“Мы не рызыкуем растлумачыць. Можа, нечысць, можа, яшчэ нешта. Кажуць, продкі раз-пораз сутыкаліся з такім і ведалі, што рабіць. Цяпер веды згубіліся. Хіба што ваш бацька валодаў імі і перадаў вам. Мы спадзяёмся.”
Урэшце, доўга думаць я не збіраўся. Любая праца ў маім цяперашнім становішчы была рата-вальным сродкам. Я разумеў, што і маім наведвальнікам гэта цяпер добра вядома.
“Заўтра, — тым не менш, паўтарыў я. — Трэба, як кажуць, параіцца з падушкай.” “Вы дасцё нам нумар свайго надалонніка?” — спытала жанчына. “Запішыце,” — праз паўзу прапанаваў я.
“У гэтым няма патрэбы. У Платона выключная памяць. Урэшце, як і ў мяне.”
Я назваў лічбу.
“Спадзяёмся, што мы неўзабаве хутка пабачымся,” — сказала жанчына, якая назвалася Мойрай.
Раптам яе спадарожнік, на імя Платон, зірнуў на гадзіннік і падняўся з крэсла. Я адзначыў, што, нягледзячы на мажнасць, рухі яго былі лёгкія і імклівыя, як у жывёлы з пароды каціных.
“Нам пара, — сказаў ён. — Выбачайце, але нас чакае больш важная справа.”
Я таксама ўстаў з-за стала, і праз кароткую паўзу чамусьці паціснуў яму руку, пасля чаго яны развіталіся і адразу пайшлі.
Застаўшыся адзін, я пачаў абдумваць нечаканую прапанову, але думкі мае ўвесь час вярталіся да жанчыны, якая назвала сябе Мойрай. Я спрабаваў гадаць пра тое, колькі ёй можа быць гадоў, чым займаецца, яна свабодная, ці ў яе ёсць мужчына, хто ёй гэты маўклівы Платон. Але неўзабаве кінуў гэты пусты за нятак. Урэшце, я нават прыблізна не ведаю, што хочуць тыя госці. Ад мяне, лічу, не варта чакаць якіх слушных аналітычных меркаванняў, бо я наўрад ці дасканала валодаю хоць якім больш-менш адчувальным дарам тэарэтычнага мыслення. Так, у мяне гэтага, на жаль, няма, ёсць хіба што толькі інтуіцыя.
Кажуць, жыццё немагчымае, зыходзячы з сучасных фізікаматэматычных уяўленняў, але яно існуе і ўпарта хавае ад нас свае асноўныя таямніцы. Ці хопіць маіх ведаў, каб дапамагчы тым загадкавым гасцям? Як яны ўвогуле “выйшлі” на мяне?
Таксама праз інтуіцыю? Урэшце — гэта не вялікая , а ўдача, хоць і нечаканая.
Мой старога веку ноўтбук, які перадусім быў даўно мною ўключаны, ціха пераліваўся каляровымі рыбінамі на дысплеі.
Я набраў слова-пароль і пачаў няспешна падарожнічаць сярод шматлікіх блогаў. Па тэме, якая мяне асабліва цікавіла, усе яны, вядома, укараняліся ў Сеціва выключна ананімна. Неўзабаве я натрапіў на тое, што мне і было патрэбна: блог 2412. Як я зразумеў, мне было адрасавана запісанае ў выглядзе старажытнага вярлібра пасланне — звычайны рэйв, няйнакш. Я знайшоў прамое ўпамінанне аб месцы — Новы Эдэм. Урэшце, гэта можна было тлумачыць і адвольна.
Тут, у Новым Эдэме — Апошнім месцы Зямлі,
Дзе ўсё скіравана на самазнішчэнне, Калі давядзецца ўбачыць —
Можна стаць сведкай Чарговага збою ў Праграме, І зразумець,
Што Сусвет не толькі незвычайней, Чым мы ўяўляем,
А яшчэ нашмат больш незвычайны, Чым мы
Нават можам сабе ўявіць.
Ніжэй гэтага зашыфраванага такім дзіўным спосабам тэксту было пазначана буйнымі літарамі: ЧАКАЕМ ВАС У ЭДЭМЕ
Прачытаўшы гэты цьмяны і незразумелы для любага звычайнага наведвальніка Сеціва псеўдапаэтычны рэбус, я задумаўся і прыйшоў, урэшце, да высновы, што стварыць яго і закінуць у Сеціва магла хоць бы і нядаўняя госця Мойра; пасля чаго пачаў ператасоўваць магчымыя варыянты таго, што можа адбывацца цяпер у паселішчы пад назвай Новы Эдэм.
Чарговы збой у Праграме? — разважаў я. — Што менавіта яны, мае сённяшнія госці, маюць на ўвазе? Нават намёкі на Праграму былі забароненыя. Але, калі б гэта быў звычайны, шараговы збой, хіба звярталіся б яны па дапамогу? Бадай, сапраўды, запіс той з’явы, якая распачалася ў паселішчы, нечакана можа прынесці неблагія грошы? Таемныя арганізацыі, колькасць якіх, нягледзячы на арышты, не памяншалася, як я ведаў, ахвотна куплялі і трансліравалі праз Сеціва такія, адчувальна расхістваючыя сістэму, сенсацыйныя стужкі. Урэшце, я вырашыў збольшага сабрацца і чакаць званка, як і было дамоўлена з маімі работадаўцамі; кінуў у дарожную сумку запасную кашулю, шорты, бейсболку, упакоўку лёзаў, каб галіцца, лёгкую партатыўную відэакамеру, флэшкудубль з асобнымі распрацоўкамі бацькі, якую, падумаўшы, старанна зашыў за каўнер кашулі, і яшчэ сёе-тое з дробязей — у мяне амаль нічога не было, і я не збіраўся затрымлівацца тут, у Мегаполісе, больш чым на некалькі дзён, бо калі б мяне злавілі з пратэрмінаванай карткай, то скіравалі б у лагер.
Читать дальше