— Не, Лазар Богша, іменна ты трапіў у дванаццатае стагоддзе...
— Я дык я, — сказаў Богша, — хоць ніяк не магу ўявіць, як без фантастычнай машыны часу можна было апынуцца ў дванаццатым стагоддзі?
— Што такое восем стагоддзяў у бясконцай чарадзе гадоў існавання чалавецтва? — па-філасофску зазначыў гаспадар.
Цяпер Лазару Богшу і зусім стала весела.
"Ну і жукі! Задумалі разыграць. Хацелі пасмяяцца. Цяпер я добра разгадаў іхнюю містыфікацыю".
Ад простай здагадкі ў ягонай галаве неяк праяснела, і ўсе фантастычныя прыгоды цяпер уяўляліся хоць і дасціпным, але, што ні кажы, розыгрышам. А так разыграць мог толькі Юрка Місюк, ягоны, Богшаў, адміністратар.
"Калі ж ён вярнуўся з камандзіроўкі? — падумаў Лазар Богша. — Ці не ўсё роўна калі? Факт застаецца фактам: Юрка прывёз нейкага акцёра і разам з Алегам Дутавым склалі сцэнарый розыгрышу. Потым яны загрыміравалі акцёра пад Лазара Богшу..."
—А ты зусім не Лазар Богша. Я здагадаўся, хто ты, — сказаў Лазар Богша. — Ты — Інакенці Смактуноўскі. Я запрасіў цябе на ролю Усяслава Полацкага. Хто цябе так добра загрыміраваў?.. У нас на студыі так не ўмеюць.
Гаспадар пахітаў галавою.
— Аднак жа здорава цябе падсекла рашэнне мастацкага савета. Прыгледзься лепей і ты ўбачыш, што на маім твары няма і мазка грыму. Мне таксама шкада, што мастацкі савет закрыў тваю карціну, якая была б сапраўды геніяльным творам. Закрыў, нягледзячы на тое, што на яе было выдаткавана восемсот дваццаць тысяч восемдзесят шэсць рублёў сорак тры капейкі.
Гаспадар загаварыў голасам студыйнага бухгалтара, калі той, бывала, закрываў фінансаванне фільма да асобага распараджэння.
— Не дуры галавы, Кеша, — рагатнуў Лазар Богша. — Ніякага мастацкага савета не было. Не трэба браць мяне на мушку.
Але тут жа Лазар Богша прыгадаў, што сапраўды яго выклікалі на мастацкі савет. Ён яшчэ пажартаваў тады ("Тады? Калі тады? Можа не тады, а цяпер?"): "На мастацкі савет выклікаюць не дзеля таго, каб пляскаць у далоні, а дзеля таго, каб пляснудь далоняй..."
Было падобна на тое, што ён, Лазар Богша, чалавек двадцатага стагоддзя, сапраўды трапіў у недасягальную чалавечаму разумению даўніну. Заставалася нявысветленым толькі адно: калі гэта сапраўды гістарычны Лазар Богша, які зрабіў крыж Ефрасінні Полацкай, дык адкуль ён ведае пра мастацкі савет і наогул пра справы ягонага, Богшавага, зямнога існавання?
— Не здзіўляйся, Лазар Богша, — нібы падслухаўшы ягоныя думкі, сказаў гаспадар. — Я ведаю пра цябе ўсё ці, бадай, усё. Няўжо ты думаў, што мы маем права прыводзіць сюды абы-каго.
"Фантастыка, — падумаў Лазар Богша. — Але ж і рэальная фантастыка, чорт мяне пабяры, рэальная машына часу ў дзеянні. А можа, гэта такі фантастычны сон? Зрэшты, самы фантастычны сон таксама рэальнасць. Калі ж да ўсяго падыходзіць з пункту гледжання кіношнага рэжысёра, дык усё, што са мной адбываецца, вельмі падобна на кінамантаж. А што, калі існуе нейкі іншы мантаж чалавечага існавання? Варта навучыцца валодаць ім, як адкрыецца зайздросная перспектыва жыцця ў чатырох вымярэннях. Можа, я, не падазраючы таго, авалодаў гэтым мантажом свайго існавання ў чатырох вымярэннях? Іначай трэба прызнаць, што містыка паявілася не на голым месцы".
Падумаўшы так, Богшу захацелася праверыць на справе, як можна карыстацца мантажом чалавечага існавання. У кіношным мантажы ён, напрыклад, адразу ж пасля сустрэчы з Богшам паставіў бы эпізод з Ефрасінняй. Лагічна! Дык чаму ў мантажы чалавечага існавання ён не мае права сустрэцца з Ефрасінняй Полацкам? Абсалютна лагічна, асабліва калі ўлічыць, што пра Ефрасінню амаль нічога невядома.
— Ці маю я цяпер права карыстацца свабодай перамяшчэння? — спытаў Лазар Богша.
— Маеш, — адказаў гаспадар.
— Тады я хацеў бы зараз жа сустрэцца з Ефрасінняй Полацкай, — сказаў Богша. — Не заўтра і не праз тыдзень, пакуль вы, мае дарагія жэўжыкі, падрыхтуеце якую актрысу на ролю Ефрасінні... А зараз...
Гаспадар з дзецюком пераглянуліся.
"Ага, папаліся, жэўжыкі, — узрадаваўся Лазар Богша. — Мяне за рубель дваццаць не купіш".
Зусім нечакана адчыніліся дзверы, і на парозе ўзнікла жаночая постаць у жоўтым кажусе. Лазар Богша ўбачыў, як абодва яго гаспадары — майстар крыжа і аўтар "Слова" — нізка схілілі галовы перад госцяй.
Яна была не зусім прыгожая, а калі казаць праўду, дык і зусім непрыгожая. I не таму, што твар яе быў пасечаны маршчынамі. Яна была непрыгожая ад самай маладосці. У яе быў акруглы твар, на якім ляпіўся тонкі, з гарбінкай нос, дужа расплюснуты ўнізе, з мясістымі закрылкамі. Можа, таму верхняя губа выглядала надта кароткай і тонкай. Ніжняя, наадварот, была адкапылена ўніз, надаючы падбародку яшчэ больш масіўны выгляд. На гэтым груба выцесаным твары, бадай, толькі вочы прыцягвалі ўвагу: сінія вялікія вочы, якія, праўда, ужо досыць пабляклі, сталі падобны на неба ў познюю восень. Да ўсяго жанчына нават пад кажухом выглядала нязграбна: было ў яе постаці нешта мужчынскае — ніякіх адзнак мяккай жаноцкасці.
Читать дальше