— Сядай, князь, — прапанавала манашка. — Мне паложана стаяць перад табой...
У голасе Кажыны пачуліся ноткі самаахвярнага прыніжэння, за якімі Богша адчуў хітра расстаўленую князю пастку. Але князь нічога не заўважыў. Самаўпэўненасць і ганарыстасць пазбавілі яго тонкага чуцця, а прывычка ўсё дамагацца сілай — разважлівасці.
Князь сеў на лаўку.
— Слухаю цябе, чарадзейка і ведзьма, — сказаў ён з лагоднасцю, якая больш пасавала да ложка, а не да келлі манашкі.
— Толькі не гневайся, князь, — папрасіла Кажына. — 3 табой я хачу быць шчыраю, бо ты патрэбны мне, а я табе. Ці не так?..
— Хай сабе і так, — міласціва пагадзіўся князь.
— Азірніся, князь, навокал. Хіба ты не бачыш, як занепадае Кіеў? Нават Юрый Даўгарукі махнуў на яго рукой. А сын ягоны Андрэй і глядзець на Кіеў не хоча. Кіеўская Русь развальваецца. Каму гэта на руку? Табе, князь, на руку. А Прадславе — горкі ком у горле. Чаму? А таму, што моцны князь — моцная дзяржава. Моцная дзяржава — багатая царква. Царква прагне быць адзінай. А князі разрываюць Русь на кавалкі, як ваўкі ласіцу. Царква, во хто зацікаўлены ў моцным князі. А дзе яго возьмеш?.. Здрабнелі князі. Hi адвагі, ні розуму. Адна пыха і дурасць. Ты, князь, сядзіш у сваім лясным княстве, а таго не ведаеш, што Прадслава, маці-ігумення Ефрасіння, абмянялася пасланцамі і з Пячэрскім манастыром, і з епіскапам Растоўскім Фёдарам. I ўсе яны вока і спадзяванні свае паклалі на Усяслава Віцебскага, каторы сын Васількі, пляменнік Прадславы. Абое яны, як табе, князь, вядома, дзеці малодшага сына Усяслава, якому сам Баян складаў песні. Спачатку Усяслаў Віцебскі зойме Полацкае княства. А потым — Кіеўскае... Таму на палажэнне крыжа ў Спаскім манастыры і едзе з Віцебску Усяслаў Васількавіч. Вось і кумекай, князь...
Князь пабарвавеў. Ён адчуваў сябе, як шчупак у нераце: куды ні кінешся — няма збавення.
— А крыж?.. Навошта крыж? — як за апошні ратунак, схапіўся ён, каб толькі заспакоіць сябе, што Кажына палохае яго, і не больш.
— Гора мне з табой, князь, — уздыхнула Кажына. — Зусім ты нічога не цяміш. Абух абухом...
— Ты вельмі цяміш, — пакрыўдзіўся князь.
Кажына села на лаўку, паклала руку на князевы плечы.
— Не крыўдуй, тпруценька мой, — гарэзліва і пяшчотна прыхінулася яна да князя. — Паслухай мяне дужа ўважлівенька, князь, а я табе па чарзе ўсё да драбніц і раскажу. Крыж гэты не малых грошай каштаваў. I грошы тыя не аднаму Лазару Богшу дасталіся. Імі і рамесны і гандлёвы люд пажывіўся. Таму і славу яны пяюць не табе, а Прадславе. I паслухаюць яе, а не цябе. Крыжам гэтым Прадслава і сабе славу здабудзе і племянніку свайму Усяславу Полацкае княства. А Усяслаў, як толькі стане князем полацкім, першае, што зробіць, пойдзе супраць яцвягаў. Ты ж, князь, сядзіш на пуці да іх. Твайму княству першаму пасці вызначана.
"Як па палічках усё расклала, — падзівіўся Богша. — Але ж не так сабе? Нешта хаваецца за гэтым".
— Што ж мне рабіць, Кажына? — з несхаванай трывогай у голасе спытаўся князь.
— Не мне, грэшнай, даваць князям парады, — лішне пакорліва, каб можна было паверыць у шчырасць яе слоў, сказала Кажына і неўпрыкметку зірнула на палаці, убачыла цікаўнае вока з-пад аўчын, падміргнула Лазару Богшу.
Па яе твары прабегла ўсмешка, як у той гогалеўскай Салохі, якая схавала ў мяхах і чорта, і галаву, і дзяка, і казака Чуба. Лазару Богшу раптам абрыдла ляжаць у духаце пад аўчынамі, якія да ўсяго дужа смярдзелі.
"Зараз скіну іх і паяўлюся перад князем", — падумаў Богша, але ў час прыгадаў, што ляжыць на палацях голы. Гэта апыніла ягоную нястрыманасць.
— Не спакушай лёс, Кажына, — губляючы цярплівасць, сіпла сказаў князь. — Я чакаю тваёй парады...
Гэта ўжо быў загад.
— Знішчы Прадславу, князь, з усім яе вучоным вывадкам, — як мячом, секанула Кажына.
— Я не забойца, — памаўчаўшы, сказаў князь, як дрэнны акцёр, якому цяжка паверыць. — Да таго ж я заняў княжацкі стол не без дапамогі Прадславы і трымаюся тут трэці месяц.
— На табе і без Прадславінай шмат крыві, — зусім спакойна адказала Кажына. — Я заклікаю цябе не забіваць... Ты заб’еш Прадславу, а царква далучыць яе да ліку святых, ёсць тысячы шляхоў, каб пазбавіцца ад няўгоднай асобы. Разгані вучняў Прадславы. Абкладзі самую, як мядзведзіху ў бярлозе, а тады выпусці, хай адпраўляецца ў Візантыю, Іерусалім замольваць свае грахі. Спалі на агні кнігі і летапісы, забарані люду карыстацца граматай. Не дзела, князь, калі самая апошняя баба выдрапвае на сцяне Сафіі просьбы да бога. Не можа гэта прывесці да дабра. Не хто іншы, а філосафы-краснабаі прывялі Афіны да гібелі. Рымская імперыя загінула ад распусты, вучонасці і глыбакадумнасці. Візантыя па тых жа прычынах стаіць на краі бездані. Глянь, князь, на захад. Там не толькі смерды, але і рыцары, графы, герцагі, нават каралі не абучаны чытаць і пісаць. Затое там нараджаецца самая вялікая дзяржава пасля Рымскай імперыі. Вучыся, князь, у Фрыдрыха Барбаросы...
Читать дальше