Сват выхапіў з-за пазухі бурштынавыя пацеркі, надзеў іх на тоненькую шыйку князёўны.
Пацеркі не маглі не спадабацца, і князёўна сапраўды залюбавалася імі. А залюбаваўшыся, успомніла, што павінна і сама, як вучыла яе цётка, аддзячыць жаніху падарункам. Спачатку, вядома, трэба было знайсці жаніха сярод столькіх гасцей. Але гэта было няцяжка: жаніх сядзеў побач са старэйшым сватам. Прадславе паклалі на рукі цяжкі меч. Яна паднесла яго жаніху і завучана ўсміхнулася.
Богша быў расчараваны. Усё як у дрэнным сцэнарыі: прачытаўшы тры старонкі, можна беспамылкова сказаць, пра што будзе пісацца на трыццатай.
"Ах, гэтыя царкоўныя пісакі, — узлаваўся ён на манастырскіх біёграфаў Ефрасінні Полацкай, — панапісваюць абы-чаго. Так ужо яна і адмовіла жаніху і пайшла ў манастыр. Хто ў яе пытаўся, жадае яна ці не жадае выходзіць замуж. Ды і чаму яна павінна была адмаўляць жаніху?.. Хоць, чакай, чакай... Дыму без агню не бывае. Калі яна выйшла б замуж, дык як потым апынулася ў манастыры? Вось табе і загадка. Выходзіць, сцэнарый не такі і просты..."
Княжацкія слугі ўносілі ў пакой сталы, ужо застаўленыя стравамі. Разам з усімі Богша сеў за стол. Яму хацелася піць, але на сталах не было напіткаў. Хоць бы бярозавік. Во ўжо сапраўды сухі закон дык сухі — і крынічнай вады не выпрасіш!
Затое ў сватоў быў выдатны апетыт. Добра прыгледзеўшыся, Богша заўважыў, што сваты, як і браслаўскія мужыкі, часцяком хаваюцца за спіны суседзяў, задзіраюць галовы, аж выпінаюцца гарлякі, смокчуць з доўбаных пасудзін нейкае пітво, якое не толькі дадае апетыту, але і бесшабашнай весялосці, ад якой, папраўдзе, рабілася страшнавата. Можа, які дурань пакінуў іх яшчэ пры зброі? Можа ўсчацца такая бойка, што не ацалеюць і жаніх з нявестай.
Цвярозы Богша мог спадзявацца толькі на нейкі цуд. I ён паявіўся ў выглядзе дружынніка, заінелага па самыя вочы, які нечакана ўваліўся ў княскія харомы. За ім пракаціўся па сталах клубок белай пары, што ўварвалася з панадворка.
— Князь — закрычаў дружыннік, — яцвягі на Браслаў ідуць. Не падымецца сонца і на дзве ляхі, як яны будуць пад сценамі крэпасці...
Богша выбег на двор.
З-за лесу ўставала барвовае сонца, як на пажар.
Было дзіўна, як ён, Лазар Богша, не прыкмеціў, калі праляцела ноч. Можа, і не адна. Ён вярнуўся ў харомы.
Размазваючы па шчоках слёзы, у харомах плакала князёўна Прадслава.
7
Размазваючы па шчоках слёзы, у харомах плакала князёўна Прадслава.
— Ты чаго плачаш? — спытаўся Богша, пазіраючы, як уздрыгваюць вузкія дзіцячыя плечы князёўны.
— Хачу замуж, — усхліпваючы, адказала Прадслава.
— Цімох, — звярнуўся Лазар Богша да Баравіка-Залеўскага, які ляжаў на ляжанцы, — аддадзім Прадславу замуж за жмудскага княжыча...
— Няможна, — разважліва адказаў Баравік-Залеўскі.
— Чаму?..
— Па-першае, таму, што я строга прытрымліваюся жыція Ефрасінні, а па-другое, як мы яе потым падстрыжом у манашкі?..
— Падумаеш!.. У кіно ўсё можна, нават надзець штаны цераз галаву, — адказаў Лазар Богша.
Баравік-Залеўскі ўзлаваўся той штучнай злосцю, якую можна было ўспрыняць і за непаказную.
— Ты — дрэнь і лайдак, якіх не ведала чалавецтва са змрочных часоў Саванаролы. Можа, ты захочаш яшчэ пакласці Прадславу ў ложак з тым жмудскім княжычам?.. А трасцу табе! Я лепей задаўлюся на гнілой асіне, чым дазволю зрабіць з Прадславы разбэшчаную дзеўку. Зразумей, нягоднік, якіх не бачылі і ў эпоху японскага сярэднявечча, Ефрасіння была асветніцай. Ас-вет-ні-цай!.. I нявіннай! Чыстай, як крынічная вада ў студні маёнтка майго прадзеда, сябра і паплечніка Касцюшкі...
Баравік-Залеўскі ўссеў на свайго выпрабаванага канька; цяпер ён мог двое сутак сачыняць сваю радаслоўную, калі яго не спыніць.
— 3 мяне хопіць, здаюся, — падняў угору рукі Лазар Богша. — Я прашу толькі звярнуць увагу на князёўну, якая плача і кажа, што хоча замуж.
— Ну і што? — Баравік-Залеўскі вырачыў і без таго лупатыя вочы. — Вам, кіношнікам, прыходзяць у галаву адны банальнасці. Хіба вы можаце зазірнуць у глыб з’явы?.. Дудкі-с!.. Гэта можам зрабіць толькі мы, пісьменнікі. Вы, як тыя графаманы, якія троху навучыліся крэмзаць, абсалютна ўпэўнены, што можаце ствараць мастацкія творы. А гэта не творы, а хлусня і паскудства, ад якіх хочацца вымыцца ў гарачай вадзе. Ці мала што можа захацець князева дачка? Гэта звычайная для такога ўзросту гульня ў мамы і таты. Мне, Богша, надакучыла чытаць табе лекцыі пра той час, псіхалогію людзей, іх норавы і звычкі, гістарычны фон, на якім разгортваюцца падзеі ў нашым кінатворы.
Читать дальше