Але каб зусім ужо ня крыўдзіць Расею (ай, моська!), трэба зацеміць, што мужык — усё-ткі прадстаўнік кшталту, які вымірае. Тым часам у глыбіні сібірскіх руд набірае ўсё большую вагу новы кшталт даўбаёбаў, поўная мужыковая супрацьлегласьць (умоўна кажучы, калі мужык, як і кожны сапраўдны мужык — пуцініст, то гэтых назавем медзьвядзістамі): людзі, якія дыхаць ня могуць без тэхналёгій! Ні на якім Захадзе я такога не сустракаў, хіба толькі ў дзяцей: у гэтым, па-мойму, ёсьць штосьці глыбока японскае. Быць адлучанымі ад інтэрнэту прынамсі на некалькі хвілін роўнае для медзьвядзістаў імгненнай дэградацыі ў сацыяльным статусе — то бок у статусе на сацыяльных сетках — а таксама азначае быць адлучанымі ад сваёй Вялікай Мядзьведзіцы, дзе жывуць выключна рунэтам і тым, што ў ім адбываецца. Таму адарвацца ад айфона ці смартфона — гэта адарвацца ад грудзей Радзімы-Мацеры, якая несупынна «завёт» і вібруе, апынуцца адным у чужым незычлівым сьвеце, інфармацыйным вакуўме — а такога сабе медзьвядзісты (у кожным зь якіх дрэмле герой-касманаўт, што ў любую сэкунду чакае ўказаньняў зь Вялікай Зямлі) дазволіць ня могуць. Уласна, Расея для іх (як і для асобных беларусаў Беларусь) — ужо цяпер не краіна, а плянэта, тым часам як сама па сабе Зямля — нават не краіна, а так, правінцыйна-патэнцыйная губэрнія.
Так што мне, прызнаюся, у гэтай сытуацыі хутчэй шкада мужыка. Наагул, людзі ў дарозе, і асабліва на запраўках ды месцах для адпачынку, бываюць яшчэ больш тупыя і злыя, чым звычайна (дастаткова паслухаць мяне). Ну сапраўды: усё вакол чужое, незнаёмае, усе вакол заёбаныя яздой, нявыспаныя, падазручыя, усе сьпяшаюцца, шкадуюць грошай, мусяць пільнаваць рэчы, таму й пакрыкваюць адзін на аднаго, глядзяць ваўкамі, штурхаюцца, мацюкаюцца на ўсіх мовах сьвету... Ня толькі рускія ці гарачыя гішпанцы, але нават флегматычныя ангельцы! Зірнуўшы на ўсё гэта, я зусім перастаю разумець той рамантычны піетэт, зь якім бальшыня людзей, збольшага маладых, ставіцца да вандровак. І гэта яшчэ ніхто нас — да часу — не бамбардуе! Толькі млыны напоўніцу варочаюць прапэлерамі, нібы нагадваючы, што штурмавік або дрон можа прыляцець у любы момант і сюды, каб пасьцінаць нам галовы. Калі б нехта зараз неасьцярожна закурыў каля калёнкі з бэнзінам, ілюзія была б поўнай.
З намерам падсілкавацца й пашукаць Ахмэда заходжу ў перакусачны пункт пры бэнзакалёнцы — я ж атрымаў у прыбіральні квіток на зьніжку ў пяцьдзясят цэнтаў, зэканоміць якія ёсьць маім маральным абавязкам. Пакуль я зь нясьпешнасьцю знаўцы ў музэі разглядаю прысмакі за шклом, нейкі стары пузаты дзядзька ў пінжаку й бяз гальштуку, яўна вэтэран іранскай рэвалюцыі (сярод іх гальштукі выйшлі з моды ўжо 40 гадоў таму), размаўляе зь немкай-аднагодкай-прадавачкай, ну нібы з уласнай дачкой ці жонкай — загадным тонам, ніякіх табе біттэ-данке, усе фразы складаюцца з аднаго слова, якія жанчына вымушаная выцягваць іх зь яго па адным: «Чаго вам, пане?» «Бульбы!» «Смажанай ці варанай?» «Фры!»
«Тут ці з сабой?» «Тут!» «Плаціце карткай ці гатоўкай?»
«Гатоўкай!» Трымаецца ён пры гэтым з асанкай цара зьвяроў, яўна пагарджаючы кабетай з прычыны таго, што яна ў свае гады аддае перавагу працы публічнай паслугачкі перад заслужаным адпачынкам хатняй матроны ў гарэме, то бок былой паслугачкі прыватнай. Ад ягоных паводзін у мяне неяк дарэшты зьнікае апэтыт, мне самому робіцца сорамна папіхаць гэтак старэйшую жанчыну — я набываю звычайнай вады (нічога таньнейшага ў іх няма, а ўжо гадоў праз сто ня будзе нічога даражэйшага) і выходжу на двор разьмяць ногі перад дарогай, як тут натрапляю на вэтэранавага адзінаверца а мо й супляменьніка, крыху маладзейшага: той нэрвова топчацца на сьцежцы, раз-пораз пазіраючы й пакрыкваючы ў бок кустоў, нібы там адбываецца штосьці надзвычай важнае, магчыма нават (я спадзяюся) непрыстойнае. Стаіць «на шухеры»? Якое там: гэта ён толькі «пасьвіць» сваю жонку — пэцкаць самому рукі ганебна, таму ён паслаў яе ў кусты вытрусіць ручнік, на якім яны ладзілі пікнік, а сам зводдаль кіруе працэсам і заадно пільнуе, каб на ягонае золатка не паквапіўся які кафір-гвалтаўнік... (Гэта я так рыфмую пад уплывам тунісійскага рэпу.) Па-мойму, дарма ён так пераймаецца: на ягоную шматдзетную даярку ў хустцы ўжо ня кінуўся б нават рыхтык выпушчаны з турмы рэцыдывіст. Дзеля ўсяго сьвятога, не падумайце: я шчыра зайздрошчу мусульманскім жанчынам — напрыклад, таксама хачу насіць гіджаб! Прынамсі, узімку! Уласна, ужо зь першага прагляду савецкага істэрну «Белае сонца пустыні»! Толькі вось не хачу, каб мяне праз гэта зьвязвалі зь нейкай рэлігіяй, а калі б да мяне наблізіўся які прававернік без гіджабу і спытаўся б, дзе мой муж ці якую падобную лухту — я хачу мець поўнае права паслаць яго ў сраку і ня быць пры гэтым закіданым (закіданай) камянямі. Аднак лічыцца, што жанчына ў гіджабе гэтага права ня мае, тады як мужык без гіджабу мае поўнае права «шыхтаваць» яе, як афіцэр шарагоўца. Калі ж яна хоча такое права мець — тады першым чынам нібыта мусіць адкласьці гіджаб на знак сваёй грэшнасьці й непадпарадкаваньня (то бок закіданай камянямі яна будзе па-любому). Анягож! Адмаўляцца ад гіджабу дзеля нейкіх сэксістаў? Выкідаць на шмацьцё палову заробку? Ды не пайшлі б яны, сапраўды, з чыста эканамічных і эстэтычных прычын у сраку!
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу