Да непазьбежнай экспэрымэнтальнай праверкі сваёй усеахопнай тэорыі Маркс, на жаль ці балазе, так і не дажыў, але ж каб такія адчайныя героі паміралі раз і назаўжды, як простыя людзі — так не бывае, у чалавецтва іх ня так шмат. Жыцьцё, хай для Маркса й пасьмяротнае, ішло далей: старая скептычна-нерашучая буржуазная Эўропа пад выглядам падарунку сьпіхнула трырскага генія Расеі-Маладой! Лепшага адрасата такой данайскай шчодрасьці немагчыма было прыдумаць: абнадзееная адносна нядаўнім прэцэдэнтам ув асобе ўласнага полігістора з народу акадэміка Ламаносава (зрэшты, у кожнай нацыі прынамсі адзін такі знойдзецца, а як не — дык прызначаць), Расея тут жа аддзячыла Эўропе за Маркса першай у сьвеце дзяржавай рабочых, сялян і палітычна падкаваных (збольшага простымі, як валёнкі, плякатамі) кухарак, дзе з часам замацавалася перакананьне, што геніяльнасьць перадаецца разам з партыйнай прыналежнасьцю й мацнее з усё вышэйшай палітычнай функцыяй: гэтак была працягнутая традыцыя «геніяльнага правадыра» й заснаваная пазыцыя генсека — гэткага новага Папы, сьвятога Айца народаў. Дзеля справядлівасьці варта зацеміць, што калі ў анямечанай Расеі прынамсі рабілі выгляд, што геніяльнасьць правадыра часткова грунтуецца на нейкай нібыта навуцы (прычым «заходняй»!) — то ў канчаткова адурэлай ад арыентальнай містыкі й ідэалістычнай філязофіі «абруселай» Нямеччыне фюрэр быў ужо поўным геніем-невукам — увасабленьнем «чыстай інтуіцыі», якая завяла яго вядома куды. Нагадаць тут, што сам Маркс (які ні пра што іншае й ня марыў) дэ юрэ не нясе адказнасьці ні за якія практычныя спробы ўвасабленьня ў жыцьцё ягонага «ўсемагутнага, бо праўдзівага» вучэньня — слушна, але яшчэ больш слушна тое, што сам ягоны вобраз непагрэшнага мудраца й празорцы, які ён меў ужо пры жыцьці, яшчэ не сфармуляваўшы сваіх прароцтваў да канца, значна ўмацаваў традыцыйную веру ў прарокаў на Ўсходзе і спрыяе ёй да сёньняшняга дня лепш за ўсякія сьвятцы. (Зрэшты, і гэта пры жаданьні можна зваліць на Гегеля.)
Расея, як вядома, умее даць здачы й нікому вінаватай не застаецца: яшчэ пры жывым Айцу яна, дзякуючы свайму палітэканамічнаму (але далёка не марксісцкімі сродкамі дасягнутаму) уплыву, канчаткова разьлічылася з пазыкай і вярнула сьвету (у тым ліку «трэцяму»)... Маркса! Той, нібы бумэранг, вярнуўся ў Эўропу са сьвістам, пераможна і, трэба сказаць, своечасова, як процісродак (ці хутчэй прышчэпка) ад карычнева-цемрашальскага мору, і пасьля кароткага флірту Молатава з Рыбэнтропам насамрэч дапамог, на пару з рэанімаванай праваслаўнай верай, вывесьці стары кантынэнт з комы — праўда, палова цела ў хворага так і засталася паралізаванай, але і гэта быў яўны прагрэс. Удзячныя эўрапейскія інтэлектуалы тут жа зноў ухапіліся за Марксаву бараду як за забытую ўлюбёную цацку і заўзята валындаліся зь ёю да самага жніўня 68-га году — бо 18-ы, 21-ы, 30-ы, 33-ы, 35-ы, 37-ы, 39-ы, 40-ы, 44-ы, 54-ы, 56-ы й 57-ы за сур’ёзныя контраргумэнты не прызнавалі — пасьля чаго асобныя зь іх нарэшце ня вытрымалі, плюнулі ды абвясьцілі сябе сьпярша «новымі левымі», а пасьля й «новымі філёзафамі», канчаткова прамяняўшы Маркса за Салжаніцына й постмадэрн. Урэшце дайшло да таго, што пад канец ХХ стагодзьдзя на кампутарызаваным Захадзе новым увасабленьнем найвялікшага генія ўсіх часоў стаў тыповы «монагістор» Айнштайн (аўтар іншай унівэрсальнай тэорыі, не без дапамогі якога вынайшлі чарговую, цяпер ужо атамную гільятыну), — тады як колішнія народныя ўлюбёнцы й валадары дум Маркс з Энгельсам ператварыліся ў гэткі правобраз Бювара й Пэкюшэ ад палітэканоміі — прызнаюся, апошнія двое ніколі не здаваліся мне задужа сьмешнымі, і ў іх ёсьць штосьці фаўстаўскае, але ж для спачуваньня гэтага ўсё-ткі малавата... Лічы, да самага новага тысячагодзьдзя ўканец састарэлы сівавалосы Маркс бадзяўся па дабрачынных прытулках акадэмічных устаноў (дзе з усіх катэдраў, апроч філязофіі, дый тое гегельянскай, яго нязьменна выкідалі, як і ягонага калегу-візыянэра Фройда з псыхалёгіі), прыкідваючыся ўсяго толькі прадстаўніком субкультуры гіпі — і тут настаў... — у каторы раз! — уратавальны эканамічны крызіс! Эўрыка! Ану, дзе там наш языкаты трыбун, кудлаты Самсон, мітычны асілак Маркс? Тэрмінова выпісвайце ягоны мозг з моргу й кладзіце ў крыянічную ўстаноўку, крыніцу ўсіх нашых надзей на будучыню! Адкуль яго можна будзе пэрыядычна даставаць да канца веку, як дулю з кішэні! А вунь ужо і пралетарыі ў камуфляжных майках з надпісамі «ЮЭсЭй» і «Кока-Кола» (па якой пустэльні яны так доўга хадзілі?) цягнуцца роўнай чарадой з Поўдня, каб адпомсьціць за пераможаны Ўсход! Зараз яны гэтаму Паўночна-Заходняму капіталізму ўваляць па самы край! Ідзе ўжо ня проста вайна народная, а барацьба клясавая! Эўрафашыкі, гэты ўвасоблены Попыт на камфортны лебэнсраўм, традыцыйна лепей узброеныя, у тым ліку фальшывым пачуцьцём інтэлектуальнай і расавай перавагі — але ж іх мала, і ім ужо няма куды ўцякаць — а вось пралетарыям ёсьць! толькі наперад! да таго ж іх, як і ў айчынную, да халеры, і ім у прынцыпе ўсё адно, дзе й за што памерці! Няма чаго траціць, апроч ланцугоў на шыях! Перамога другіх прадвызначаная! — а раз прадвызначаная, то вялікі Маркс, натуральна, ня мог яе не прадбачыць!
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу