Лазар Богша не паверыў сабе: дзе ён, чаму і як апынуўся ў нейкай прасторнай келлі з лаўкай каля сцяны, грувасткім сталом у куце, над якім вісела лампадка перад трыма абразамі. Абразы зусім былі непадобны на тыя, якія Богша бачыў у цэрквах, саборах і музеях розных гарадоў. Няйначай, яны былі напісаны мясцовымі багамазамі на ліпавых дошках, так-сяк аздобленых арэхавымі рамкамі.
За сталом сядзела былая віцебская княгіня Звяніслава ў адзенні ігуменні, а перад ёю стаяла пасталелая княжна Прадслава — манашка і пад’ігумення.
Трэба ж такое! Хацеў пабачыць, як і чаму пайшла Прадслава ў манастыр і... правароніў. Богшу было прыкра за сваю непаваротлівасць. Во ўжо наздзекуецца з яго Баравік-Залеўскі! Каб хоць крыху атрэсціся ад назойлівай прыкрасці, Богша знарок бесклапотна сказаў:
— Хіба гэта так важна?..
— Важна, Богша, важна, — горача адгукнулася Ефрасіння. — Ты, як і мая дзядзіна Звяніслава, думаеш, што ў манастыр вядзе адна дарога — бязмежная вера ў Хрыста і царства нябеснае. Таму і ўяўляеш манахаў на адзін твар — чорны натоўп, як чарада гракоў увосень на мокрым полі. Ты памыляешся. Кожная з нас прыйшла сюды сваёй дарогай. I рознымі сцежкамі прадаўжаем ісці тут, у царстве адрачоных ад свету, прыстанішчы загубленых спадзяванняў і няспраўджаных надзей.
— Не кашчунствуй! — жахнулася ігумення.
— Хіба споведзь кашчунства? — спыталася Ефрасіння тым голасам, які бывае ў дзяцей і людзей з цвёрдаю верай. — На споведзі людзі прызнаюцца і не ў такіх цяжкіх грахах.
— Спавядаюцца дзеля таго, каб пазбавіцца грахоў, ты спавядаешся, каб множыць іх. Я не магу дапусціць у манастыры непаслушэнства. А ты толькі і робіш, каб манашкі не слухалі слова божага.
— Няпраўда, сястра і маці-ігумення, — спакойна запярэчыла Ефрасіння. — Я вучу іх думаць...
— Навошта? — здзіўлена спытала ігумення. — Навошта ім думаць, калі ёсць свяшчэннае пісанне? Вера ў яго пазбаўляе чалавека ад неабходнасці растрачваць душэўныя сілы свае на бязглуздае непатрэбства. Хто моцна верыць, таму няма над чым думаць. Той шчаслівы.
— Верыць можна ў тое, што здабыта і ўсвядомлена ўласным розумам.
— Памаўчы, — тупнула нагой ігумення. — Такім языком гаворыць сам д’ябал.
— Тады і языком Ісуса Хрыста гаварыў д’ябал, бо ён вучыў людзей не браць на веру вучэнне фарысеяў і кніжнікаў. Ён вучыў людзей думаць і такім чынам спасцігаць дабро і праўду.
Ігумення аж пазелянела ад слоў Ефрасіінні.
— Грахаводніца, на калені! — закрычала яна. — Ты дазваляеш сабе такое, бо дачка князя, а не простая манашка. Мне агоркла нарэшце цярпець гэта. Заўтра я адпраўлю цябе да епіскапа. Хай ён настаўляе цябе на пуць ісціны. Там, у святой Сафіі, у строгім затворніцтве, ты будзеш дзень і ноч перапісваць кнігі і, можа, праз іх спасцігнеш слова божае. Маліся, няшчасная, аб сваёй душы грэшнай!..
— Дзякуй богу, — радасна ўсклікнула Ефрасіння.
Богша здзівіўся яе прасветленаму твару.
— Марш у царкву!.. — загадала ігумення. — I на калені!.. На калені!.. Накладаю на цябе эпітымію ў сорак саракоў паклонаў перад іконай божай маці...
Падмятаючы падолам чорнай расы цвінтар, Ефрасіння спяшалася адбіць богу паклонаў сорак саракоў.
8
Падмятаючы падолам чорнай расы цвінтар, Ефрасіння спяшалася адбіць богу паклонаў сорак саракоў.
У царкве гарэлі свечкі. Злева на каленях малілася дзесяткі два жанчын. Справа чорнымі слупамі тырчалі некалькі манахаў у аднолькавых расах, падперазаных пяньковымі вяроўкамі. На ўзвышэнні, перад зачыненымі царскімі варотамі, спіной да тых, хто маліўся, стаяў нейкі свяшчэннаслужыцель з капой сівых валасоў, якія падалі лохмамі на плечы, абцягнутыя залатой рызай. Свяшчэннаслужыцель стаяў, распяўшы рукі, трымаючы ў іх святыя дары. Богша падумаў, што гэта і ёсць епіскап.
Епіскап схіліў галаву перад царскімі варотамі, павярнуўся тварам на царкву, бласлаўляючы манахаў і жанчын. Тыя падалі на падлогу, як падаюць ад ветру снапы на жытнёвым полі. Толькі Ефрасіння засталася стаяць сярод царквы, і гэтага не мог не заўважыць епіскап.
— Ідзі за мной, — загадаў ён Ефрасінні.
Несучы святыя дары на выцягнутых руках, епіскап пайшоў да дзверцаў справа ад царскіх варот. Жанчыны і манахі з вясёлым пошумам падымаліся з падлогі, хрысціліся лянівымІ ўзмахамі рукі, нібы не хапала сілы асяніць сябе размашыстым крыжам.
Царква ўвачавідкі апусцела. Яны з Ефрасінняй засталіся адны сярод каменных сцен, якія вянчаў недасягальны купал. Ефрасіння пайшла ад абраза да абраза, гасіла пальцамі свечкі — царква памалу патанала ў змроках, і ўсё больш выразна чамусьці вынікалі на абразах строгія твары святых. Яны наводзілі змярцвеласць і страх.
Читать дальше