Неяк у маскоўскім Доме літаратараў, куды Богша зайшоў паабедаць і дзе на гэты ранні для нядзелі час сядзелі толькі тры знакамітыя пісьменнікі: паэтэса, празаік і публіцыст, Богшу пасадзілі за суседнім сталком, і ён міжвольна стаў сведкам іхняй дзіўнай гаворкі. Яны тады таксама гаварылі кожны пра сваё: паэтэса пра сэксуальную раскаванасць паэзіі, празаік пра рускі іканапіс, а публіцыст пра стойкасць абаронцаў аднаго з партовых гарадоў на Балтыцы ў Айчынную вайну, але гэта не шкодзіла ім разумець адно аднаго.
— Сусвет — адзіная сістэма, дзіўным чынам арганізаваная каля васемнаццаці мільярдаў гадоў назад. І чалавецтва не хаатычная сума індывідуумаў, а адно цэлае, жывы думаючы арганізм...
— Пад старасць спяваеш душой, якая спазнала вернасць, здраду, славу, зайздрасць, якая навучылася адрозніваць сапраўдныя каштоўнасці ад падробак пад іх.
— Свет, у якім мы жывём, ёсць свет, у якім жывём мы. Дзіўна, ці не праўда? I калі ў Сусвеце існуе адзіная сістэма, якая абумовіла з’яўленне чалавека і чалавецтва, дык чалавек і чалавецтва павінны імкнуцца да адзінага розуму планеты. Розум не можа дапусціць, каб чалавецтва ўзарвалася накшталт "чорнай дзіркі" і разляцелася па Сусвеце элементарнымі часткамі.
— А ты малайчына, што прыйшоў пакланіцца праху вялікага Усяслава Полацкага, — сказаў Баян.
Богша выглянуў з-за калоны. Божа літасцівы, ён жа знаходзіцца ў Полацкай Сафійцы! Але чаму ён апынуўся ў Сафійцы, на пахаванні князя Усяслава?
Нешта невыразнае мроілася яму праз напластаванне часу-прасторы, праз туман галактык і халодную плазму квазараў.
"А можа, няварта ламаць галаву, чаму і дзе я знаходжуся зараз, у гэта самае імгненне: на дарозе ў камфартабельнай машыне або ў акіяне на кволым плоціку, на фешэнебельным курорце або ў захудалай, правінцыяльнай турме? Нехта з вучоных сказаў, што калі б прырода "выбрала" крыху іншую паслядоўнасць лічбаў, дык свет быў бы зусім другім. Не выключана, што чалавека наогул не было б і не было б каму пазнаваць Сусвет. О, гэтая выпадковасць не ўсвядомленых яшчэ заканамернасцей ад чатырох тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў у Сусвеце да пяці рэцэптараў, якімі чалавек пазнае свет такім, якім ён, можа, і не існуе ў сапраўднасці! Відаць, сэнс заключаецца ў тым, каб чалавек асэнсоўваў яго ўсюды, куды ні трапіў бы на сваім жыццёвым шляху".
Думка гэтая супакоіла і адцягнула Богшаву ўвагу ад другараднага. Зрэшты, пакуль што ён не мог выдзеліць тое галоўнае, на што павінен скіраваць сваю ўвагу.
— Прызнаюся, я зусім не здагадваўся, што ў труне ляжыць Усяслаў Полацкі, — прызнаўся Богша. — Ды і на пахаванне я трапіў выпадкова...
— Яго будуць хаваць не тут, у Полацку, а на Суі, — зашаптаў Баян. — I не па царкоўнаму абраду, па старому...
— I ты прымчаўся, каб спець мёртваму славу, як спяваў некалі славу Яраславічам, калі яны разграмілі Усяслава на снезе Нямігі? — Богша не стрымаўся, каб не ўпікнуць Баяна за ягоную беспрынцыповасць.
— Пра што ты гаворыш, няшчасны? — абурыўся Баян. — Пра якое паражэнне Усяслава на Нямізе?.. Ля ягонай труны ты ганьбіш вялікага воіна, чалавека і пакутніка, абылганага нядобразычліўцамі. I не славу я прымчаўся пець, а слухаць вялікі плач найвялікшай плакальшчыцы Рагнеды, сястры Усяслава і жрыцы-вяшчунні суйскага храма...
— Але ж прызнайся, што ты спяваў славу Яраславічам пасля Нямігскай бітвы, — не адставаў ад Баяна Богша.
— Спяваў, — прызнаўся Баян. — Як лёгка мы дакараем другіх, а пасля самі, стаўшы на іх месца, робім горшае і не чырванеем нават... А знаеш, Богша, з якіх слоў я пачаў славу Яраславічам пасля Нямігскай бітвы?.. "На Немизе снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от тела. Немизи кровави брезе не бологом бяхуть посеяни, посеяни костьми руских сынов..." Во з чаго я пачау славу Яраславічам.
— Гэта сказаў аўтар "Слова аб палку Ігаравым", — запярэчыў Богша.
— Гэта сказаў я. Толькі я мог сказаць такое, — узлаваўся Баян. — Я сам бачыў, як клаліся галовы воінаў на белым снезе. Я бачыў, як чырванелі ад крыві берагі Нямігі. Я стаяў на крутым беразе ракі і глядзеў на тую страшную бітву. Вось тады я, напэўна, упершыню падумаў, што не славу князям мне спяваць трэба, а плачам, раздзіраць іхнія сэрцы. Тады і пачала адступаць ад мяне маладосць безразважлівасці...
— А пасля, як Усяслава садзілі на княжацкі стол у Кіеве, хіба не ты спяваў славу Усяславу?..
— Ну, я... I не адзін я ўскладаў надзеі на Усяслава. Хіба ўпершыню такое, калі думаеш: нарэшце прыйшоў той князь, які ўстановіць на зямлі мір, парадак і справядлівасць?..
Читать дальше