Тым ня менш, прыхільнікі Маркса, якія шляхотна і рамантычна вераць ува ўсемагутнасьць асобна ўзятага чалавечага розуму, па-ранейшаму працягваюць сьцьвярджаць, што заснавальнік навуковага камунізму адной левай даў рады філязофіі, эканоміцы, гісторыі, сацыялёгіі, паліталёгіі й нават эстэтычнай тэорыі. Той факт, што да ўсіх сваіх галоўных высноў ён прыйшоў падазрона рана, пасьля чаго да канца жыцьця ўжо толькі шукаў — і вядома ж, знаходзіў, куды б ні ступіў! — ім пацьверджаньне, успрымаецца імі ня як прыкмета інтэлектуальнай акасьцянеласьці й канфірмэйшн баясу, а як чарговы (калі не асноўны) доказ Марксавай геніяльнасьці: нашто мяняць погляды, калі яны слушныя? А чаму яны слушныя? Ну, бо нязьменныя. (З такім жа амаль рэлігійным імпэтам, напрыклад, сюррэалісты трымаюцца за Брэтона, што «ніколі ня здраджваў прынцыпам сваёй маладосьці»! — во зух!) Дзеля абгрунтаваньня сваёй рацыі вернікі гатовыя штораз абагаўляць усё маладзейшага Маркса, не ўсьведамляючы рызыкі прыпаўзьці ўрэшце ў сваім пакланеньні ажно да калыскі мэсіі: і там, я перакананы, неўзабаве знойдуцца яшчэ невядомыя «рукапісы», хоць бы й на пялюшках-плашчаніцах, у якіх прарок заклікаў да вызваленьня з путаў тых самых пялюшак і якія ад нас зламысна ўтойвалі ўвесь гэты час вашынгтонскія мудрацы.
І ўсё-ткі нельга не прызнаць, што Маркс быў сапраўдным адмыслоўцам прынамсі ў адной вобласьці, а менавіта па частцы бязбожнага абсёру сваіх канкурэнтаў на полі геніяльнасьці — зрэшты, як і належыць бурлівай і самаўпэўненай маладосьці. Ужываючы гэтае рытарычнае «мастацтва палемікі», якое сёньня ў радыкальнай моладзі называецца «гэйт’н’ЛОЛ», юны Маркс у сваім пакоі, падазраю, нападабняў перад люстэркам трыбунаў Вялікай францускай рэвалюцыі (ах, Парыж! месца знаёмства зь вялікім Фрыдрыхам! не, не буржуазным матэматыкам Энгелем, а народным прамыслоўцам Энгельсам!), для якіх зьдзек над палітычным супернікам любога кірунку — гэткі рэпэрскі «бэтл» аван ля летр — быў формай палымянага публічнага даносу, што для таго, хто прайграў, амаль заўжды заканчваўся гільятынай. Пагадзіцеся, што ў параўнаньні з такой забавай якая-небудзь «руская рулетка» — як кідок касьцей у параўнаньні з шахматамі. Язык трэба на ўсякі выпадак гастрыць змоладу! Каб пасьля любой колькасьці апрацаваных галоваў ён лётаў туды-сюды, як алеем намазаны! Маркс, відаць, адчуваў, што ў выпадку паўтарэньня гісторыі гільятына абавязкова заплача па такіх буржуа як ён, таму пастанавіў загадзя стаць на бок гістарычнага правасудзьдзя й начапіць фрыгійскую шапачку — раз ужо трагедыі наканавана паўтарыцца, то найлепш будзе загадзя ператварыць яе ў фарс. У конкурсе на найлепшы камуфляжны касьцюм пераможа той, хто налепей падрыхтуецца да крывавага маскараду, а ў падмацаваньне сваёй кандыдатуры замест джоб аплікэйшн напіша ўсім зразумелую інструкцыю па карыстаньні гільятынай, і ў дадатак яшчэ «крымінальны кодэкс», паводле якога будзе лёгка вызначыць ворага. Самае цёмнае месца — пад самым падсьвечнікам, а найлепшая схованка — навідавоку ўва ўсіх! Калі ня можаш перамагчы масы — ачоль іх! А калі ня хочаш працаваць — займіся навуковым абгрунтаваньнем неабходнасьці й шляхотнасьці Працы, пра якую ўжо змоладу маеш чыста тэарэтычнае паняцьце. Пакуль усякія Энгелі сушылі мазгі над тым, як знайсьці спосаб прынамсі ў будучыні пазбавіць масы ад самой гэтай неабходнасьці, «радыкальны» Маркс, наадварот, даказваў, што дастаткова будзе пазбавіць працу «адчужанасьці» — як? — а зрабіць так, каб чалавек працаваў не на аднаго эксплюататара, а адразу на ўсіх! І галоўнае — ні ў якім разе не на сябе самога, як наіўна лічыў Ўайлд! («Я ж ня дзеля сябе, я ж дзеля людзей! мне самому ні халеры ня трэба! у мяне і так усё ёсьць! а няма — дык дадуць!») Матывацыя працы павінна «ўсяго толькі» зьмяніцца на сто восемдзесят градусаў: маўляў, калі праца стане «ўсьвядомленай неабходнасьцю», то адразу стане й свабоднай! Дзякуй табе, Георг-Вільгельм-Фрыдрых! Дастаткова рабу ўсьвядоміць неабходнасьць рабства (ну, усе ж рабы — чым я лепшы?) — і назаўтра ён сам, з уласнай волі, радасна пабяжыць ішачыць з адчуваньнем поўнай свабоды. Асуджаны на сьмерць вызваліцца ад яе ня тым, што ўцячэ з-пад варты, а што ўсьвядоміць аб’ектыўную неабходнасьць адчыкрыжыць сабе галаву паводле законаў Гісторыі: гэта ж карысна не для тых, хто напісаў закон, а для Ўсіх людзёў! Значыць, і для мяне ў тым ліку! І я ж чалавек! — рукі, ногі, галава (ну, да часу)... Праўдзіва філязофскі падыход! — які паралізуе ўсякую волю да рэальнага супраціву эксплюатацыі, і пагатоў не адмяняе эксплюатацыі, а проста робіць зь яе тое, што Гегель адным махам зрабіў з «рэчы ў сабе» — «абстрактны панятак», абумоўлены толькі часовай гістарычнай недаразьвітасьцю Духу (у Маркса — грамадзтва), якую, маўляў, лёгка пераадолець! Настолькі лёгка, што лепш зрабіць гэта хірургічна-рэвалюцыйным шляхам, то бок тут і цяпер! А яшчэ лягчэй узьвесьці недаразьвітасьць у Абсалют і абвясьціць гэты абсалютызм разьвітасьцю! — ды што ўжо там, адразу найвышэйшай магчымай ступеньню разьвіцьця! А чацьвёртаму не бываць!
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу