Яна прыгадвала кожную яго бітву, для кожнай знаходзіла адметныя яркія фарбы, аж думалася, што ў кожнай удзельнічала і яна сама. Яна хваліла розум і дабрыню Усяслава, ягоныя клопаты пра Полацк, ягоную вернасць старым законам і адданасць полацкай зямлі.
То было хвалюючае апавяданне пра князя-воіна, дбайнага гаспадара, добрага сем’яніна, заступніка крывічоў ад варожых нападаў. I ўжо не слязамі смутку і горычы плакалі жанчыны, а замілаванасці да князя і радасці, што ім давялося жыць пры такім разумным і справядлівым князі.
А ўжо і новыя інтанацыі паявіліся ў голасе Рагнеды — даверлівы, шчыры, заглыблены роздум пра чалавечае жыццё і адказнасць тых, хто застаецца жыць, перад вялікім нябожчыкам. Богша зразумеў, што песня-роздум скіравана нашчадкам князя. Яна як клятва, як павучанне ім, але без той лабавой дыдактыкі, да якой папрывыкалі людзі ў канцы дваццатага стагоддзя.
Што праўда, Богшу ў Рагнедзіным роздуме больш захапляла прафесійна-мастацкая аздоба песні, а не канкрэтны яе адрас, нават не сам змест і падтэкст, які, чулася, укладвала Рагнеда ў свае паэтычныя разважанні. Захапляла прыгажосць і дакладнасць метафар, якія не ўскладнялі думку, а набліжалі яе да слухачоў, рабілі больш выразнай і ўспрымальнай.
Напэўна, тут, як нідзе, падыходзілі паэтавы словы наконт кавалка жыцця, скупога і шэрага, з якога паэт стварае найчароўнейшую легенду.
Лазар Богша быў захоплены філіграннай інструментоўкай гэтай па-майстэрску выкананай імправізацыі, хоць увесь пачуты Богшам плач быў бездакорны па мастацкай завершанасці.
Было нязвычна, нават святататна стасаваць гэтыя словы: "майстэрства", "мастацкая завершанасць", "інструментоўка" да плачу — выяўлення вялікага чалавечага гора ў словах, што нараджаюцца ў душы. Але ўсе іншыя вызначэнні не змаглі б растлумачыць пачуццёвага ўздзеяння плачу на чалавека.
"Дык паэзія і ёсць пачуццё, выказанае ў словах-вобразах, — лішне завучана падумалася Богшу. — Але пачуццё гэтае было шчырым, а не па-акцёрску сыграным. Любоў, нянавісць, спагада, гнеў, спачуванне, страта, дабрыня, зло... Як здорава навучыліся мы іграць гэтыя пачуцці перад публікай. "Мяне хвалюе... Я занепакоены... Я абураны... Я ўзрадаваны..." Чорта два цябе хвалюе, непакоіць, радуе. Проста пішаш, іграеш ролю, бо трэба нешта рабіць, а больш нічога рабіць не ўмееш. Дзе ўжо шукаць пачуццяў!.. Таму і заглыбляемся ў бытавыя дэталі. Дэталяў шмат, а думак і пачуццяў мала. Ды і дзе іх возьмеш, сядаючы за пісьмовы стол кожны божы дзень?"
— Не прыемлю... Вось гэта і не прыемлю, — раздражнёна сказаў Баян, абарваўшы Богшаў роздум пра паэзію.
Богша здрыгануўся. Здалося, Баян падслухаў ягоныя думкі. Аж зрабілася прыкра. Думку і тую нельга схаваць ад старонніх вушэй. Ну і свет!
— Я думаў пра вялікую спадчыну, што засталася нашчадкам, — чамусьці стаў апраўдвацца Богша. — Не пра грошы і рэчы; яны — парахня і пыл, а пра духоўныя здабыткі і, у першую чаргу, пра мастацкае слова...
— Словы таксама розныя, — заспрачаўся Баян. — Яны павінны ўзвышаць, не апускацца да ніцай травы чалавечых штодзённых клопатаў. Яны вартыя гусляў, а не дудкі свінапаса, якая збірае статак.
— Ты адмаўляеш роздум у паэзіі? — спытаўся Богша.
— Я адмаўляю паэзію, якая заклікана павучаць. Каго? Сыноў Усяслававых? Іхніх жонак і дзяцей? Заблуджэнне і марнасць! Павучаць іх усё адно, што прасіць галодных піліпаўскіх ваўкоў захоўваць парадак каля зарэзанага зубра. Ці адзін раз дзеці князёў разрывалі Кіеўскую Русь. I сыны Усяслава не лепшыя. Разарвуць полацкую зямлю на кавалкі. Рагнеда песню сапсавала, калі вучыла ёю нашчадкаў Усяслававых жыць у міры і дружбе. Так яны і паслухаюць. Вунь стаіць Давыд — сын Усяславаў — з дзецьмі. Ён водзіць дружбу з Алегам, сынам Святаслава Яраславіча. А той, што стаіць пасярэдзіне, Барыс, абапіраецца на Уладзіміра, сына Усевалада Яраславіча. А Глеб, князь Мінскі, верны саюзнік сыноў Ізяслава Яраславіча, бо жанаты на дачцэ Яраполка Ізяславіча. Памятаеш, як тры Яраславічы піравалі на Нямізе пасля таго, як спалілі Менск? Здавалася, дружбе іх не будзе канца да смерці. Дзе там! Так рассварыліся, што прымірыць ваду з агнём лягчэй, чым іх. Усе гэтыя нашчадкі Яраслававы грызуцца між сабой, як сабакі за абгрызеную костку. Ды каб жа толькі між князямі не было згоды. Манахі, папы ды ігумены таксама не ў згодзе. Полацкі епіскап, верны візантыйскай царкве, падтрымлівае Давыда, і разам выступаюць супраць Пячэрскага манастыра. А малодшы сын Усяславаў, Георгій, як і Ізяславічы, звязаны з Пячэрскім манастыром. А Пячэрскі манастыр вораг Уладзіміру Усеваладавічу... Не, Богша, не справа песняроў і плакальшчыц лезці са сваімі павучаннямі. Пясняр павінен быць салаўём, а не варонай, якая каркае, павучаючы сваіх дзяцей.
Читать дальше