
23.
Эх, Мігэль, ведаў бы ты, атожылак буржуйскі, каму я ўсё-ткі мусіў пайсьці пакланіцца! — зусім не давёз бы мяне да гэтага Трыру. Да Маркса ў мяне стаўленьне асаблівае, сваяцкае, ледзь не пабрацімскае (што мяжуе, каюся, з панібрацкім), і ўспадкаванае яно генэтычна: мой бацька, сапраўдны умственный рабочий, яшчэ ў самай густой цемры савецкіх часоў меў дзёрзкасьць быць эўракамуністам! — то бок амаль дысідэнтам, які на знак пратэсту супраць выраджэньня роднай партыі чытаў па начах «Капітал», а на палях пісаў вершы. Калі ж эпоха чырвонага чалавека скончылася й пачалася эра ветлівых зялёных чалавечкаў, а народ спраўдзіў, што «ісьціна» паходзіць ад «ісьці на», бацька так і застаўся падпольным камуністам, толькі цяпер ужо без усякіх «эўра» за душой — першую частку слова ён некарысьліва перадаў у спадчыну мне, прычым разам з хвосьцікам, знакам пераносу, перарванай традыцыі, які несупынна вымагае ў мяне працягу: «эўра-...» — ну, эўрахто? Раз ужо не камуніст? Анархіст? Эсэр? Лібэрал? Пахвігіст ад слова похва? Адказ мяне, па шчырасьці, цікавіць ужо не настолькі, як раней, таму, ідучы да Марксавага роднага дому, бы да Кумскай сыбілы, я выконваю волю хутчэй бацькаву, чым сваю — гэта ў ягоным жыцьці Маркс згуляў вызначальную ролю, каб воля была мая — я быў бы цяпер замест Мігэля ў Жэнэве...
Ня ведаю, каторае зь месцаў паведамляе аб чалавеку болей, нараджэньня або сьмерці (пахаваньня) — я заўжды лічыў, што другое, — і ўсё ж першае шмат чаго сьведчыць прынамсі пра ягоных бацькоў і клясавае паходжаньне, раз ужо мы марксісты, а значыць ускосна — і пра яго самога. (На гэтым месцы, дарэчы, раю ўсім марксістам апроч майго бацькі перапыніць чытаньне.) Дык вось, калі паспрабаваць меркаваць пра Маркса ня толькі паводле ягоных твораў, але й паводле Трыру, хай нават сучаснага, то падлетак Карл уявіцца вам гэткім тыповым сынам адукаваных местачковых буржуа, правінцыялам, які прагнуў выбіцца з гэтай гістарычнай дупы куды-небудзь у людзі будучыні — прычым любым коштам, як ужо ўласьціва такім уседлівым натурам. Да таго ж, ён быў ня проста сынам, а славутым на ўвесь хрышчоны Трыр вундэркіндам, у якога ўклалі столькі ідэяў, надзей і грошай, што ён з раньніх гадоў адчуваў сябе проста абавязаным прыдумаць, а яшчэ лепей учыніць (як сам паабяцаў ужо ў школьным сачыненьні) штосьці геніяльнае, рэвалюцыйнае, карыснае ўсяму чалавецтву — хаця, магчыма, ніякіх іншых перадумоў, апроч матэрыяльных, для гэтага і ня меў... То ж бо быцьцё і сапраўды вызначае сьвядомасьць, прычым, трасца, ужо змалку: прыкладам, успрымаць рэчы ня як артэфакты, карыстаньне якімі (разам з мовай) адрозьнівае людзей ад жывёлы, а ўсяго толькі як фэтыш і ўвасабленьне тупой паднявольнай Працы, можа толькі той, у каго гэтых рэчаў дзяваць рэальна няма куды — і хто ніводнай зь іх сам ніколі не змайстраваў.
А можа і меў ён іншыя перадумовы, апроч гломазду: цымус, аднак, у тым, што юны Карл у выбары прафэсіі ўсё-ткі памыліўся, гадкоў якіх на сто, бо паводле яскравых прыкладаў усіх гэтых Дэкартаў, Ляйбніцаў, Сірано, Леанардаў, Мікелянджэлаў, Хайямаў, Бэйканаў, Ібн Сінаў, Арыстотэляў... — можна не працягваць? — імкнуўся стаць не абы-якім тэарэтыкам (аднаго Гегеля ўжо хапіла), і ня проста ўвасабленьнем абсалютнага духу, а ўвасабленьнем абсалютнага матэрыялізму, рацыяналізму й Рацыі («усё рэальнае ёсьць разумным»!), то бок сумай усяго даступнага чалавечага веданьня, апошнім у гісторыі полігісторам і першым навуковым матэрыялістам-поліматам! — перадапошнім, бадай, быў Гётэ, якому належыць гонар адкрыцьця, што за кожным падобным Фаўстам звычайна стаіць Мэфістофэль. Аднак, нягледзячы на сумленныя й тытанічныя разумовыя высілкі, Гётэў суайчыньнік з Трыру здолеў ужо толькі стаць «усебакова разьвітым дылетантам» (учуўшы гэты выраз аднойчы на ўроку музыкі, я запамятаў яго на ўсё жыцьцё — бо ў ім мне ўжо тады мроілася прадказаньне, якое, на жаль, непасрэдна тычылася мяне). Ну чаму ж, чаму так выйшла? — гэта я не пра сябе, а пра Маркса, са мною ўсё ясна, — цяжка сказаць: напэўна, таму, што сам час стаў настолькі разгалінаваным, складаным і Новым, што нават найвялікшаму гуманітарыю (ня блытаць з гуманістам) у сьвеце не ўдалося ўжо яго ахапіць, агораць і растлумачыць ува ўсіх яго праявах і плашчынях разам. Што яму ўдалося, дык гэта прыгатаваць сапраўды рэвалюцыйны гуляш з ужо вядомых інгрэдыентаў: прыстасаваць мальтузіянскую ідэю «барацьбы за выжываньне» да эканомікі (штось падобнае зрабіў для псыхалёгіі Ніцшэ), гегелеўскую ідэю «стадыяў разьвіцьця й сьмерці (мастацтва)» — да гісторыі, а грамадзтва апісаць як варажнечу эканамічных клясаў з супрацьлеглымі інтарэсамі. (З тым жа посьпехам можна апісаць людзкія паводзіны з дапамогай старажытнай тэорыі тэмпэрамэнтаў — навуковай яна ад гэтага ня стане.) Апісаўшы тальлю й ейныя масьці (і прыпісаўшы ролю джокераў «п(ралет)арыям»), Маркс тут жа запатрабаваў адмяніць гульню як махлярства (якім ёсьць у прынцыпе любыя знакава-абстрактныя стасункі, ня толькі эканамічныя, але ў тым ліку й моўныя), раздаць усім з банку па жэтоне й наагул назаўжды скасаваць сам па сабе азарт як несправядлівасьць па вызначэньні — то бок ніякай іншай, лепшай, цікавейшай ці справядлівейшай гульні ён насамрэч не прапанаваў.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу