— Было мне ў сне бачанне дзіўнае, — нарэшце загаварыў ён глухаватым голасам. — З’явіўся да мяне анёл божы і кажа: "Пашлі рабу божую Ефрасінню ў Сялец, дзе царква святога Спаса. Там ёй належыць быць, маліцца за душы памёршых манахаў, якія жылі пры царкве да ўтварэння епіскапіі ў Полацку".
Епіскап гаварыў са шкадаваннем у голасе: ён нізавошта не адправіў бы Ефрасінню ў пахілую, занядбаную царкву, але ж на тое воля божая і не паслухацца яе вялікі грэх. Богша адчуваў, што гэтае шкадаванне — прытворства, за якім хаваецца нешта іншае, а таму з нецярплівасцю чакаў, што скажа Ефрасіння.
— Сапраўды бязмежна ўлада боская, — вытрымаўшы доўгую паўзу, сказала Ефрасіння і ўзняла вочы да абразоў. — I да мяне ў сне з’явіўся анёл божы і, пакланіўшыся, параіў пакінуць маленечкую келлю ў святой Сафіі і адправіцца ў Сялец, каб праўдай і верай служыць там Ісусу Хрысту. I не адзін раз пасланнік божы з’яўляўся мне ў сне, а тройчы запар. Так што я добра запомніла ягоныя анёльскія словы. У трэці раз ён паабяцаў мне, прападобны отча, узяць Сялец у поўнае маё карыстанне, бо ён і належаў майму бацьку яшчэ пры жыцці дзеда Усяслава.
Здалося, епіскап праглынуў аршын. Ён спрабаваў нешта сказаць, нечаму запярэчыць, але толькі хаўкаў ротам, як шчупак, выкінуты на гарачы пясок.
— Ён не мог так сказаць, — нарэшце ў епіскапа прарээаўся голас. — Ты лжэш, Ефрасіння.
— Гэта ты лжэш, отча. Анёл абяцаў сказаць і табе пра Сялец. Нядобра, прападобны отча, утойваць слова божае, бо гэта вялікі грэх.
— Як ты размаўляеш са мной? — узлаваўся епіскап.
— Нікуды я не стану перасяляцца, — рашуча сказала Ефрасіння. — Я прывыкла тут сустракаць сонца за чытаннем і перапісваннем кніг, а змрокі — за малітваю...
— Не сваёй справай ты занялася, князёўна,— папракнуў яе епіскап. — Князь гневаецца вельмі. Навошта ты, паддаўшыся дрэннаму прыкладу кіеўска-пячэрскіх старцаў, пішаш абы-што пра князёў. Адзін бог можа судзіць іх за справы іхнія. Манахам належыць замольваць свае і чужыя грахі, а не пнуцца ў свецкія справы. Хай мітусня людская і клопаты іх застаюцца за парогам царквы...
— Замольваючы грахі, мы міжволі прыгадваем свецкае быццё. Уцячы ад яго немагчыма, нават схаваўшыся ў глухіх нетрах лясоў. I ты ведаеш пра гэта, отча...
— Во і маліся! Святая візантыйская царква вучыць нас падтрымліваць князёў і воінства іх як паслядоўнікаў бога і яго анёлаў на зямлі.
— I забойствы таксама?..
— Пра што ты?.. На ўсё воля божая...
— Візантыйская царква пагрузла ў распустве і багацці. Ты, отча прападобны, таму і абараняеш яе, што сам ходзіш у дарагіх адзеннях і жывеш у цёплых пакоях, а бедны гараджанін мерзне ад холаду з восені да лета.
— Сыдзі ад граху падалей, — закрычаў епіскап. — Княжай і сваёй уладай загадваю — сыдзі!..
— Мяне можна выгнаць з Полацка, але ж праўда застанецца тут...
Ефрасіння крута павярнулася і выйшла, пакінуўшы Богшу на адзіноце з епіскапам.
— Навошта ж ты так, епіскап? — упікнуў яго Богша. — Ефрасіння жадае дабра і шчасця Полацкай зямлі.
Епіскап паглядзеў на Богшу, як на дзівака.
— На тое ёсць князь і веча, — сказаў ён. — Дужа ўсе разумныя сталі. Усе толькі і робяць, што клапоцяцца пра полацкую зямлю... Ефрасіння вечна будзе гарэць у пякельным полымі, а імя яе будзе забыта хутчэй, чым цела яе ператворыцца ў парахню. Яна нешта блюзніць пра праўду. А праўда ў кожнага свая. Маленечкая, а свая. У князя вялікая праўда, бо ён князь. У вечавога тысяцкага — меншая, але большая за праўду рамесніка ці дружынніка. Манаху не праўда патрэбна, а вера. Ефрасіння не праўду шукае, а ісціну, якая аднаму богу даступна. Грэх дужацца з самім богам. Таму і нам, манахам, ад яе дужяння адны страты і клопаты. Вунь яна надумала летапісы весці. Не толькі нашы князі, а кіеўскія, чарнігаўскія, суздальскія і смаленскія занепакоіліся. Навошта царкве з князямі спрачацца? Нам бы свае грахі замаліць. Яна ж яшчэ надумала Баянавы песні запісаць, бо дзеда яе Усяслава Баян славіў. А Усяслаў усім багам маліўся. Царства яму нябеенае, але царкве больш выгоды, каб пра яго менш ведалі.
— Дык што будзе з яе летапісам і песнямі Баяна? — спалохаўся Лазар Богша. — Можа, ты загадаеш іх знішчыць?..
— На тое княжая воля, — ухіліўся ад прамога адказу епіскап.
Богша падумаў, што трэба папярэдзіць Ефрасінню.
Ён выбег на двор.
Густая цемра ахутвала горад, і толькі ў небе сям-там свяціліся цьмяныя зоркі.
9
Густая цемра ахутвала горад, і толькі ў небе сям-там свяціліся цьмяныя зоркі.
Читать дальше