Рагнеда кончыла плач на высокай ноце. Здалося, зазвінеўшы парвалася залатая струна...
— Мір вам і бласлаўленне Макошы, маці ўсяго існага, — павіталася яна з пляменнікамі, іхнімі жонкамі і дзецьмі, з усім людам, што стаяў у царкве. Ёй адгукнуўся нястройны хор мужчынскіх і жаночых галасоў.
— Мір і бласлаўленне вам Перунова, — грымнуў з прытвора царквы басавіты голас, чуты ўжо Богшам у "чорнай дзірцы".
У царкве стаяў мажны стары з доўгім кіем, якім ён з усяе сілы грукнуў аб каменную падлогу.
— Хто гэта? — спытаўся Богша ў Баяна.
Той здзіўлена ўзняў вочы на Богшу, нібы перад ім было дзіця, якое пры людзях ляпнула нешта недазволенае.
— Перуноў вяшчун, слава яму на вякі. Непасрэдны нашчадак сапраўдных крывіцкіх князёў...
Нашчадак крывіцкіх князёў нізка схіліў галаву перад вяшчуняй суйскага храма Рагнедай.
— Мужайся, — сказаў ён ёй, хоць у той і не было роспачы. — Душа Усяслава ў калясніцы Перуновай зараз будзе ўзнесена на аблокі, прыстанішча Перуна.
Ён зноў грымнуў аб падлогу кіем, нібы збіраўся выкрасаць з яе агонь, і — во дзіва з дзівосаў, якіх не даводзілася бачыць Богшу, — раптам бліснула маланка, зацьміўшы святло мноства свяцільнікаў, па царкве пранёсся віхор і загрымеў гром, нібы па бруку пранесліся калёсы.
Усе, хто быў у царкве, пападалі ніцма, не смеючы глядзець, як Пярун забірае да сябе на аблокі душу полацкага князя. Адзін Богша застаўся стаяць, абапёршыся на калону і спадзеючыся нешта пабачыць.
Ды нішто не адбылося. Патухла хіба дзесяткі тры свяцільнікаў, і кволы дымок ад іх падымаўся пад царкоўны купал, раствараючыся там, як ранішні туман пасля ўсходу сонца.
Затое на дварэ, здаецца, пачыналася навальніца. Богша выйшаў на каменны ганак. За агароджай стаялі чатыры чорныя кані з прывязанымі да іх насілкамі. Чатыры хлопцы трымалі коней за павады, азіраючыся на царкоўныя дзверы.
А з-за Дзвіны, адтуль, дзе за лесам раскінулася возера Суя, паўзла сюды чорная грукатлівая навальнічная хмара.
5
А з-за Дзвіны, адтуль, дзе за лесам раскінулася возера Суя, паўзла сюды чорная грукатлівая навальнічная хмара.
Мусіць, на ёй і спяшаўся ў Полацк паганскі бог Пярун па душу вялікага князя Усяслава. Ён грукатаў так моцна, аж здавалася, расколваецца неба і зямля ўздрыгвае ад страху.
Вясна толькі пераваліла на другую палову красавіка, але першая навальніца абрынулася не на голы лес; маладая лістота за тры апошнія дні апранула дрэвы ў любімы палачанамі зялёны колер. На сугрэве ўжо раскашавала сон-трава і ярка жаўцелі кветкі дзьмухаўца па схілах Дзвіны і Палоты. Усё гэта магло б радаваць, каб не смерць князя. Сярдзіты Пярун, па ўсім, і нагадваў людзям аб смерці.
Палачане стаялі за агароджай. Рэжысёрскім позіркам Богша прайшоўся па натоўпе. На тварах людзей выразна бачылася трывога. Богша і сам адчуў яе. Можа, таму, што першая чвэрць дванаццатага стагоддзя ўсё яшчэ заставалася для яго тайнай Полацкага княства пасля смерці князя Усяслава. Ды і потым на карце гісторыі Полаччыны вучоныя не сцерлі белыя плямы — нібы іх назнарок накідала нейкая несумленная рука.
Тайны заўсёды трывожаць...
Богшу захацелася пайсці ў натоўп, каб распытаць у каго пра апошнія гады жыцця Усяслава, пра яго трох старэйшых сыноў. Дзе, у якіх удзелах яны пачалі жыць пасля смерці бацькі? Якраз у гэты час труну пад галашэнне дачок, нявестак і ўнучак Усяслававых пачалі выносіць. Загаласілі і полацкія жанкі, можа, не так па князю, як ад страху перад будучыняй.
Шасцёра дружыннікаў, што неслі труну, паставілі яе на насілкі. Чатыры паганятыя селі на коней і рушылі ў дарогу. За імі — дружыннікі, князі; на цяжкіх калёсах — жанчыны. Працэсія памалу выпаўзала за царкоўны двор.
Шлях быў няблізкі, да возера Суя, і Богша падумаў, што яму туды не дайсці. Чамусьці страшэнна балелі ногі, а ў грудзях пякло. Аднак і заставацца тут не хацелася. Навошта?.. Ён нічога тут не забыў. Нішто яго тут не цікавіла. Богша прыладзіўся ў хвост працэсіі, паклыпаў, цяжка валочачы хворыя ногі.
Як бы на развітанне Полацка з князем, раптам крыж-накрыж бліснула маланка і адразу, без роздыху грымнуў пярун, аж пазакладала вушы. Вялізны, у чатыры абхваты дуб, што стаяу за Палатой, на вачах людзей раскалоўся напалам, абедзве палавіны грузна абрынуліся на зямлю.
Богша падумаў, што працэсіі варта было б перачакаць навальніцу, але ніхто не звярнуў на яе ўвагу. Хмара, не праліўшы дажджу над Полацкам, распаўзлася па небе.
Ён так і не заўважыў усёй дарогі да возера, што звівалася па лесе, нібы рачулка-пятлянка ў сухую пару года, збіраючы з крыніц кволыя ручайкі халоднай вады. Ён убачыў сябе на краі атуленай сасновым борам паляне, сярод якой узвышаўся недаступна грозны язычаскі бог Пярун, а вакол яго па вяршынях правільнага васьмівугольніка гарэлі свяцільнікі.
Читать дальше