пратэінавую муку.
“А на якую хваробу, калі не сакрэт, вы хварэлі?” — асцярожна спытаў я яго.
“Раптоўная анемія. Доктар Арвід сказаў мне, што я няправільна харчаваўся і ў мяне здарыўся авітаміноз”.
“А начных кашмараў у вас не было? — спытаў я. — Можа, у час сну вас хто душыў?”
“Што вы маеце на ўвазе?” — наструніўся на мае словы Тодар.
“Тое, пра што зараз загаварылі ўсе. Вас мог наведваць упыр”.
“Але ж у той час яго ніхто і не бачыў”.
“Ён мог знаходзіцца ў ранняй стадыі, — патлумачыў я, — а цяпер “п’яука” набыла моц і шкодзіць напоўніцу. Хіба не так?”
Тодар паныла згадзіўся і паведаміў мне, што па ўсёй верагоднасці “цмок” зноў прыходзіў ноччу. Многія бачылі за сабой белую постаць, якая крочыла следам, прычым адны казалі, што гэта было нешта туманна-аморфнае, накшталт дыму, а іншыя пазнавалі ў прывідзе нябожчыка, дарэчы, кожны з іх паказваў на розных. Усе чуткі, здагадкі, страхі, казаў Тодар, растуць, як смецце на мясцовых звалках. Пад вечар абітальнікі бліжэйшых баракаў пачалі наглуха зачыняцца ў сваіх пакоях і пакойчыках, а там-сям ужо кладуцца спаць усе разам у адным месцы, і так упокат спяць ужо некалькі дзён, працягваў Тодар, — тым больш тыя, хто жыве ў іх бараку.
“А як Адмета? — спытаў я свайго субяседніка, — яна выходзіць на падворак? Што-небудзь расказвае?” “Яна зусім аслабла, ляжыць у сваім пакоі и нікому не адчыняе. Хіба толькі доктару Арвіду, які наведаў яе ўчора к вечару”.
“А вы самі бачылі прывід?” — напрамую спытаў я Тодара. “Пакуль што — не. Але як толькі ўбачу, то ў мяне для яго ёсць пачастунак. Я знайшоў яго апісанне ў Сеціве. Гэта старажытны сродак і называецца “кактэйль Молатава”: дзве часткі бензіну і адна — машыннага масла — змешваюцца, заліваюцца ў бутэльку, і ў рыльца ўстаўляецца кароткі кнот, у мяне ён мінімальнай даўжыні, і як толькі гэтае стварэнне ўнадзіцца за мной, я падпальваю кнот і кідаю бутэльку яму пад ногі. Праз секунду адбудзецца выбух, і, спадзяюся, — “цмоку” гамон”.
I Тодар крыважэрна хіхікнуў, вышчарыўшы ва ўсмешцы мноства жалезных каронак. Такія зубы — прадмет кпінаў яшчэ стагоддзе таму, цяпер зноў пачалі ставіць у нешматлікіх стаматалагічных клініках.
“Наўрад ці “кактэйль Молатава” дапаможа, — выказаў я Тодару свой сумнеў. — Хоць, хто яго ведае, ва ўсякім разе менавіта гэтага сродку, на мой погляд, раней ніхто ў такіх выпадках не прымяняў”. “А што прымянялі?” — адразу зацікавіўся Тодар, але чамусьці ўвесь час нервова азіраючыся.
“Калі па праўдзе, — адказаў я, — то спачатку, як я казаў вам раней, вызначалі ўпыра: высвятлялі, хто гэта ў мінулым, тое-сёе, і дзе пахаваны, ну а потым ускрывалі магілу і забівалі “п’яўцы” ў сэрца асінавы кол. Альбо адсякалі голаў. Альбо спальвалі. Эфект быў, як правіла, заўсёды станоўчы”.
“Калі ўпыр ляжыць у магіле, два метры пад зямлёй, то чаму ён тады жывы, і якім чынам гэты спрытнюга вылазіць вонкі?” — дапытваўся, але неяк вяла, Тодар. Яго нешта непакоіла.
“Доўга тлумачыць, — паясніў я, — але, калі коратка, то вылазіць не ён, а яго, так бы мовіць, інфармацыйная Матрыца”.
“Не разумею”.
“На жаль, — сказаў я Тодару, — я таксама, як і вы і ўсе астатнія, ведаю вельмі няшмат, а пры сабе маю толькі здагадкі”.
“А Публій Рос?” “Мяркую, і ён таксама”, — пэўна зусім расчараваў я свайго суразмоўцу.
“Але ж які аўтарытэт, і гаварыў так разумна”.
“Я зноў прыйшоў да гаспадыні, — перапыніў я яго і пакінуў лаўку. — Паднімуся наверх”.
“Не хадзіце туды”.
Я вырашыў, што дрэнна пачуў.
“Не хадзіць? Гэта яшчэ чаму?”
Але тут яго замяшальніцтва дасягнула апагею, і ён быццам упаў у прастрацыю, пачаўшы мар-мытаць, што лепш мне прыйсці, напрыклад, заўтра.
“Што там не так?” — спытаў я. — Можа, яна памірае?”
Суправаджаемы зацятым позіркам Тодара, я падняўся наверх і пазваніў а потым пагрукаў у пакоі ўдавы.
“Хто там? — праз паўзу спытала праз дзверы Адмета, — што вам трэба?”
Читать дальше