Кінуўшы позірк у глыбіню стагоддзяў, Богша злавіў сябе на тым, што памятае фараонаў, цароў, імператараў, ханаў, шахаў, военачальнікаў, кіраўнікоў паўстанняў, ведае войны, якія яны вялі, бітвы, якія выйгравалі або прайгравалі. Але ж гісторыя гэта не толькі правіцелі і бітвы...
Дык пра што ён павінен гаварыць богу, каб той добра зразумеў, ад чаго і каго ён у свой час адступіўся? Богшу не хацелася паказваць чалавецтва, вываленым у брудзе і крыві. Яму хацелася ўзвысіць чалавечы род перад богам. Расказваць богу пра веліч і прыгажосць чалавека і ўсяго чалавецтва. А веліч і прыгажосць чалавецтва зусім не стасуюцца да войнаў і бітваў, як бы іх ні называлі ў гісторыі, бо гэта кроў, калецтва, гвалт, слёзы, смерць. А майстэрства палкаводцаў? Што гэта як не ўменне забіваць людзей, каб потым справіць nip на касцях пераможаных. Яно магло выклікаць у бога агіду і раскаянне, што ў свой час не ўзарваў і Зямлю, закончыўшы тым самым эксперымент на біялагічнай аснове.
Богшу не хацелася даць богу хоць маленечкі шанец на апраўданне. Хай бы адчуў, што кідаць створаную ім жа істоту, а тым больш узрываць планету не толькі амаральна, але і злачынна.
Тады пра што ён павінен расказваць богу? Хіба пра духоўную культуру чалавецтва? Але ж і ў ёй гучыць водгулле крывавых войнаў і бітваў. Вядома, гучыць, але на якой ноце? Во ў чым сакрэт. Во чаму такі жывучы старадаўні эпас розных народаў. Сакрэт — у ноце дабра і справядлівасці, якімі прасякнуты паданні і міфы, быліны і сказанні. На ёй, адной гэтай ноце, створана ўся народная культура.
У Лазара Богшы была магутная памяць на паэтычныя творы. Ён ведаў ледзь не ўвесь старажытны індыйскі эпас, паэтычныя міфы Сярэдняй Азіі, "Іліяду" Гамера, "Песню песняў" Саламона, скандынаўскія сагі, фінскую "Калевалу", нямецкую "Песню пра Нібелунгаў", цудоўныя сказанні амерыканскіх індзейцаў і, вядома ж, рускія быліны і самы цудоўны помнік усходнеславянскай культуры — "Слова аб палку Ігаравым".
Богша з натхненнем чытаў урыўкі з шэдэўраў сусветнай літаратуры, каменціраваў іх, усяляк падкрэсліваючы высокі духоўны ўзровень чалавецтва. Сапраўды, было што чытаць, пра што расказваць. Можа, толькі тут, у гэтай "чорнай дзірцы", Богша і сам, як ніколі раней, адчуў веліч чалавецтва, яго духоўную сілу і моц, ягоную прыгажосць і непаўторнасць і не ў тым, што яно вынайшла порах, гармату, кулямёт і розныя складаныя машыны, якія вырабляюць усё гэта на згубу чалавецтва, а ў тым, што стварыла помнікі архітэктуры, скульптуры, карціны, песні і паданні — памяць пра сябе і свае пачуцці.
На жаль, ён мог ілюстраваць свой расказ пра культуру чалавецтва толькі паэтычным словам. Гаварыць пра выяўленчае мастацтва, музыку і архітэктуру ён не хацеў. Баяўся, што не хопіць дакладных і вобразных слоў, каб данесці да бога і гэтыя здабыткі чалавечага генія. Таму ў канцы свайго чытання паэзіі Богша коратка сказаў богу: "А чалавецтва яшчэ стварыла найвыдатнейшыя шэдэўры жывапісу, скульптуры, архітэктуры, музыкі, расказваць пра якія нельга бездапаможнымі тут словамі. Музыку трэба слухаць, а творы выяўленчага мастацтва — глядзець. Але павер мне, яны бываюць мацней за слова".
Бог сядзеў уражаны пачутым. Ён плакаў.
Можа, яму было сорамна, што некалі не разгледзеў у кволай істоце, якая сапраўды мела мноства заган і недахопаў, такі патэнцыял інтэлекту, пра які ён, бог, не мог і марыць.
— Я хацеў бы загладзіць сваю віну, — выціраючы рукавом слёзы, сказаў бог. — Можа, я буду чым-небудзь карысны чалавецтву?
Захоплены высокай паэзіяй, духам дабрыні і праўды, якая перамагае крыўду, Богша неяк забыўся на страшэнныя супярэчнасці ў пакінутым ім свеце. На жорсткія войны, у якіх гіне самы цвет чалавецтва, яго надзея і будучыня — моладзь, на голад, бяспраўе, прывід ядзернай вайны, якая можа ў адно імгненне спапяліць цывілізацыю, здабытую такой дарагой цаной.
Цяпер ён успомніў пра ўсе цяжкія хваробы чалавецтва і ледзьве стрымаўся ад спакусы папрасіць бога пазбавіць чалавецтва ад іх. Гэта так было проста — папрасіць. Але Богша паспеў падумаць: а як чалавецтва ўспрыме ягоную гэтую просьбу? Хто ўпаўнаважваў яго? Ён хацеў ужо адмовіцца ад божай дапамогі, ды зноў яго ахапілі сумненні. Адмаўляючыся ад такой спакуслівай просьбы, ён, Лазар Богша, бярэ на сябе вялікую адказнасць. А што, калі чалавецтва не здолее ўтрымаць рукі вар’ятаў, якія трымаюць атамныя бомбы? Тады ён і ніхто другі будзе вінаваты ў атамнай вайне, у знішчэнні жыцця на Зямлі.
Яму было над чым падумаць. Некалькі разоў ён гатовы быў папрасіць бога, як дарослыя сынкі просяць, не чырванеючы, сваіх бацькоў даць ім грошай на набыццё японскага магнітафона. Але вера ў чалавека і чалавецтва перамагла.
Читать дальше