Толькі цяпер Богша сцяміў, што не ведае, дзе шукаць Ефрасініну келлю. Здаецца, у царкве.
Ён пайшоў вобмацкам, як сляпы, трымаючыся сцяны, і нечакана для сябе апынуўся ў царкве. У ёй, з-пад самага купала, звешвалася на тонкай пяньковай вяроўчыне панікадзіла — сем рознакаляровых лампадак у каваных падстаўках-трымальніках. Лампады кідалі на царкву мройнае святло, падобнае на няяркую вясёлку.
Богша прыгадаў, што такое прымітыўнае панікадзіла з лампадак ён бачыў некалі ў музеі Рафаіла Долі. Тады ён не звярнуў на яго ўвагу. Можа, і сам Доля не ведаў, які трымаў скарб.
Няма ўжо ні Долі, ні панікадзіла, ні іканастаса, ні самога музея. Хутка не стане і яго, Лазара Богшы, і тады наогул знікне памяць аб унікальнай калекцыі, як знікла памяць аб тым, хто пачаў некалі яе збіраць, як знікла памяць аб тым, хто напісаў "Слова аб палку Ігаравым"...
Богша павярнуўся, каб пайсці адсюль, з гэтай славутай царквы, дзе ўсё нагадвала мінулае і навекі страчанае. У думках ён прасачыў доўгую гісторыю існавання Сафійкі, прыгадаў, напэўна, самую дзікую задуму каталіцкіх служак пана бога — сцерці наогул памяць аб былой славе Полацка. Не было яе, славы, не было гісторыі. Яна пачалася з таго часу, як Полацк трапіў пад уладу польскіх паноў і уніяцкіх епіскапаў. Таму яны не проста перасвянцілі Сафійку ў касцёл, а перабудавалі яе, надаўшы строгім формам абрысы шляхетнасці. Але строгія формы не лезлі ў шляхецкую апранаху напаказ. Яны, на злосць перабудоўшчыкам, вылазілі з гэтай апранахі. Богша быў рады, што адзін са свайго дваццатага стагоддзя ўдастоіўся гонару бачыць царкву Сафіі ў яе першазданным вобліку.
Дзве жанчыны з вялізнымі хатулямі, гнучыся пад іх цяжарам да падлогі, кіравалі з царквы на выхад. Богша не заўважыў, адкуль яны паявіліся. Ён пайшоў за імі.
Выйшаўшы на царкоўны цвінтар, жанчыны азірнуліся. Адна з іх была Ефрасіння.
— Куды ты? — спытаўся ён.
— У Сялец...
— Не магла дачакацца дня?..
— Ноч — мая ратавальніца...
Богша падумаў, што яму варта было б памагчы жанчынам. Але яны стаялі ўжо каля новай хаты, ад бярвення якой пахла смалой. Недзе за плотам ляніва разы два гаўкнуў сабака. Спадарожніца Ефрасінні паклікала яго, і ён замоўк. На высокім ганку паявілася постаць мужчыны ў белым — кужэльная кашуля дасягала яму да пят.
— Хто там? — спытаўся ён.
— Ладзіслава, брат Лазар, з княжной Прадславай, — адказала Ефрасініна спадарожніца.
Мужчына скаціўся па прыступках уніз, вызваліў Ефрасінню ад паклажы. Панёс хатуль у хату.
У хаце пахла жыллём, бярозавым дзягцярным духам і жалезнай акалінай. Богша спыніўся ў парозе. Навокал яго панавала чорная цемрадзь. Нібы ён зноўку трапіў у "чорную дзірку".
Дзесьці ў куце цяжка засоп кавальскі мех. У горне ўспыхнула колькі іскраў. Неўзабаве затрапятаў і агеньчык. Чорныя змрокі шарахнуліся па закутках. Перад Богшавым зрокам паўстаў пакой, які ён недзе ўжо бачыў.
"Гэта ж Лазара Богшы хата, — прамільгнула ў Богшавай галаве здагадка. — Калі я быў у ёй? Тады як жывыя здані прывезлі мяне і кінулі ў старажытным Полацку на марозе?.."
Сярод пакоя цяпер стаяла Ефрасіння. Яе спадарожніца, сястра Лазара Богшы. Ладзіслава, знімала з плячэй хатуль, каб пакласці яго на стол побач з хатулём Ефрасінні. На палацях ляжаў стары, няйначай, бацька Лазара Богшы. А сам Лазар Богша — майстар славутага крыжа для Спаскай царквы — стаяў каля горна, раздзімаючы ў ім агонь. Ён быў малады, яшчэ бязвусы, русавалосы і сінявокі.
Бацька Лазара ўсё прыглядаўся да начных гасцей.
— Ладзіслава, ці ты гэта? — спытаўся ён.
— Я, тата, з князёўнай Прадславай.
Стары споўз з палацяў, пакланіўся Ефрасінні.
— Слава табе, князёўна, на вякі...
— I табе, майстар Багуслаў, — адказала Ефрасіння.
— Які я майстар, — махнуў рукой стары. — Аслеп во... Цяпер ён майстар... А вы адкуль і куды, калі не тайна?..
— Тайну мы хочам пакінуць у цябе, майстра... Тваю і нашу тайну.
Яна развязала вузлы на хатулі. У святле горна ярка бліснула каваная аздоба кніжнай вокладкі.
— Пазнаеш, майстар, сваю работу?.. У ёй і часцінка маёй працы — летапіс княства Полацкага, складзены мною па летапісцах Брачыслававых і Усяслававых...
Стары майстар падышоў да стала. Дрыготкай рукой ён памацаў залатыя засцёжкі, акаваныя ражкі вокладкі, ікону богамацеры, устаўленую ў вокладку ў самым яе цэнтры.
— Мая работа, — пераселым ад хвалявання голасам сказаў ён. — Нягожа, князёўна, такую каштоўнасць цягаць у хатулі ўначы па горадзе...
Читать дальше